Самыя старажытныя драўляныя культавыя пабудовы ў свеце і ў Беларусі

Працягласць жыцця драўлянага будынка: статыстычны аналіз

by ZB

Займаючыся вывучэннем драўлянай архітэктуры Гомеля, мне часта даводзілася даказваць важнасць яе захавання для нашага горада, для нашай краіны, піша кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў на старонках выдання Мова Гомель. І кожны раз адным з самых галоўных “аргументаў” маіх апанентаў была мантра пра тое, што драўляная архітэктура “недаўгавечная”, у адрозненне ад каменнай архітэктуры. Таму, маўляў, які сэнс яе захоўваць, калі гэта ўсё-роўна не навечна і праз колькі дзясяткаў гадоў “яно ўсё роўна згніе і разваліцца”.

“Даўгавечнасць” – гэта такі ўмоўны тэрмін. А вось статыстыка – рэч бесстаронняя. З яе дапамогай можна лёгка прасачыць, ці сапраўды ў драўлянай архітэктуры такі звыш кароткі тэрмін выкарыстання.

Храм і пагада ў Хору-дзі ў Японіі

Самым старым драўляным будынкам у свеце лічыцца храм і пагада ў Хору-дзі ў Японіі, якія былі ўзведзены ў 700 г. нашай эры. За час свайго існавання храмавы комплекс неаднаразова паднаўляўся ў XII, XIV, XVII стагоддзях. Але лічыцца, што каля 15-20 % будаўнічых матэрыялаў захаваліся з першапачатковага ўзвядзення.

Самым старым драўляным будынкам Еўропы з’яўляецца царква святога Андрэя ў Грынстадзе (Эсэкс, Вялікабрытанія).

Яна была ўзведзеная, паводле гістарычных крыніц, у 845 г., а паводле дэндрахраналагічных даследаванняў, – у сярэдзіне ХІ ст. Пазней да храма былі далучаны цагляная прыбудова ў 1500-гг і вежа ў XVII ст., што трохі змяніла першапачатковы вобраз будынка, але не адмяніла яго пяршынства сярод захаваных драўляных пабудоў Еўропы.

 

У Нарвегіі захавалася некалькі драўляных храмаў – стаўкірак, узведзеных у ХІІ ст. – стаўкірка ва Урнэсе (каля 1130 г.) і багата аздобленая драўлянай разьбой стаўкірка Хопэрстад (1140 г.). Ёсць у краіне таксама і драўляныя храмы XIII-XVI ст.

Найстарэйшы драўляны будынак у Польшчы – гэта касцёл архангела Міхаіла ў Дамахове каля Познані.

Да нядаўняга часу лічылася, што касцёл збудаваны ў 1568 г., аднак дэндрахраналагічныя даследаванні 2019 г. паказалі, што касцёл збудаваны ў 1369 годзе.

Амаль аднагодкам з дмахоўскім храмам з’яўляецца касцёл святога Мікалая ў Тарнаве Палускім, у Вялікапольскім ваяводстве, які паводле дэндрахраналагічных даследаванняў быў узведзены ў 1373-1374 гг.

Самай старой драўлянай пабудовай у Расеі лічыцца царква Уваскрашэння Лазара, на воставе Кіжы. Паводле прынятай гістарычнай традыцыі, гэтая царква была пабудавана святым Лазарам Мурамскім, які памёр у 1391 г. (адпаведна храм быў узведзены да гэтай даты). Даследаванні самога храма паказалі, што ён быў пабудаваны паміж XIV і XVI ст. Сёння храм з’яўляецца часткай музейнага комплекса ў Кіжах.

Другім па старажытнасці драўляным храмам у Расеі лічыцца царква Рызапакладання з сяла Бародава ў Валагодскай вобласці на поўначы краіны. Храм быў асвечаны ў 1485 г., што пазней было пацверджана і дэндрахраналагічнымі даследаваннямі. Улічваючы ўнікальную старажытнасць гэтага храма, яшчэ ў 1930-х гг. (!) спецыялістамі было прапанавана перанесці цалкам увесь будынак з сяла Бародава ў Кірыла-Белазерскі манастыр, што і было ажыццёўлена ў 1957 г. У час пераносу храма былі выкананы і пэўныя рэстаўрацыйныя работы – былі адноўлены дранкавае пакрыццё даху і іншыя дэталі, таксама замянілі тры (!) бярвенні ў сценах.

Царква ў Бародава

Самым старажытным драўляным будынкам Украіны з’яўляецца царква ў сяле Калоднэ ў Закарпацкай вобласці, якая была ўзведзена ў 1470 г. У 1800 г. царкву перанеслі на новае месца, дзе яна стаіць і зараз.

царква ў сяле Калоднэ

Самым старым драўляным будынкам Беларусі з’яўляецца царква святога Мікіты ў сяле Здзітава, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці.

Храм быў пабудаваны ў 1502 г. і ў форме яго высокага завостранага даху хаваюцца перажыткі архітэктуры готыкі. Як бачым, самы стары драўляны беларускі храм па ўзросце прыблізна адпавядае самым старым храмам захаваным у нашых бліжэйшых суседзяў – XIV-XV ст.

Успенская царква ў сяле Кашэвічы

Самым старым драўляных будынкам у Гомельскай вобласці з’яўляецца Успенская царква ў сяле Кашэвічы, Петрыкаўскага раёна, пабудаваная ў 1642 г. у традыцыях палескай школы драўлянай архітэктуры.

царква св. Мікалая ў сяле Старая Беліца

Самым старым храмам Гомельскага раёна з’яўляецца царква св. Мікалая ў сяле Старая Беліца, каля аграгарадка Урыцкае пад Гомелем. Дакладная дата пабудовы храма, на жаль, покуль не вядомая, згодна даступным гістарычным звесткам ён быў узведзены ў 1730-я альбо ў 1770-я гг. Па сваім архітэктурным выкананні царква з’яўляецца яркім і рэдкім захаваным на ўсходзе Беларусі прыкладам барочнай архітэктуры і адной з самых прыгожых драўляных цэркваў нашай краіны.

Самым старым драўляным будынкам горада Гомеля з’яўляецца стараабрадская царква святога Іллі на вуліцы Камісарава.

Царква была ўзведзеная ў 1793 г. З дазволу ўладальніка горада графа Мікалая Пятровіча Румянцава. Гэтая царква ветліва сустракае ўсіх, хто ўязджае ў наш горад праз мост з боку Навабеліцы. Аднак узвядзенне на беразе Сожа забаўляльнага комплекса ў бліжэйшы час значнай меры знішчыць гэтую ідылічную карціну.

Самы стары драўляны будынак у бліжэйшых да Гомельшчыны суседзяў – гэта царква Раства Багародзіцы ў сяле Стары Ропск, у Клімаўскім раёне Бранскай вобласці Расеі (90 км на ўсход ад Гомеля). Яна пабудаваная ў канцы XVII ст. у традыцыях барока


З прыведзеных прыкладаў можна пабачыць, што пры належным даглядзе драўляныя будынкі нават самых складаных канструкцый і форм могуць захоўвацца стагоддзямі, радуючы і натхняючы своеасаблівымі архітэктурнымі вобразамі кожнае новае пакаленне. Адпаведна, усе прэтэнзіі наконт “недаўгавечнасці” драўляных будынкаў з’яўляюцца маніпуляцыяй, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.

На жаль, драўляныя храмы, як і іншыя прыклады архітэктуры мінулага, у савецкі перыяд актыўна і масава знішчаліся па ўсім СССР, у тым ліку і ў Беларусі.

Бо ўспрымаліся аб’екты як ідэалагічна варожыя па сваёй сутнасці і непатрэбныя для “правільнага” выхавання савецкага чалавека. Шмат храмаў не перажыло таксама і Другую сусветную вайну. Таму колькасць захаваных да нашых дзён такіх аб’ектаў вельмі малая. А на Гомельшчыне, праўдападобна, іх колькасць найменшая ў параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі.

З набыццём Беларуссю незалежнасці сітуацыя трохі змянілася . Драўляныя храмы, якія перажылі савецкі час, нарэшце перасталі знішчаць. Большасць з іх была ўключана ў дзяржаўны спіс гістарычных помнікаў. Належным чынам падтрымліваецца іх фізічны стан. Аднак ніводны з драўляных храмаў Гомельшчыны, на жаль, не закранула ўсебаковае навуковае даследаванне, у тым ліку тэхнічнае, ужо не кажучы пра рэстаўрацыю. Мала ў якім з драўляных храмаў Гомельшчыны змогуць пахваліцца наяўнасцю гістарычнай даведкі, аб’ёмам большай за напісанае ў Вікіпедыі. Ні ў водным з іх не праводзіліся дэндрахраналагічныя даследаванні. Адпаведна, рэдкі храм мае навукова пацверджаную дату сваёй пабудовы. Аднак, нягледзячы на ўсе пералічаныя складанасці, захаваныя драўляныя храмы самі сабой з’яўляюцца важнейшым жывым аргументам у спрэчцы аб важнасці захавання драўлянай архітэктурнай спадчыны для нашай краіны. Засталося толькі, каб гэтая важнасць была ўспрынята і ўсім беларускім грамадствам, а не толькі даследчыкамі.

Штодзень

Аўтар: Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png