Да нядаўняга часу мабілізацыя ў Расіі (дакладней, у СССР) аб’яўлялася толькі два разы за ўсю гісторыю – 18 ліпеня 1914 г. (падчас Першай сусветнай вайны) і 22 чэрвеня 1941 г. ( падчас Другой сусветнай).
Сведкі тых часоў сцвярджалі, што мабілізацыя праходзіла ва ўмовах вялікага патрыятычнага ўздыму, ішла масавая падача заяў аб добраахвотным уступленні ва Узброеныя Сілы. Людзі, якім афіцыйна дазвалялася не служыць у войску па інваліднасці, узросце ці іншых прычынах, спрабавалі падрабіць дакументы, каб уступіць у рады войска, паток добраахвотнікаў ніколі не сканчаўся.
У мяне няма прычын не верыць сведкам – шматнацыянальны народ, як любілі тады казаць, уздымаўся на барацьбу, каб выгнаць са сваей зямлі акупантаў, абараніць свае хаты, сваіх дзяцей, сваю будучыню.
Цяпер гэтак жа ўзнімаюцца ўкраінцы. Хто не можа ісці ў войска – ідзе ў тэрытарыяльную абарону, валанцёрыць альбо дапамагае грашыма.
Што датычыцца сённяшняй расейскай мабілізацыі – яна нагадвае мне нямецкую 1943 г., якая павінна была папоўніць чалавечыя страты і задаволіць запатрабаванні Вермахта. Кіраўніцтва Германіі старалася прывучыць немцаў да думкі, што вайна будзе працяглай і жорсткай “бітвай за існаванне”, якая патрабуе новых ахвяр і намаганняў. На замену загінулым дасведчаным вайскоўцам накіроўваліся людзі з неваенных галін гаспадаркі, у Вермахт была прызвана і частка насельніцтва акупаваных краін.
Як паказала гісторыя, рэсурс прызыўнікоў, якія не валодалі элементарнымі ведамі ваеннай справы, вычарпаўся за пару месяцаў. Такія батальёны неслі велізарныя страты ў баях, нягледзячы на дасведчаных камандзіраў. Тое ж самае адбывалася і з савецкага боку. Ідэя “закідаць праціўніка трупамі” не спрацоўвала ніколі. Выкарыстанне гарматнага мяса не гарантуе поспех і перамогу.
Не дзіўна, што мабілізаваныя сучасныя офісныя супрацоўнікі ў РФ задаюцца пытаннямі: А куды за паўгады падзелася хвалёнае войска прафесіяналаў? А чаму я павінен ваяваць за чужыя яхты і палацы? А чаму дэпутаты сваіх дзяцей на фронт не адпраўляюць? А нам дакладна патрэбна тая вайна?
Тэлевізійны памыйнік напрацягу многіх гадоў казаў: патрэбна. Бо вакол ворагі, якія толькі і жадаюць захапіць нашу найбагацейшую краіну ды забараніць Пушкіна з Леніным. І ўвогуле белае – гэта чорнае, а чорнае – гэта белае. Прынамсі, расейская тактыка заўсёды заключалася ў тым, каб укласці ў галовы людзей ілжывыя ідэі, якія будуць паўтарацца як іх уласныя. Але ж сітуацыя на прызыўных пунктах паказвае зваротнае.
Вось і атрымліваецца ў Расіі не войска, а кепска ўзброены дэмаралізаваны натоўп, у якім пануюць хаос, разлад і дэзарганізацыя.
Расея ідзе па шляху гітлераўскай Германіі – і атрымае тое ж. Рэалізацыя плана “маланкавай вайны” не спраўдзілася, назапашанага ўзбраення хапапіла б толькі для хуткай перамогі, эканоміка Германіі не магла працаваць толькі на патрэбы вайны. Таму яе пасляваенны стан быў катастрафічным. У 1946 г. прамысловая вытворчасць складала 1/3 ад даваеннага ўзроўню, вытворчасць сталі скарацілася ў 7 разоў, здабыча вугалю ўпала больш чым у два разы, на дзесяцігоддзі была адкінута назад сельская гаспадарка, большая частка прамысловых прадпрыемстваў была разбурана. Нямеччына пазбавілася 25% сваёй тэрыторыі, кожны другі немец не меў працы. Высокая інфляцыя, картачная сістэма, спусташэнне дробных прадпрымальнікаў, таварны дэфіцыт катастрафічна адбіліся на жыццёвым узроўні насельніцтва.
Такі быў той кошт, які нямецкі народ заплаціў за гітлераўскую авантуру.
Што спыніць расейскую агрэсію, дакладна не ведае ніхто. Украінцы сцвярджаюць, што ім неабходна сучасная зброя для перамогі, хтосьці кажа, што плынь цынкавых трунаў ці зніжэнне ўзроўня жыцця можа паўплываць на рашэнні Крамля, іншыя лічаць, што Пуцін не адступіць, пакуль не даб’ецца жаданага. Ды і любую паразу праўладныя СМІ могуць паднесці насельніцтву як перамогу.
Вось у чым розніца.
Ва Украіне жыве і змагаецца народ. Народ валодае пэўнымі грамадзянскімі, палітычнымі правамі і свабодамі.
А ў Расеі, большай часткай, пражывае насельніцтва – інэртная маса, якая можа мяняцца ў сваёй арыентацыі пад уплывам падзей. Насельніцтва не валодае правамі і свабодамі, яно здольнае толькі на лакальныя бунты, якія душацца сілавымі структурамі, і не ўяўляе для рэжыму вялікай пагрозы.
Працэс трансфармацыі доўгі і балючы. Каб нарадзіўся народ, насельніцтва павінна навучыцца абараняць свае правы. І беларусы гэтыя ўрокі вывучылі.
Штодзень
Аўтар: Мар’яна Ліс