HomelDays_Logo_Main-mobil

Вялікі, але не першы: як Гомель і Гомельшчына губляюць пазіцыі ў Рэйтынгу беларускіх гарадоў

Новы Рэйтынг беларускіх гарадоў ад Цэнтра новых ідэй паказаў нечаканую, але трывожную карціну: Гомель, другі па колькасці насельніцтва горад краіны, не ўваходзіць нават у топ-5 гарадоў краіны і саступае меншым і больш дынамічным мястэчкам. Яшчэ больш выразна праблемы бачны на ўзроўні ўсёй вобласці — ад Мазыра да Рагачова. “Штодзень” вырашыў разабрацца што адбываецца з гарадамі Гомельшчыны — і чаму ўсход Беларусі губляе пазіцыі?

Другі горад краіны — толькі восьмы

Папярэдні Рэйтынг беларускіх гарадоў пабачыў свет у 2022-м годзе і яго новая версія дазваляе яшчэ больш выразна ацаніць трэнды ў развіцці населеных пунктаў краіны. Так, Гомель — другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі — заняў у даследванні толькі 8-е месца. Наперадзе апынуліся не толькі сталіца і абласныя цэнтры, але і Мазыр ды Смалявічы.

Графік: ЦНІ

 

Гэтая пазіцыя выглядае асабліва сімвалічна: памер горада і яго прамысловая база, якія доўгі час лічыліся яго галоўнай перавагай, больш не гарантуюць поспеху. Рэйтынг ацэньвае гарады па пяці вымярэннях — эканоміка, дэмаграфія, якасць жыцця, інфраструктура і турыстычная прывабнасць — і менавіта ў гэтых катэгорыях Гомель і гарады рэгіёну ўсё мацней адстаюць. Але гэта не выключэнне, а частка больш шырокага трэнду: усход Беларусі паступова губляе пазіцыі ў параўнанні з захадам.

Горад над Сожам спрабуе зрабіць добрае ўражанне праз актыўнасць у сацсетках – так кіраўнік гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў у Беларусі вылучаецца тым, што мае нават персанальны Тэлеграм-канал (з больш чым 25 тыс. падпісантаў) дзе рэгулярна прасоўвае вынікі сваёй дзейнасці. Але агульнай карціны гэта не мяняе: другі па велічыні горад краіны не паказвае адпаведных яго маштабу і магчымасцям пазіцый у Рэйтынгу.

Са станоўчага Гомель вылучаецца тым, што трапіў у ТОП-3 гарадоў краіны па забяспечанасці лекарамі на 1 тыс. насельніцтва з паказнікам 6,73. Аднак праблемы ў развіцці горада і адсутнасць выразных перспектыў будзе ўсё больш актуалізаваць перад яго жыхарамі пытанне аб пераездзе ў іншыя месцы або нават краіны.

Сенсацыя рэйтынгу: Мазыр — новы кароль Поўдня

На фоне астатніх гарадоў вобласці выразна вылучаецца Мазыр, які ўскочыў на сёмае месца (у папярэднім Рэйтынгу ён быў на 10-м) і абагнаў абласны цэнтр. Горад дэманструе адносна моцныя эканамічныя паказчыкі, што шмат у чым звязана з працай нафтаперапрацоўчай галіны. Гэта дазваляе падтрымліваць больш высокі ўзровень даходаў і занятасці.

Але нават у гэтым выпадку ёсць важная агаворка: поспех Мазыра ў значнай ступені залежыць ад аднаго сектара. Гэта робіць горад уразлівым да знешніх шокаў — ад санкцый да ваганняў рынкаў, што ўжо адбылося з такімі гарадамі як Наваполацк або Жодзіна якія моцна згубілі свае пазіцыі.

Прамысловы пояс: ад стабільнасці да выжывання

Буйныя і сярэднія гарады Гомельшчыны паказваюць, як складана сёння функцыянуе мадэль “горад-завод”.

Жлобін (27 месца) і Светлагорск (33 месца) сталі галоўнымі ахвярамі санкцыйнага ціску. Калі раней БМЗ ці “Хімвалакно” гарантавалі росквіт, то цяпер залежнасць ад аднаго гіганта ператварылася ў пастку. Светлагорск пры гэтым дэманструе адзін з самых істотных спадаў у эканамічным вымярэнні па ўсёй краіне.

Рэчыца (16 месца) захоўвае неблагія заробкі дзякуючы нафце, але мае “цёмны бок”: горад апынуўся сярод антылідараў па ўзроўні злачыннасці. Высокія даходы тут суседнічаюць з сацыяльнай неўладкаванасцю.

Транспарт і крызіс: Калінкавічы супраць Рагачова

Цікавы парадокс дэманструюць Калінкавічы (17 месца): не маючы статусу нафтавага раю, горад трымаецца ў сярэдзіне спіса за кошт сваёй ролі лагістычнага хаба. Гэта прыклад таго, як геаграфічнае становішча дазваляе захоўваць стабільнасць нават у часы агульнага спаду. Але для росту і развіцця гэтага недастаткова.

На іншым полюсе — Рагачоў (37 месца). Горад замыкае спіс гарадоў вобласці і знаходзіцца ў стане хранічнага крызісу ўжо не першы раз. У папярэднім Рэйтынгу горад нават трапіў у групу гарадоў “Усходняя бездань”, што досыць маляўніча але трапна апісвае іх стан. Праблемы тут ва ўсім: ад эканомікі да дэмаграфіі. Рагачоўская згушчонка, канешне ж, застаецца брэндам (і самай лепшай у Беларусі)), але сам горад, на жаль, перастае быць месцам, дзе хочацца жыць. Гэта пацвярджаецца і тым, што Рагачоў мае самы вялікі адсотак людзей непрацаздольнага ўзросту – 31,7%.

Скарачэнне як новая норма: дэмаграфія і медыцына ў мінусе

Сёлетні Рэйтынг завастрыў для Гомельшчыны тыя праблемы, якія зараз маюць і іншыя населеныя пункты краіны. Самымі істотнымі з іх з’яўляюцца дэпапуляцыя і старэнне насельніцтва.

Усе гарады рэгіёну згубілі ў колькасці насельніцтва за апошнія гады. Сярод прычынаў гэтага можна назваць як наступствы каронавіруса так і ад’езд вялікай колькасці беларусаў з краіны з-за рэпрэсій, вайны ва Ўкраіне і адсутнасці эканамічных перспектыў. І гэты трэнд заўважны ў Рэйтынгу амаль для ўсіх гарадоў Беларусі. Прырост паказалі толькі Мінск, Смалявічы, Брэст і Гродна. Заходнія абласныя цэнтры за гэтыя гады прыраслі больш чым на 5 тыс. гараджан кожны, у той час як Гомель згубіў амаль 3 тысячы сваіх жыхароў.

Яшчэ адзін заўважны нават у афіцыйнай статыстыцы трэнд гэта змяншэнне колькасці лекараў, пра каторае ўжо не першы год кажуць эксперты. З гарадоў Гомельшчыны невялікі прырост паказалі толькі Рэчыца ды Гомель, а вось тыя ж Светлагорск ды Калінкавічы за гэты час згубілі 5% і 7% свайго медыцынскага персанала адпаведна. Для жыхароў гэта азначае даўжэйшыя чэргі і меншую якасць дапамогі.

Гарады рэгіёну дэманструюць невысокую ў параўнанні з іншымі гарадамі краіны турыстычную прывабнасць. Гэта можа быць наўпрост звязана з недастатковай працай уладаў над папулярызацыяй адпачынку ў гарадах вобласці. Гомельшчына практычна не канкуруе за ўнутраны і знешні турызм.

З пазітыўных фактараў можна прыгадаць хіба што падзенне ўзроўню злачыннасці. Гэтую тэндэнцыю, таксама вядомую сярод даследчыкаў як “Big crime drop”, дэманструюць і гарады Гомельшчыны. Так Мазыр, Гомель і Жлобін з 2022-га года прадэманстравалі падзенне колькасці крымінальных злачынстваў больш чым на 15%. А Рагачоў прадэманстраваў рэкорднае падзенне на 26,53%. А Рэчыца хоць і прадэманстравала падзенне амаль на 16%, але ўваходзіць у ТОП-3 самых крымінальных гарадоў Беларусі па колькасці зарэгістраваных выпадкаў нароўні з Асіповічамі ды Барысавам.

Стабільнасць, якая больш не ратуе

Гомельшчына — яркі прыклад таго, як мадэль развіцця, якая доўгі час дазваляла развіваць асобныя гарады паступова вычарпала сябе.

Прамысловасць забяспечыла рэгіёну стабільнасць у мінулым, але сёння яна ўжо не гарантуе ані росту, ані ўстойлівасці. У той час як іншыя гарады — асабліва на захадзе краіны — шукаюць новыя крыніцы развіцця, асабліва ў дыверсіфікацыі эканомікі і развіцці турызма, Гомель і яго суседзі застаюцца ў стане інэрцыі.

І галоўнае пытанне цяпер — як доўга такая “стабільнасць без развіцця” можа захоўвацца. У любым разе трэнд на адставанне, нават у параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі, не можа радаваць і з гэтым трэба неадкладна нешта рабіць.

Штодзень

Аўтар: Жан Д’Арк

Чытаць па тэме:
У Гомелі прасоўваюць турыстычны маршрут па падарожжу расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ
Насаджаецца стаўленне да нашых гарадоў як да малацікавых
Доктар з Мінска назвала праблемы Гомеля — горад адказаў
Пяць значных аб’ектаў Гомеля ад архітэктара Джона Кларка
Гомель і Жлобін – у топе прамысловых гарадоў Беларусі з брудным паветрам
Гомель узначаліў рэйтынг пераследу за «экстрэмізм»

Слайдар пастоў