На сустрэчы, ініцыяванай Памежным камітэтам, сустрэўся актыў руху добраахвотнікаў, якія павінны інфармаваць органы пра ўсё падазронае. Афіцыйна мерапрыемства называлася “Злёт добраахвотных дружын памочнікаў памежнікаў”. Па сутнасці, на ім засвяцілі людзей, якія, калі пабачаць у памежных вёсках і мястэчках каля мяжы з Украінай незнаёмцаў, павінныя бегчы паведамляць сілавікам.

Функцыянал у “дружыннікаў”, па звестках рэгіянальнага дзяржтэлебачання, багаты: удзел у патруляванні, выяўленні парушальнікаў, праверцы дакументаў і тлумачальнай рабоце пры каардынацыі з памежнікамі і чыноўнікамі. Але, калі гэтыя людзі без сілавікоў падыйдуць з патрабаваннем прад’явіць дакументы, ёсць законнае права адмовіцца.
У актавай залі на рэпартажы былі бачныя каля 20 асобаў, якіх можна ўмоўна аднесці да дружыннікаў. А таксама шмат вайскоўцаў і каля пяці чыноўнікаў.
“Мясцовае насельніцтва, канечне, больш валодае інфармацыяй па дарогах, мясцоваму насельніцтву, сваякам, хто да каго прыязджае, – распавёў камандзір добраахвотнай дружыны пры Маркавіцкім сельсавеце Гомельскага раёна Эдуард Жукаў. – І, натуральна, калі з’яўляюцца нейкія іншыя асобы, паведамляем памежнікам. Потым праходзіць разбіральніцтва, хто там і што там”.
“Сённяшні злёт памежных дружыннікаў асабліва тычыцца Брагінскага раёну, дзе ў нас больш за 20 чалавек занятыя ў дружынніках і актыўна дапамагаюць памежнікам”, – кажа намеснік старшыні Брагінскага райвыканкаму Юрый Лук’яненка.
Каб дружыннікам не было сумна, на злёце паказалі выставу зброі і ўручылі самым актыўным (сярод іх, канечне ж, быў Жукаў) падарункі.