Свежы генерал-маёр Максім Спрынцын кіруе Следчым камітэтам Гомельскай вобласці. Гэта ўжо шмат кажа пра яго ў сённяшняй Беларусі. “Штодзень” знайшоў і іншыя падрабязнасці.
Спрынцын – ураджэнец Гомеля. Але 10 год адпрацаваў у пракуратуры Буда-Кашалёва, пасля быў намеснікам кіраўніка СК па вобласці, і ў 2024 годзе яго ўзначаліў.
Ён патрапіў у базы тых, хто мае адносіны да палітычнага пераследу беларусаў.
“Ён удзельнічае ў затойванні злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі ўлады і сілавых структур. Выступаў з прамовай пра «дэструктыўныя» Тэлеграм-каналы: «Валодаючы аб’ектыўнай карцінай пра здарэнні, звязаныя з пратэснымі акцыямі ў нашым рэгіёне, магу зрабіць адназначны вывад аб тым, што кантэнт, які фармуецца радыкальнымі Telegram-каналамі, не адлюстроўвае рэальную сітуацыю. Ён з’яўляецца тыповай формай вядзення інфармацыйнай вайны, якая мае мэты дэстабілізацыі абстаноўкі, стварэння негатыўнага іміджу дзяржаўных органаў, сілавога блока»”, — прыводзіць звесткі пра Спрынцына LukaZone.
У 2024 годзе ён заяўляў, што “экстрэмізм” — адзін з “чырвоных сцяжкоў” для СК. Максім Спірыцын называў іх побач з забойствамі, карупцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў. Як вядома, менавіта экстрэмісцкія артыкулы сённяшні рэжым выкарыстоўвае для пераследу палітычных апанентаў.
“У тых месцах, дзе праходзілі масавыя беспарадкі, скажам, у Гомелі і Жлобіне, гэта работа вядзецца, прычым на сістэмнай аснове. Мы працягваем актыўна ўстанаўліваць удзельнікаў незаконных акцый. Некаторыя моцна здзіўляюцца, калі іх знаходзяць і прыцягваюць да адказнасці праз чатыры гады”, — хваліўся сілавік.
Ён лічыць, што “важна спыняць дзеянні, накіраваныя на падрыў дзяржаўных асноў”, у тым ліку ён дэманструе прарасійскія погляды на вайну Расіі ва Украіне: “Пасля пачатку СВА (вайны ва Украіне) пайшлі негатыўныя каментарыі супраць расійскіх ваеннаслужачых. Іх строчаць як маладыя людзі, так і пенсіянеры. Спецслужбы іншаземных дзяржаў укідваюць у Сетку патрэбную ім павестку, а нашы купляюцца. Прычым некаторыя беларускія грамадзяне нават не асэнсоўваюць, што учыняюць крымінальнае злачынства. Кажуць: «Дык я ж проста каментарый напісаў». Аднак выказванні, якія дыскрэдытуюць тую ці іншую нацыю, часта утрымліваюць прыкметы раздзьмування міжнацыянальнай варажнечы, за што прадугледжана сур’ёзная адказнасць”.