Дзень палітвязняў: за кратамі працягваюць заставацца трое гомельскіх журналістаў

by ZB

У Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі спіс палітзняволеных зноў павялічыўся: да 1393 чалавек. «Штодзень» нагадвае пра гомельскіх журналістаў, якія працягваюць знаходзіцца за кратамі.

Праваабаронцы “Вясны” на акцыі салідарнасці з гомельскімі журналістамі

  1. Андрэй Толчын

Суд прызнаў журналіста Толчына вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), паведамляе «Беларуская Асацыяцыя Журналістаў». У сакавіку яму прысудзілі два з паловай гады калоніі.

Яго можна падтрымаць лістамі: СІЗА №3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1. У хуткім часе чакаецца разгляд апеляцыі.

  1. Ларыса Шчыракова

Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомелі 6 снежня 2022 года і выставілі абвінавачванні паводле ч.1 крымінальнага артыкула 369 за «дыскрэдытацыю Беларусі», а яе сына забралі ў прытулак. На шчасце, праз нейкі час хлопца перадалі бацьку – былому мужу Ларысы.

Яе асудзілі да 3,5 гадоў турэмнага зняволення паводле абвінавачвання ў “падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасці” (арт.361-4) і “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” (арт. 369-1). Улады змясцілі яе сына ў прытулак. Аднак цяпер дзіця знаходзіцца ў бяспецы са сваім бацькам.

Падтрымаць лістамі: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

  1. Яўген Меркіс

Яўген — журналіст, які працаваў на Гомельшчыне карэспандэнтам некалькіх незалежных СМІ. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ “экстрэмісцкімі фармаваннямі” Яўген засяродзіўся на краязнаўстве.

У верасні 2022 г. яго самога затрымалі, а пазней асудзілі на 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Падтрымаць лістамі: ПК №17, 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, вул. 1-я Завадская, 8

Акрамя таго, у гомельская жаночай калоніі адбываюць пакаранне ўсе палітзняволеныя журналісткі: Ірына Слаўнікава, Ірына Леўшына, Валерыя Касцюгова, Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Ксенія Луцкіна, Кацярына Бахвалава (Андрэева). А таксама жонка блогера Ігара Лосіка Дар’я.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png