Узводзіцца свінакамплекс на сто тысяч галоў, будзе ён каля вёскі Фашчаўка і ў 15 кіламетрах ад аграгарадка Урыцкае. Працы будуць весціся да канца 2027 года, «першую прадукцыю» плануюць атрымаць у жніўні 2028 года. Але мясцовыя жыхары хвалююцца ўжо цяпер, усім выдатна вядома, у што ператвараецца суседства са свінакамплексам, асабліва такім буйным.

Будоўля рэгіёну
Улады прызнаюць, што праект беспрэцэдэнтны. Такога вялікага свінакамплекса ў Беларусі яшчэ не будавалі. Кантроль над ім паспяшаліся ўзяць і кіраўнік вобласці, і сам Лукашэнка. Іншая справа, што пакуль незразумела, хто возьме адказнасць, калі комплекс-пераростак не зможа нармальна працаваць.
З будаўніцтвам спяшаюцца, але не вельмі. На час маразоў закрываць працэс не сталі, але 45 чалавек, якія працуюць на будоўлі штодня, не вельмі ўражваюць.
Цяпер, паводле даных раёнкі, ідзе трэці этап будаўніцтва, а ўсіх — сем. З бетонам працаваць пры цяперашняй тэмпературы нельга, але ідзе ўстаноўка апор, праводзяцца зварачныя і земляныя работы.
“Найменшы вірус — і ўсіх выразаць трэба”
Мясцовыя жыхары ў сацсетках да ідэі з новым комплексам паставіліся крытычна. Па-першае, свінакомплексаў шмат.
«Можа, старыя аднавіць? У Новай Гуце, напрыклад, інфраструктура ёсць, рабочыя рукі, жыллё, а комплекс развалілі», – піша М. «Такія па ўсёй вобласці зносяць, а тут такія ж будуюць! Дзіўныя», – дадае В.В. «Добрая навіна. У нас з’явіцца свінакомплекс, бо іх на Гомельшчыне ніколі не было, – смяецца карыстальнік. – А колькі закапалі».
Па-другое, шмат хто ведае пра сітуацыю ў наваколлі і сумняюся, што знойдуцца працоўныя рукі. «Перадавыя тэхналогіі!!!!??? Ну-ну, а хто там будзе працаваць? Мясцовых пару — шкада, з суседніх вёсак? З горада аўтобусам — ну-ну, навозяць першыя тры гады, потым, як звычайна, тэхналогіі паламаліся, рамантаваць няма чым і г.д. і да т.п.!!!» – кажа Б.М.
Па-трэцяе, свінакомплекс-пераростак будзе ўразлівым перад эпідэміямі: «Шыкоўна… для эпідэмій самае тое: чым больш у адным месцы, тым лепш. P.S. Даўно ўжо час мяса з прабіркі вырошчваць». «Навошта такія вялізныя будаваць!? Потым найменшы вірус — і ўсіх выразаць трэба», – дадае В.В.
Па-чацвёртае, будуць нязручнасці для мясцовых жыхароў. Пра праблемы з экалогіяй вядома, але ёсць і невідавочныя. «Каля вёскі Рудня-Цялешоўская, дык будаўніцтва ідзе поўным ходам, хто побач з гэтым свінакомплексам — не змогуць трымаць свіней», – напісаў Ф.
Па-пятае, недавер да чыноўнікаў. «Лішнія грошы ў дзяржаве, а хтосьці ў кішэню пакладзе добранькую суму», – думае С. «Не кажыце «гоп», пакуль не пераскочылі. Грошы з бюджэту выдзеляць — яны іх раскрадуць і вывезуць у Дубай, і ўся будоўля скончыцца», – перакананая П.І.У.
Ну і нарэшце пытанне ад Е.: «Цікава, каму прадукцыя пойдзе — у Кітай ці ў Расію?»
Якія праблемы паўстануць?
У Беларусі сёння 94 свінакомплексы. І не дабудаваўшы свінны 100-тысячнік у Гомельскай вобласці, улады ўжо аб’явілі пра тое, што падобны ж з’явіцца ў Брэсцкай. Яшчэ ў 2024 гомелец Барыс Анікееў, які працуе на ферме ў Польшчы, крытыкаваў у размове са «Штоднём» падобныя планы ўладаў: «У Беларусі кажуць, як я чуў, што хочуць будаваць вялізныя агракомплексы для буйнога рагатага ската. Гэта нерэальна, проста нерэальна. Які штат супрацоўнікаў трэба? Якая кармавая база? Яны не думаюць, што кароўкам пісаць і какаць трэба, куды гэта вывозіць? Калі ў поле, то поле пагарыць».