У ГДУ зладзілі публічную высылку з краіны замежнага студэнта

Сілавікі сабралі ў аўдыторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных студэнтаў, каб пры іх правесці працэдуру высылкі трэцякурсніка, грамадзяніна адной з краінаў Цэнтральнай Азіі.

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкаму

Па звестках гомельскай міліцыі, студэнт-замежнік «неаднаразова ўчыняў адміністрацыйныя правапарушэнні супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў». Сілавікі скардзяцца, што «належных высноў для сябе ён не зрабіў і зноў парушаў заканадаўства краіны знаходжання». Колькі менавіта парушэнняў правілаў дарожнага руху спатрэбілася для прымусовай высылкі, не паведамляецца. Цяпер студэнту забаронены ўезд у Беларусь на 4 гады.

Ну а іншых сабралі ў аўдыторыі, каб запужаць. Сілавікі хацелі «на наглядным прыкладзе паказаць і давесці да замежных студэнтаў іх адказнасць, а таксама магчымыя наступствы за ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў і парушэнне патрабаванняў міграцыйнага заканадаўства». Пры гэтым твары міліцыянтаў на фота заблюраныя. Раней сілавікі неаднаразова праводзілі публічныя пакаранні і арышты беларускіх студэнтаў, але публічная высылка з’ява пакуль нячастая.

Штодзень

Слайдар пастоў