Навіны горада

На Каляды будуць судзіць гамяльчанку за слова “рашысты”

У Гомельскім абласным судзе 26 снежня адбудзецца суд над жыхаркай Гомеля, якая ў Інстаграме выкарыстала слова “рашысты”.

Фота: https://prisoners.spring96.org/

 

Наталлю Маркушэнку затрымалі ў чэрвені 2023 года. Нараўлянскі раённы аддзел Следчага камітэта абвінаваціў жыхарку Гомеля ў распальванні нацыянальнай ці сацыяльнай варожасці. Як прыводзіла словы следчай Нараўлянскага СК Яны Дрэвілы дзяржаўная газета “Прыпяцкая праўда”, “з мэтай распальвання сацыяльнай варожасці ў дачыненні да расейскіх вайскоўцаў, яна адмыслова размясціла каментар у адкрытым доступе,  у якім з’яўляецца негатыўная ацэнка групы асоб, звязаная з фармаваннем у адрасата негатыўнага сацыяльнага стэрэатыпу”.

Як паведамляла “Гомельская вясна”, Наталля Маркушэнка размясціла ў Інстаграм наступны каментар: “Беларускае кіраўніцтва нічога не будзе рабіць супраць рашыстаў! Яно ж імі корміцца”.

Справу ў Гомельскім абласным судзе будзе разглядаць суддзя Яўгеній Шэршнёў, які вядомы вынясеннем палітычна матываваных прысудаў.

Штодзень