У Гомелі білеты на навагодні спектакль у Лядовым палацы з удзелам старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава распаўсюджваюць з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Пра гэта паведамляюць педагогі і супрацоўнікі дзяржаўных установаў. Паводле іх слоў, з навучальных установаў дырэктыўна патрабуюць сфармаваць “групы падтрымкі”: ад кожнага класа просяць (а фактычна — загадваюць) накіраваць хаця б аднаго вучня на спектакль. Пры гэтым білет каштуе 20 рублёў, і аплата адбываецца за кошт бацькоў.
Уладзімір Прывалаў. Фотакалаж
“Ад школ трэба цэлыя групы падтрымкі сфармаваць. Ад кожнага класа патрабуюць хоць аднаго вучня — у масоўку на Прывалава. Прычым гэта не бясплатна”, — кажуць педагогі.
Такім чынам, наведванне мерапрыемства носіць прымусовы характар і застаецца платным, што выклікае абурэнне як у настаўнікаў, так і ў бацькоў. Спектакль “По щучьему велению” пастаўлены паводле рускай народнай казкі. Галоўны герой — Ямеля, які, паводле сцэнару, ловіць чарадзейнага шчупака ў рацэ Сож. У прадстаўленні задзейнічаныя выхаванцы хакейнага клуба “Гомель” і вучні харэаграфічнай школы, а на лёд выходзяць Дзед Мароз і Снягурка. Афіцыйна паведамляецца, што на галоўную гарадскую ялінку запросяць больш за дзве тысячы дзяцей “з дасягненнямі у вучобе, спорце і грамадскім жыцці”, а таксама дзяцей з інваліднасцю і сірот. Аднак паралельна з 27 па 30 снежня запланаваныя яшчэ сем паказаў — ужо па білетах.