Гомель узначаліў рэйтынг пераследу за «экстрэмізм»

by ZB

Гомельшчына зноў у сумных лідарах: па звестках правабааронцаў, у абласным цэнтры пакараных па арт. арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмізму» у 2023 годзе найбольшая колькасць. У рэкардсменах таксама Чыгуначны раён Гомеля.

Паводле інфармацыі «Вясны», у цэлым да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП за год было прыцягнута мінімум 2791 чалавек. Гэтая лічба можа быць значна большай, бо не ўся інфармацыя вядомая. З іх было арыштавана мінімум 342 чалавекі агулам на 6 548 сутак. Аштрафана мінімум 254 чалавекі агулам на 370 703 рублёў або 112 260 долараў. Пры гэтым найбольш пакараных «за распаўсюд экстрэмізму» – у Гомелі (339 выпадкаў). У сумным топе таксама Мінск (254) і Гродна (219).

«Абвінавачванні паводле арт. 19.11 КаАП зрабіліся ўніверсальным інструментам адвольных рэпрэсій, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які нярэдка ўжываецца некалькі разоў запар за, напрыклад, некалькі выяўленых матэрыялаў у сацыяльных сетках», — адзначылі ў дакладзе юрысты.

Другі рэкорд паставіў Чыгуначны суд Гомеля. Усяго двума рашэннямі ён прызнаў «экстрэмісцкімі» 105 і 89 старонак у інтэрнэце.

Агулам у 2023 годзе суды Беларусі прынялі 888 рашэнняў аб унясенні інфармацыйнай прадукцыі ў “рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” (у 2022 – 637 рашэнняў).

Сярод новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» за год — 22 кнігі, 2 “раёнкі”, 6 песняў, 2 кліпы і адзін тэкст песні, 7 стыкераў-пакаў і сотні Telegram-каналаў, -чатаў, старонак у сацсетках, медалі, чайлд-фры суполкі.

Сярод самых абсурдных рашэнняў праваабаронцы называюць прызнанне кліпа і тэксту песні «Экстрэміст» гурта «Дай Дарогу», паведамленне ў чаце з часоў пратэстаў, кнігі Альгерда Бахарэвіча, Ларыса Геніюш, Уладзіміра Некляева, Наталлі Арсенневай, зборнік вершаў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, каляндар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi», словазлучэнне «Полк Каліноўскага», марафон салідарнасці «Не маўчы».

Нагадаем, навуковец Сяргей Бесараб у кастрычнік 2023 года прааналізаваў, як змяніўся партрэт беларускага экстрэміста за год. Сёлета экстрэмістаў у Беларусі паболела ўдвая. Сярод асноўных высноў навукоўца: назіраецца павелічэнне колькасці жанчын, а пальму пяршынства па колькасці прысудаў з Мінскам падзялілі рэгіянальныя суды, сярод якіх Гомель і Жлобін.

У 2022 і ў 2023 годзе Гомель з’яўляўся адным з лідараў па колькасці экстрэмістаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png