HomelDays_Logo_Main-mobil

Музыкант Tor Band Яўген Бурло ў калоніі страціў магчымасць хадзіць

Былы палітвязень Ігар Лосік у сваіх сацсетках паведаміў пра крытычны стан здароўя зняволенага музыканта гурта Tor Band Яўгена Бурло, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі ў Віцебску.

“Вось да чаго даводзяць людзей у лукашэнкаўскіх турмах. Колькі ўжо загінула добрых людзей… Яўген Бурло перасоўваецца толькі на мыліцах. У яго астэапароз абедзвюх ног. На правай ужо зрабілі аперацыю — ён прайшоў праз месяцы пакут, бо вы разумееце, як у турэмных умовах выглядае аперацыя і рэабілітацыя. Гэта было пекла. Цяпер тэрмінова патрэбная аперацыя на другой назе. Яго чамусьці пратрымалі паўгода ў СІЗА КДБ, сказалі напісаць на памілаванне роўна год таму, але адвезлі назад у лагер і не выпусцілі”, — напісаў Лосік.

Паводле яго слоў, Бурло не можа нармальна хадзіць, а жыццё ў такім стане ва ўмовах лагера становіцца фактычна катаваннем.

Яўген Бурло — музыкант з Рагачова, удзельнік рок-гурта Tor Band. Гурт стаў вядомым у 2020 годзе дзякуючы песням, што гучалі на пратэстах па ўсёй краіне. У кастрычніку 2024 года ўдзельнікаў гурта асудзілі на вялізныя тэрміны пазбаўлення волі — да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — фактычна за музыку і тэксты песень. Сам Бурло атрымаў 8 гадоў зняволення. Яшчэ на абвяшчэнні прысуду было вядома, што музыкант мае сур’ёзныя праблемы са здароўем: ён з цяжкасцю перасоўваўся на мыліцах, у яго дыягнаставалі некроз тазасцегнавых суставаў. Нягледзячы на гэта, суд прызначыў рэальнае зняволенне.

Штодзень

Слайдар пастоў