Усё-такі з ахвярамі: у Гомелі пад заваламі знойдзеная загінулая, але пытанняў становіцца толькі больш

У Гомелі пад абломкамі перакрыццяў двух паверхаў дома на вуліцы Косарава знойдзена загінуўшая. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні штаба па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі Гомельскага аблвыканкама. Такім чынам, афіцыйна пацверджана: трагедыя ўсё ж мела смяротныя наступствы, нягледзячы на ранейшыя заявы ўладаў пра адсутнасць ахвяр.

Нагадаем, 17 снежня ў доме, як мяркуецца, у выніку выбуху бытавога газу адбылося абрушэнне пліт на сёмым і восьмым паверхах. Паводле слоў намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Бараноўскага, спецыялісты правялі дэмантаж аварыйных канструкцый, і 22 снежня каля 21:30 падчас разбору завалаў на шостым паверсе было знойдзена цела жанчыны. Паводле папярэдняй інфармацыі, яна была жыхаркай гэтага дома.

Разам з тым, рэдакцыя Штодня раней знаходзіла і неафіцыйныя звесткі, што колькасць пацярпелых, а магчыма і ахвяр, можа быць большай, аднак праверыць іх у існых умовах надзвычай складана. У прыватнасці, мы маем такое сведчанне, якое цяжка верыфікаваць па зразумелых прычынах:

«Чаму жыхары, як толькі пачулі пах газу, адразу выклікалі гаргаз. А тыя прыехалі і сказалі, што ніякім газам не пахне. Пасля іх ад’езду, праз гадзіну рванула. Да нас у ГГКБ-2 прывозілі пацыентаў у шокавым стане, мы размяшчалі іх па аддзяленнях. Усе бальніцы былі задзейнічаныя. Жыхары прыязджалі ў начных кашулях, не паспеўшы нават апрануцца. Адразу выклікалі неўролагаў, тэрапеўтаў, кардыёлагаў, каб ацаніць шокавы стан пацярпелага. Гэта было вельмі страшна».

Асобныя пытанні выклікае і тое, што ўжо ў першыя гадзіны пасля абрушэння ў доме працавалі кіналагічныя разлікі. Паводле афіцыйных звестак, двума кіналагічнымі разлікамі было абследавана жыллёвае памяшканне, а таксама праводзілася разведка з выкарыстаннем відэаэндаскопа і радара-дэтэктара. Гэта ставіць пад сумнеў версію, што пра наяўнасць загінулых не маглі ведаць з самага пачатку.

Тым не менш ужо 18 снежня ў афіцыйным тэлеграм-канале старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава было заяўлена, што ахвяр няма. На гэтым фоне версія, агучаная выданнем «Наша Ніва», выглядае не такой беспадстаўнай: інфармацыю маглі свядома не агалошваць у дні правядзення Усебеларускага народнага сходу, каб пазбегнуць негатыўнага рэзанансу на фоне важнай для рэжыму падзеі.

Цяпер Следчы камітэт па Гомельскай вобласці заяўляе, што працягвае працу па ўстанаўленні ўсіх абставінаў трагедыі, прычын і ўмоў, якія да яе прывялі. Прызначаныя экспертныя даследаванні, а прававая ацэнка будзе дадзеная пасля завяршэння следчых дзеянняў. Аднак галоўнае пытанне застаецца адкрытым: калі праўда пра ахвяраў была вядомая раней, чаму грамадству пра яе паведамілі толькі праз пяць дзён?

Штодзень

Слайдар пастоў