Эколаг кажа, што пацярпець могуць глеба і якасць паветра, хоць пакуль усе рызыкі пралічыць немагчыма.

Як пісаў «Штодзень», каля вёскі Фашчаўка і ў 15 кіламетрах ад аграгарадка Урыцкае ўзводзіцца свінакамплекс на сто тысяч галоў. Працы будуць весціся да канца 2027 года, «першую прадукцыю» плануюць атрымаць у жніўні 2028 года. Але мясцовыя жыхары хвалююцца ўжо цяпер, усім выдатна вядома, у што ператвараецца суседства са свінакамплексам, асабліва такім буйным.
«Брэсцкая газета» пацікавілася з гэтай нагоды ў эколага «Зялёнага тэлефона» асноўнымі рызыкамі для жыхароў.
«Пры магутнасці каля 100 000 галоў гаворка ідзе пра аб’ект вельмі буйнога маштабу, а ступень патэнцыйнага ўздзеяння такіх комплексаў на навакольнае асяроддзе звычайна ацэньваецца як значная і такая, што патрабуе строгага кантролю. Таму сама заклапочанасць насельніцтва — гэта нармальная і зразумелая рэакцыя, якая пацвярджаецца досведам эксплуатацыі аналагічных аб’ектаў», – кажа эксперт.
Асноўныя тры рызыкі звязаныя з адыходамі ад комплексу і скіраваныя яны перад усім на глебу.
Па-першае, гэта назапашванне азоту і фосфару. Гной утрымлівае вялікую колькасць хімічных злучэнняў, і пры яго сістэматычным унясенні ў глебу можа адбывацца перанасычэнне зямлі, пагаршэнне яе структуры і наступнае траплянне забруджвальных рэчываў у грунтовыя воды.
Па-другое, адходы могуць утрымліваць ветэрынарныя прэпараты, антыбіётыкі, цяжкія металы і патагенныя мікраарганізмы. Пры няправільным захоўванні або выкарыстанні гэта можа прыводзіць да забруджвання глебы і пагаршэння стану экасістэм.
Па-трэцяе, пры празмернай нагрузцы магчыма паступовае зніжэнне ўрадлівасці сельскагаспадарчых зямель і дэградацыя глебаў.
Магчымае таксама ўздзеянне на паветра: асноўныя крыніцы забруджвання — гэта выкіды аміяку, серавадароду, арганічных газаў, пылу і біялагічных аэразоляў, якія ўтвараюцца пры раскладанні адходаў і ўтрыманні вялікай колькасці жывёл.
Гэта можа прыводзіць да з’яўлення ўстойлівых непрыемных пахаў, раздражнення дыхальных шляхоў, пагаршэння самаадчування людзей і зніжэння якасці жыцця. Эфект можа адчувацца за 3-5 км ад свінакомплекса.