У Гомелі з’явіўся блогер, відэа якога набіраюць сотні тысяч праглядаў. Ён здымае агляды на рэстараны, раіць месцы са смачнай шаўрмой і прасоўвае праўладныя мерапрыемствы. А яшчэ ён запатрабаваны вядучы на вяселлях. Хто гэты каларытны вусач, падобны на Чапаева з вядомай савецкай кінастужкі?

Міша Картошкін
У Інстаграме і ў ЦікТок актыўнічае гомельскі блогер, вядомы пад творчым псеўданімам Міша Картошкін. З нядаўніх відэа – асвятленне Дня памежніка, які адзначаўся ў Гомелі рыхтык ля абласной Управы КДБ, свята сям’і на набярэжнай, відэа з параду 9 мая. Ідэалагічна зараджаныя сюжэты разбаўляюцца кароткімі ролікамі з аглядамі рэстаранаў, школы барабаншчыкаў і акцый ад гандлёвых сетак. Некаторыя відэа блогера набіраюць сотні тысяч праглядаў. Аўтар сюжэтаў стаў настолькі папулярным, што яго запрасілі на тэлебачанне да ўдавы нябожчыка Уладзіміра Макея Веры Паляковай, дзе ён, праўда, адзначыўся шэрагам парадаксальных заяваў. У прыватнасці, заявіў, што для тэатральнага акцёра не патрэбная адукацыя. Гэтаму тэзісу, здаецца, здзівілася нават Вера Палякова.

Фота: скрыншот з сайта гомельскага абласнога драмтэатра
Псеўданім Міша Картошкін узяў сабе акцёр Гомельскага абласнога драмтэатра Міхаіл Грышачкін, які вучыўся на мясцовым гістфаку. Той факт, што чалавек без спецыяльнай акцёрскай адукацыі больш за 10 год атрымлівае першыя ролі ў абласным драмтэатры сведчыць пра кадравы голад у дадзенай галіне.
“Штодзень” звярнуўся да калег Міхаіла Грышачкіна, якія далі яму характарыстыку: “Міша з гомельскага абласнога дарос да інтэрв’ю Веры Паляковай! Ва ўсіх тут шок! Ён яшчэ ж і блогер, які рэкламаваў мерч першага, таму яго прасоўваюць па кар’ернай лесвіцы. І ён яшчэ і ставіць спектаклі збіраецца. Хочацца запытаць, колькі кніжак прачытаў Міша наогул?! Ведаю, што малавата. Хаця ён арганічны на сцэне, але паказальны сам факт, што нават у інтэрв’ю ён гаворыць, што і адукацыя тэатральная не патрэбная, і кнігі мастацкія ён не чытае. Як асобу яго мала хто “пераварвае” ў тэатры. Але калі ты будзеш верна служыць “лініі партыі”, то і мазгі не трэба, можна марыць аб пастаноўцы ў тэатры…”
Паразбіраўшыся трошкі ў фактах біяграфіі Мішы Картошкіна, мы даведаліся, што, хутчэй за ўсё, блогер карыстаецца магчымасцю рабіць кар’еру ва ўмовах, калі незалежная тэатральная сфера разгромленая, блогерства вынішчанае пад корань. У такіх абставінах вельмі лёгка манетызаваць сваю актыўнасць пры дэманстрацыі лаяльнасці.
Картошкін атрымлівае граматы за супрацоўніцтва з міліцыяй
Некаторыя знаёмыя Мішы сцвярджаюць, што насамрэч ён не такі “дурны”, якім спрабуе выглядаць.
“Пакуль Міша вучыўся на гістфаку, ён быў апантаны гісторыяй, шмат каму казаў, што Макушнікаў (вядомы гомельскі археолаг Алег Макушнікаў – заўвага рэд.) неверагодны чалавек і педагог, і шмат чаго яму даў па жыцці. Удзельнічаў у раскопках. А потым кінуў гэта ўсё. Спачатку стаў весці вяселлі, пайшоў у шоумэны. Тут добрай адукацыі не трэба”.