«Штодзень» ацаніў новыя прызначэнні чыноўнікаў на пасады ў Гомельскай вобласці і знайшоў некалькі цікавых.
Дырэктарам прадпрыемства “Мазырскія малочныя прадукты” стане Валянціна Назаранка. Яна паходзіць з Украіны, і яшчэ нядаўна была дэпутатам «палаты прадстаўнікоў».
Асабліва яркімі адыёзнымі заявамі не запомнілася, хоць рэгулярна праводзіла «інфармацыйныя сустрэчы» з землякамі з Мазыра і распавядала пра «палітыку партыі».
«Я сёння аддаю голас за дынамічнае развіццё нашай дзяржавы і грамадства, за суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь, за захаванне канстытуцыйнага ладу… за захаванне беларускіх традыцыйных каштоўнасцяў… гістарычнай памяці пра гераізм нашага народа пад час Вялікай айчыннай вайны», — распавядала яна падчас галасавання на рэферэндуме па пытаннях змены Канстытуцыі.
Да «дэпутацтва» працавала ў Мазырскім райвыканкаме начальнікам аддзела эканомікі. Напэўна, гэта дазволіла думаць чыноўнікам, што яна зможа кіраваць прадпрыемствам.
На пасаду начальніка Гомельскай раённай ветэрынарнай станцыі ўзгоднены Алег Чумакоў. Пра яго фактычна нічога невядома, акрамя таго, што прыводзіць гомельскае дзяржСМІ: скончыў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію. Супрацоўнікі рэдакцыі лічаць неабходным падкрэсліць, што да таго, як узначаліць ветэрынараў, Чумакоў паспеў папрацаваць на мясаперапрацоўчым прадпрыемстве.
Працаўладкавалі і былога сілавіка: Генадзь Казлоў будзе дырэктарам КСУП “УваравічыЭліт”.
Пасля працы ў органах унутраных справаў ён працаваў галоўным інжынерам і намеснікам па вытворчасці на сельгаспрадпрыемствах раёна.