Навіны горада

Гомельскі аэрапорт больш прастойвае, чым працуе

У эру лоўкостаў мог бы віраваць жыццём

Адзін з паказчыкаў развіцця турыстычнай інфраструктуры – стан аэрапорта. Як магла б выглядаць гомельская “брама ў горад” і ў чым мы прайграем іншым населеным пунктам, вывучаў “Штодзень”.

Наколькі камфортным для вандроўніка з’яўляецца аэрапорт, можна ацаніць па шэрагу паказчыкаў.

БЛІЗАСЦЬ ДА ГОРАДА

Ад гомельскага аэрапорта да цэнтра горада трохі больш за 10 км. Гэта добры паказчык. Напрыклад, у значна меншым (135 000 жыхароў) Кутаісі турысту прыйдзецца пераадолець шлях у 20 км. У буйных населеных пунктах можа быць удвая больш. Так, у Мілане транспартныя хабы знаходзяцца на адлегласці 41 км (Мальпенса) і 51 км (Бергама) ад горада. Месца будовы аэрапорту у свой час было абрана добра: гул не павінен ствараць клопатаў жыхарам, і ехаць недалёка.

Аэрапорт Мальпенса (Італія). Фота: milan-malpensa.mydutyfree.net

 

НАЯЎНАСЦЬ ТРАНСПАРТУ

Звычайна найзручней даехаць да месца адлёту чыгункай. Цягнік не захрасне ў пробках, такі транспартны сродак камфорны і надзейны. Чыгунка ў кірунку аэрапорта ў Гомелі, на жаль, не пабудавана. Гэта дрэнна, але не крытычна – нават сталічныя гарады не заўсёды прапануюць такі транспарт. Так, у Варшаве па чыгунцы можна даехаць толькі да мястэчка Новы Двур Мазавецкі, а там давядзецца перасесці на аўтобус да аэрапорта Модлін.

Там, дзе аэрапорт месціцца недалёка ад горада, часцей за ўсё можна даехаць да яго гарадскім аўтобусам (што выгадна і тутэйшым, і турыстам). Напрыклад, ва Уроцлаве рэйсавы транспарт да аэрапорта ходзіць праз кожныя 20–30 хвілін. Некалькі год рэгулярных рэйсаў да гомельскага аэрапорта не было. Аўтобусны маршрут №59, які давязе ахвотных да месца адлёту, з’явіўся толькі некалькі месяцаў таму. Але праехацца па гэтым маршруце можна толькі пяць разоў на тыдзень.

Пагрузка рэчаў у самалёт у гомельскім аэрапорце. Фота: traveling.by

 

Адмысловых шатлаў (хутчэй і куды даражэй за звычайны рэйсавы аўтобус, але танней таксі) у Гомелі няма. Яно і зразумела: хто будзе імі карыстацца?

Самы прымальны варыянт даехаць да гомельскага аэрапорта – таксі. Сервісы-лоўкосты ў будны дзень давязуць за 15 руб. (каля 4 еўра, што зусім нядорага), у выходныя і гадзіны пік кошт можа быць куды вышэйшы.

КОЛЬКАСЦЬ РЭЙСАЎ І ІХ НАПРАМКІ

Самае галоўнае ў аэрапорце – колькасць кропак на планеце, куды можна з яго даляцець.

З Каўнаса (319 000 жыхароў) у межах аднаго толькі дня маюцца рэйсы ў 15 гарадоў Брытаніі, Швецыі, Італіі, Даніі і іншых краін. У Любліне (каля 340 000 жыхароў) у год  налічваецца недзе 3700 вылятаў і прылётаў, то-бок у сярэднім 5 рэйсаў у дзень.

З паўмільённага Гомеля на дадзены момант можна даляцець толькі ў Маскву. Але і ў гэтым кірунку дагэтуль было толькі 3 рэйсы на тыдзень, са снежня 2023 г. – 5 рэйсаў. Улетку аэрапорт трохі ажывае праз чартарныя рэйсы, але і вылятаў, і кірункаў няшмат. Скарыстацца імі могуць пераважна тыя, хто набыў пакетны тур.

НАЯЎНАСЦЬ ЛОУКОСТАЎ

Турыстыка ва ўсім свеце набыла масавы характар менавіта дзякуючы бюджэтнасці. Чакаць прылёту аматараў дарагога адпачынку ў горад, дзе няма ні мора, ні гор, ні рэшткаў антычнай ці сярэднявечнай забудовы, не кажам ужо пра люкс-гатэлі ці буцікі, не даводзіцца. Танныя квіткі ў іншыя краіны дазволіла б сабе куды больш гомельцаў, чым дарагія пералёты ад беларускага манапаліста.

Відавочна, што пакуль Беларусь не зробіць вольным і лёгкадаступным для замежных прыватных кампаній рынак авіяперавозак, гомельскі аэрапорт не напоўніцца пасажырамі.

СЕРВІС

Сярод водгукаў, якія пасажыры пакінулі на розных інтэрнэт-сервісах, негатыўных, на жаль, багата. Больш за ўсё скаргаў на адсутнасць крам, у тым ліку дзьюці-фры, і добрых кавярань (выбар у буфеце такі сабе, і ён часцей зачынены, чым адчынены), непрыемны водар у прыбіральнях (хапае нараканняў і на недастатковую іх колькасць), неналежнае ацяпленне ўзімку і брак кандыцыянераў улетку, адсутнасць рамонту.

“Арганізацыя кульгае. Па прылёце ўсе вымушаныя знаходзіцца, як кількі ў таматным соусе, у вузкім памяшканні перад пашпартным кантролем (яшчэ, як здзек, уключаецца нагадванне пра неабходнасць захоўваць дыстанцыю). Вельмі цёмны, стары, дзьюці-фры няма, ды і ўвогуле нічога няма акрамя кавярні (нармальная, можна пад’есці). Перад вылетам таксама для ўсіх ахвотных маленькая зала, натоўп, цесната, пакурыць немагчыма выйсці.” — Напісала інтэрнэт-карыстальніца Вольга водгук пра гомельскі аэрапорт.

Пры гэтым шмат наведвальнікаў засталіся задаволенымі прафесіяналізмам супрацоўнікаў і наяўнасцю кулера з бясплатнай пітнай халоднай і гарачай вадзіцай (звычайна ў аэрапортах нават самыя простыя рэчы каштуюць дорага). Таксама маецца банкамат і стаянка для аўтамабіляў.

Не дзіўна, што ў аэрапорце шмат чаго бракуе – без добрага пасажырапатоку ніхто ні будзе адкрываць там бізнес.

Цікавае рашэнне пытання сэрвісу ў маленькім аэрапорце можна пабачыць у італійскай Пяскары. Праз дарогу ад будынка месціцца паўнавартасны гандлёвы цэнтр. Там ёсць і крамы, і кавярні. Мясцовыя жыхары прыязджаюць сюды па пакупкі (гэта дазваляе акупіць рэгулярныя аўтобусныя рэйсы), вандроўнікі бавяць час перад вылетам. Гэта можна было б зрабіць і ў Гомелі, бо добрага вялікага гандлёвага цэнтру ў нас бракуе. Але, каб крамы не пуставалі, трэба ствараць у краіне такія эканамічныя ўмовы, каб стымуляваць прыход розных міжнародных брэндаў кшталту IKEA ці Zara.

МЕСЦА ДЛЯ АДПАЧЫНКУ

Ад пачатку побач з аэрапортам была пабудавана гасцініца. Але ў час, калі рэйсаў зусім не было, будынак быў прададзены і перапрафіляваны. Пры адсутнасці начных і транзітных рэйсаў у жыллі побач з месцам вылету неабходнасці няма. Але калі б пасажырапаток павялічыўся, гэта было б сур’ёзным недахопам.

Тэарэтычна праблема вырашаецца ўсталяваннем непасрэдна ў будынку аэрапорта капсул для адпачынку. Замежныя турысты прызвычаеныя да такіх рэчаў. Але ці прыйшлося б гэта даспадобы беларусам, цяжка сказаць.

Капсулы для адпачынку ў Мюнхене. Фота: nl.dreamstime.com

 

Такім чынам, гомельскі аэрапорт тэарэтычна мае добры патэнцыял (і нават у сённяшніх умовах некаторыя рэчы там арганізаваны добра). Аднак аэрапорт у другім па велічыні горадзе краіны ў эру лоўкостаў мог бы віраваць жыццём, дазваляць гомельцам хутка і танна трапляць у самыя розныя месцы, прыносіць у бюджэт шмат падаткаў ад крам і кавярань. Побач магла б узнікнуць зона з гасцініцамі ды хостэламі, гандлёвымі цэнтрамі. Фактычна ж пры нешматлікіх рэйсах у адным толькі кірунку аэрапорт больш прастойвае, чым працуе. А гомельцы ў гэты час прастойваюць у даўжэнных чэргах на мяжы, каб вылецець з аэрапортаў Літвы ці Польшчы.

Калі б з розных куткоў Еўропы можна было б даляцець да Гомеля, тэарэтычна колькасць замежных турыстаў магла б быць большай (чаму б не наведаць месца, дзе ніколі не быў, калі гэта танна і хутка?) Але знайсці ахвотных наведаць горад, да якога трэба (з улікам мяжы) дабірацца больш чым суткі, цяжка.

Лавы гомельскага аэрапорта ў чаканні пасажыраў. Фота: traveling.by

 

Відавочна, што рэвіталізацыя гомельскага аэрапорта – праблема, невырашальная без агульнай трансфармацыі сацыяльна-эканамічнага ладу ў Беларусі.

Штодзень