Вывесак і прыдарожных надпісаў па-руску паменее, бо мясцовыя жыхары баяцца за захаванне ўласнай культуры і ідэнтычнасці. На жаль, адбываецца гэта не ў Беларусі, а ў індыйскім штаце ГОА.

Меню на рускай мове ў рэстаране ў ГОА. Фота: www.mid-day.com
Морджым, вёску на паўночным усходзе індыйскага штата Гоа, вядомую сваёй расліннасцю і пляжамі, усё часцей называюць «Маленькай Расіяй». Такая назва з’явілася дзякуючы вялікай колькасці расійскіх турыстаў, якія ўжо не першы год прыязджаюць сюды адпачываць. Морджым налічвае каля 9500 жыхароў, а колькасць турыстаў у сезон перавышае 400 тысяч чалавек. Паколькі шмат расіян не валодае замежнымі мовамі, рэстараны і іншыя турыстычныя аб’екты масава пачалі пісаць абвесткі па-руску.
Аднак не ўсім мясцовым жыхарам гэта даспадобы. У першую чаргу з-за таго, што гэта змяняе культурніцкі ландшафт мясціны. Перанасычанасць турызмам мае і іншы бок: пагроза бяспецы мясцовых жыхароў. Нецвярозыя турысты нярэдка паводзяць сябе не самым лепшым чынам. Расце колкасць асоб, што парушаюць заканадаўства і нелегальна застаюцца ў ГОА пасля сканчэння тэрміна візы. Гэтыя праблемы актывісты пачалі ўздымаць яшчэ ў 2012 годзе, але тады справа не зрушыла з месца.

Інфармацыйны стэнд на рускай мове ў ГОА. Фота: www.mid-day.com
Падобна, што ёсць шанец выправіць сітуацыю. Як паведамляе India Today, на апошнім пасяджэнні грам сабха (сельскага сходу) сарпанч (старшыня) Паван Мордже заявіў, што ўлады будуць патрабаваць, каб на галоўных дарогах выкарыстоўваліся толькі англійская, мараці і хіндзі. Унутры рэстаранаў дазволена пакідаць надпісы і на рускай.
Расіяне ўзначальваюць спіс замежных турыстаў у Гоа. У 2024 годзе штат наведалі 9,94 млн унутраных і 468 тыс. замежных турыстаў, што паказвае рост на 21%. Першы квартал 2025 года таксама адзначыўся ростам на 10,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года.
Увесь гэты кантэкст паказвае, што нават у Індыі, дзе шыльды на замежнай мове могуць спрыяць развіццю турызму, улада і мясцовыя жыхары клапоцяцца пра захаванне сваёй моўнай і культурнай прасторы. І гэта рэакцыя не супраць турыстаў, а за сваю годнасць.
Для параўнання: у Беларусі мы назіраем супрацьлеглую тэндэнцыю. Замест пашырэння беларускай мовы, наадварот, шыльды на англійскай мове ці беларускай лацінцы могуць замяняцца надпісамі на рускай. Гэта сведчыць пра адсутнасць не толькі разумення таго, як належыць развіваць турызм, але і павагі да сваёй моўнай спадчыны, адлюстроўвае імкненне падпарадкаваць публічную прастору аднаму вонкаваму ўплыву замест дыялогу культур.