20 тысяч еўра на адукацыйны праект для беларускіх школьнікаў

by ZB

Конкурс скіраваны на развіццё школьнай і нефармальнай адукацыі для дзяцей. Арганізатары абяцаюць падтрымаць інавацыйныя адукацыйныя праекты і адукацыйныя арганізацыі на суму да 20 тысяч еўра.

Мэты конкурсу:

– Падтрымка, распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасцi і даследаванне інавацый у адукацыі (навучальных праграмаў, методык, арганізацыйных мадэляў) для дзяцей у Беларусі ці ў транспамежным анлайн-фармаце.

– Падтрымка беларускіх нефармальных адукацыйных арганізацый і ініцыятываў, кароткатэрміновых праектаў, скіраваных на ўзмацненне і распаўсюд у самых шырокіх колах мовы і беларускай культуры, функцыянальнай пісьменнасцi (камунікатыўнай, сацыяльнай, грамадзянскай і г.д.), а таксама падтрымка настаўнікаў як у Беларусі, так і ў эміграцыі, якія працуюць афлайн і анлайн.

Конкурс праводзіцца для:

  • беларускіх адукацыйных установаў і ініцыятываў у Беларусі і за мяжой, якія працуюць афлайн і анлайн;
  • адукацыйных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, суседніх краінах ці краінах-сябрах ЕЗ;
  • асобаў, якія дзейнічаюць ад імя нефармальнай групы або ініцыятывы;
  • школьных настаўнікаў, чыя дзейнасць па большай частцы праходзіць у Беларусі;
  • дзеячаў культуры і адукацыі.

Аляксей Канстанцінаў

Мы канстатуем крытычную патрэбу ў інавацыях для вырашэння праблем і раскрыцця магчымасцей адукацыі 21-га стагоддзя. Гэтая праграма накіравана на фінансаванне праектаў, гатовых ісці на пралічаныя рызыкі, даследаваць новыя падыходы і выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі для стварэння надзейных і маштабаваных рашэнняў для адукацыі. Мы б хацелі, каб у выніку рэалізацыі дадзенай праграмы хаця б часткова вырашыліся праблемы абмежаванага супрацоўніцтва паміж беларускімі адукацыйнымі праектамі і дэфіцыту інавацыйных падыходаў да навучання і выкладання”, — адзначае кіраўнік праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў.

Папярэдні грантавы конкурс “Васьмінога” ладзіўся ў пачатку бягучага года. У сітуацыі вострай канкурэнцыі са 113-ці заявак былі адабраныя 15 праектаў на агульную суму больш чым у 285 тысяч еўра. У прыватнасці, былі падтрыманыя наступныя праекты:

Навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;

Стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;

Беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);

Распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;

Стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;

Падтрымка падлеткавага клуба;

Арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;

Падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.

Падрабязную інфармацыю пра новы конкурс адукацыйных праектаў “Васьмінога” чытайце на сайце vasminoh.school.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png