У пачатку месяца мы пісалі пра тое, што кіраўнікі папраўчых устаноў Гомельскай вобласці атрымалі апавяшчэнне аб прызначэнні новага начальніка Гомельскага УДВП, і што ў сувязі з гэтым у папраўчых калоніях вобласці ўмовы ўтрымання зняволенных тэрмінова робяць яшчэ больш жорсткімі (хаця куды ўжо горш).
![](https://homeldays.org/wp-content/uploads/2023/06/kolonia_nesovershennoletnie10-2-scaled.jpg)
Ілюстрацыйнае фота
Цяпер дакладна вядома, што такім чынам сваю новую пасаду «абжывае» палкоўнік унутранай службы Андрэй Гудына.
Гэта з яго падачы цяпер у калоніях, у прыватнасці ў Мазырскай ПК-20, у бараках забаронена вырошчваць пакаёвыя расліны, з вокнаў знялі фіранкі, абразы адабралі, а нормы харчавання скарацілі. Забарону новы начальнік УДВП увёў нават на станкі для галення – цяпер можна карыстацца толькі таннымі аднаразовымі.
Хто такі Андрэй Гудына? Вядома, што сваю кар’еру ён пачынаў на пасадзе начальніка канвойнага батальёна ўнутраных войскаў, які ахоўваў аршанскія папраўчыя калоніі №8 і №12. Далей з Воршы ён спачатку перабраўся ў Віцебск, дзе быў начальнікам ЛПП №4, а ў канцы 2017-га зноў вярнуўся ў Воршу, але ўжо ў статусе начальніка ПК-12 для ўтрымання і лячэння асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў. Там і служыў да свайго цяперашняга прызначэння.