Навіны горада

Гомельскі аэрапорт усё больш прывязваюць да патрэб РФ

Ад сярэдзіны снежня павялічваецца колькасць авіярэйсаў з Гомеля ў Маскву. З 14 снежня дадасца адзін рэйс па чацвяргах, а з 18-га злятаць па маршруце можна яшчэ будзе па панядзелках. Агулам, пасля запуску дадатковых самалётаў, “Белавія” будзе дастаўляць пасажыраў у сталіцу РФ з горада над Сожам 5 разоў на тыдзень.

Афіцыйнае кіраўніцтва Гомельшчыны пераразае чырвоную стужку на адкрыцці рэйса з Масквы

На дадзены момант авіярэйсы ў Маскву — гэта адзіны грамадзянскі маршрут, які забяспечваецца персаналам аэрапорту “Гомель”. Беларускія пасажыры пазбаўленыя магчымасці лятаць з мясцовага лётнішча ў іншыя гарады краіны, не кажучы пра папулярныя да 2020 года напрамкі еўрапейскіх, азіяцкіх і афрыканскіх курортаў. З пачаткам агрэсіі РФ супраць Украіны, калі магчымасці гомельскага аэрапорта выкарыстоўваліся расейскімі вайскоўцамі, аэрапорт “Гомель”, які раней меў міжнародны статус, страціў свае функцыі.

Запуск новых авіярэйсаў адбываецца ва ўмовах вядзення Расеяй вайны, якая ахапіла ў тым ліку прыпамежныя з Гомельшчынай рэгіёны Браншчыны і Чарнігаўшчыны. Адпаведна, бяспека пасажыраў, якія наважацца карыстацца паслугамі авіякампаніі “Белавія”, застаецца пад вялікім пытаннем. У канцы кастрычніка гэтага года пры садзейнічанні “Рускага дому ў Гомелі” адбылося ўрачыстае адкрыццё авіярэйсу “Гомель-Масква”, што паказвае вялікую зацікаўленасць дадзенай структуры, падпарадкаванай непасрэдна ўраду РФ, у выкарыстанні беларускага аэрахабу.

Штодзень