Маці палітвязня Іллі Міронава: “унутры душа плача, а слёз няма”

by homieldays

У Беларусі 14 кастрычніка будзе адзначацца Дзень маці. Улады з гэтай нагоды рыхтуюць розныя прапагандысцкія мерапрыемствы. І наўрад ці хтосьці з іх узгадае мам палітзняволеных. “Штодзень” паразмаўляў з маці валанцёра Іллі Міронава Валянцінай Міронавай. Ейны сын ужо год знаходзіцца ў СІЗА. Ён абвінавачваецца паводле арт 369 КК “Абраза прадстаўніка ўлады” і арт. 130 КК “Распальванне варожасці ці варажнечы”.

Ілля Міронаў разам з мамай Валянцінай

 

Штодзень: Што адчувае маці, ведаючы, што ейнае дзіця несправядліва знаходзіцца за кратамі. Якія ў вас эмоцыі ўсе гэтыя дні, пакуль Ілля ў зняволенні?

Валянціна Міронава: Ой, цяжка сказаць, што я адчуваю. І абуранасць, і злосць, і такая трывожнасць вялікая. Таму што я па лістах Іллі бачу і нават па размовах, хто з ім сутыкаўся, што ў яго вельмі цяжкі псіхалагічны стан. Ніхто ў СІЗА ўвагі не звяртае на гэта, гавораць, што ён здаровы. Нібыта ў яго псіхасаматыка. Але я так разумею, што нават калі і псіхасаматыка, яна ж не на пустым месцы з’явілася. Ілля рэальна сябе кепска адчувае. Ды нават калі псіхасаматыка, усё роўна трэба нейкія меры прымаць. А там махнулі на яго рукой. Аднак я адчуваю, што Ілля ў адчаі. Падаецца, вось-вось суд будзе, штосьці на ім вырашыцца. Але ўсё роўна ў кожным лісце я чую ягоны крык.

Цяпер я ўся ў надзеі, што магчыма яго адпусцяць. І калі яго адпусцяць, то першай справай яму трэба будзе пралячыцца. Тым болей з нараджэння ў яго пэўныя праблемы ёсць, бо так атрымалася, што былі цяжкія роды. І  праз гэта ён стаяў у неўрапатолага на ўліку пэўны час. Канешне, усё гэта сказваецца на ягоным стане.

Штодзень: Як вы ўяўляеце той дзень, калі Ілля выйдзе на волю. Напрыклад, што прыгатуеце?

Валянціна Міронава: Нават не ведаю. Я вырашыла для сябе ўвогуле не думаць, што я буду гатаваць, калі Ілля выйдзе на волю. На ўсялякі выпадак. Нічога не набываю загадзя. Ніякіх планаў не будую, што я яму прыгатую. Выйдзе – і будзем думаць. Галоўнае, каб выйшаў. А проста загадваць нават не хачу.

Ілля віншуе маці з Днём нараджэння

 

Штодзень: А што мацярынскае сэрца падказвае, калі выйдзе Ілля на волю? Ці ёсць надзея на цуд? Менавіта не на суд, а на цуд?

Валянціна Міронава: Надзея ёсць канешне. Але баюся спалохаць гэтую надзею. Хочацца верыць у найлепшае. Але мы ж у такі час непрадказальны жывём, што баюся нават падумаць. Але канешне надзея ёсць.

Штодзень: Вы часта плачаце праз тое, што з Іллём так паступілі? Ад гэтай несправядлівасці?

Валянціна Міронава: Як ні дзіўна, напэўна, гэта кепска, але я не плачу з гэтай нагоды. Я плакала, калі яго першы раз у жніўні ці верасні 2020 года затрымалі. І я Іллю не магла знайсці, бегала,  плакала, і дождж на вуліцы быў, і я бегала ўся ў слязах. А цяпер я не ведаю чаму, але я не плачу. Напэўна, я моцная. Як Ілля піша ш лістах: ты моцная, ты вытрымаеш. Ён за гэтым час у лістах часта развітваўся са мной. Маўляў, што можа не дажыць. Тым не менш, унутры душа плача, а слёз няма. Слёзы за гэты час былі. Істэрыкі пару разоў былі: першы раз, калі вайна ва Украіне пачалася. І праз некаторы час, другі раз, пасля таго, як я ў ІЧУ пабывала. Не праз сябе плакала. Проста неяк была істэрыка, ажно да жаху, такі стан кепскі быў.

Маці Іллі на адным з судоў над Іллём

 

Штодзень: У Беларусі цяпер многа мам чакаюць сваіх дзяцей са зняволення, якіх затрымалі за ўдзел у пратэстах ці сімволіку. Хтосьці з затрыманых прызнаны палітвязнямі. А хтосьці нават баіцца сказаць, што дзеці за кратамі. Што б вы параілі мамам, якія цяпер у Беларусі чакаюць сваіх дзяцей са зняволення?

Валянціна Міронава: Цярпення. Цяпер шмат залежыць ад нас: ад мам, ад татаў ад родных і блізкіх. Трэба не баяцца гэтага. Я, напрыклад, не хаваю ні ад каго, дзе знаходзіцца сын і за што ён сядзіць. Трэба трымаць сябе ў руках, трэба быць моцнай. Дзеля нашых дзяцей. Ды і не толькі дзеля іх, а таксама дзеля блізкіх.

Ілля Міронаў быў затрыманы па крымінальнай справе, акую распачаліся за каментарыі пасля гібелі КДБшніка Дзмітрыя Федасюка ў кватэры мінскага it-спецыліста Андрэя Зельцэра.

Ілля Міронаў – валанцёр, заснавальнік ініцыятывы “Пішыце лісты”.
Адрас для лістоў:  СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Ілля Уладзіміравіч Міронаў.

Штодзень https://t.me/shtodzien

https://t.me/shtodzien

Фота: ФБ-акаўнт Іллі Міронава

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png