У сталічным архіве знойдзеныя звесткі пра дату смерці і месца пахавання маці савецкага і польскага военачальніка Канстанціна Ракасоўскага.
“У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены метрычны запіс пра смерць Антаніны Іванаўны Ракасоўскай – маці савецкага і польскага военачальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза, Маршала Савецкага Саюза і Маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага. Выяўлены дакумент (НГАБ. Ф. 136. Воп. 25. Спр. 356. Арк. 82 адв.–83) дазваляе ўдакладніць некалькі істотных дэталяў. Раней лічылася, што Антаніна Ракасоўская памерла ў 1911 г., аднак, на самой справе гэта здарылася значна раней – 14 (1) ліпеня 1906 г., а прычынай яе смерці ва ўзросце 53 гадоў стала вадзянка. Запіс таксама адназначна сведчыць пра тое, што пахавалі Антаніну Ракасоўскую «на грамадскіх целяханскіх могілках». Дакумент выявіў сталы наведвальнік чытальнай залы архіва Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук”, — паведамляецца на афіцыйнай старонцы Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Фэйсбуку.
Канстанцін Ракасоўскі мае дачыненне да гісторыі Гомеля. Пад яго кіраўніцтвам войскі Беларускага фронта 26 лістапада 1943 года вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі — Гомель. У гонар гэтай падзеі ў 1957 годзе вуліца Адэская стала насіць імя Ракасоўскага. А сам маршал стаў ганаровым грамадзянінам Гомеля. У 2020 годзе на адным са шматкватэрных дамоў у Навабеліцкім раёне быў створаны мурал з выявай Канстанціна Ракасоўскага.
Знойдзены метрычны запіс з’яўляецца дадатковым пацвярджэннем беларускага паходжання знакамітага вайскоўца, маці якога нарадзілся ў беларускіх Целяханах у мясцовай шляхецкай сям’і Аўсяннікавых.