У Мазыры вуліца Камсамольская можа стаць вуліцай Філарэта

by homieldays

У Мазыры вырашылі правесці дэкамунізацыю. Але штосьці пайшло не так. Мазырскі раённы савет дэпутатаў абвясціў правядзенне грамадскіх слуханняў аб перайменаванні часткі вуліцы Камсамольскай. Аднак такая ініцыятыва спадабалася не ўсім жыхарам горадам. Справа ў тым, што частку вуліцы Камсамольскай плануюць перайменаваць у гонар Мітрапаліта Філарэта. У адказ гараджане запусцілі петыцыю “Супраць перайменавання завулка ў гонар Мітрапаліта Філарэта”.

Ініцыятары петыцыі звяртаюць увагу, што “Мітрапаліт Філарэт не мае ніякага дачынення да Мазыра, яго гісторыі, культуры, развіцця. Ён нарадзіўся ў Маскве.” Жыхары горада прапаноўваюць назваць завулак Міхайлаўскім – так, як ён называўся некаторы час таму.

Перайменаваць частку вуліцы Камсамольская ў вуліцу Філарэта прапанавала тапанімічная камісія Мазырскага райвыканкама. Чыноўнікі лічаць, што “неабходна ўвекавечыць памяць мітрапаліта за ягоны шматгадовы ўнёсак у духоўнае адраджэнне беларускага народа, развіццё міжканфесійнага дыялогу.”

Дарэчы, “Штодзень” нядаўна пісаў, што вуліца Мітрапаліта Фларэта з’явіцца і ў Гомелі. Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб перайменаванні вуліцы Крапоткіна. І гэтая ініцыятыва, як і ў Мазыры, таксама выклікала незадаволенасць у часткі гараджанаў і мясцовых краязнаўцаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png