Навіны горада

82 гады з моманту ліквідацыі Рэчыцкага гета

Што не так з палітыкай памяці афіцыйных уладаў?

82 гады таму нацысты канчаткова знішчылі Рэчыцкае гета. У выніку карнай аперацыі загінулі каля 3000 габрэяў. Сярод забітых былі прабабуля і прадзядуля Барыса Балтэ – ізраільскага беларуса, які распавёў пра акалічнасці ваеннага злачынства і выказаўся на тэму дзіўнай палітыкі памяці беларускай дзяржавы ў дачыненні да падзей ІІ Сусветнай вайны.

Барыс Балтэ. Фота: акаўнт героя матэрыяла ў Фэйсбук

Барыс Балтэ:

20 снежня 1941 года Рэчыцкае гета было знішчана канчаткова, калі былі забітыя апошнія ягоныя жыхары. А ўвогуле нацысты правялі некалькі акцый па знішчэнні мясцовага габрэйскага насельніцтва, самая вялікая адбылася ў канцы лістапада 1941 года. У канцы снежня адбыліся апошнія акты забойства жыхароў гета. Мае прабабуля і прадзед былі забітыя непасрэдна на тэрыторыі гета. Злачынства здзейснілі немцы, мясцовыя калабаранты і славакі.

Барыс Балтэ, чые продкі непасрэдна пацярпелі ад рук карнікаў у гады акупацыі, звяртае ўвагу на крывадушную пазіцыю цяперашніх уладаў, якія спекулююць пытаннем нацыстоўскіх злачынстваў у палітычных мэтах: “Гэта выкарыстоўваецца ясна для чаго. Каб зганьбіць беларускі нацыянальны рух і сімволіку. Гісторыя ІІ Сусветнай – гэта адна з нешматлікіх тэм, якая можа аб’яднаць беларускае грамадства, таму яе перыядычна ўздымаюць. Сапраўды ўлады выкарыстоўваюць савецкую тэорыю пра “забітых мірных жыхароў”, не згадваючы, што менавіта габрэяў забівалі праз іх нацыянальнасць. Больш за тое, напрыклад, у Рэчыцы перад Дажынкамі на габрэйскіх могілках быў знесены помнік, які ў 1990-я гады пабудавала мясцовая габрэйская грамада. На яго месцы паставілі новы помнік, надпіс на якім быў па-расейску, у адрозненне ад старога, дзе выкарыстоўвалася мова ідыш. Невядома, з якіх прычын гэта было зроблена…”

 

 

Да 1941 года рэчыцкія габрэі складалі другую па велічыні нацыянальную групу (пасля беларусаў). Іх было больш за 20 тысяч чалавек. То бок у выніку ліквідацыі гета ў канцы 1941 года загінула больш за 10% рэчыцкіх габрэяў.

Штодзень