Стаць фундатарам беларускай паэзіі

by ZB

Беларускія культурныя дзеячы на фоне рэпрэсій з боку рэжыму і вымушанай эміграцыі маюць патрэбу ў дапамозе. Паэтка Наста Кудасава звярнулася да сваіх чытачоў з прапановай падтрымаць яе творчасць праз платформу Patreon. Кожны карыстальнік з банкаўскай карткай можа стаць фундатарам сучаснай беларускай паэзіі.

Наста Кудасава

“Прапанаваць нейкія матэрыяльныя рэчы падпісчыкам я не магу, а выкладаць вершы за грошы, канечне, я таксама не магу. Бо гэта як паветра – яно належыць усім, бясплатна. Я ў любым разе буду працягваць выкладаць усе новыя вершы і пераклады ў вольным доступе тут, для ўсіх, як і было раней. Так што ў мяне пакуль што дзіўны патрэон, ён мае наўвеце проста любоў, а ўзамен – таксама проста маю любоў і шчырую падзяку…

Калі хтосьці мае магчымасць падтрымаць матэрыяльна маё фізічнае існаванне (а мне гэта сапраўды будзе вельмі-вельмі дарэчы), то цяпер гэта можна зрабіць праз адпаведную платформу. А калі хтосьці лічыць, што хапае іншых людзей, каму дапамога зараз патрэбная нашмат больш, то гэта таксама цалкам слушна і добра, я разумею.

У любым выпадку хачу сказаць, што я ЎЖО пачуваюся вельмі любімай і патрэбнай. Не магу пералічыць, колькі ўсяго мне кажуць добрага людзі, колькі пішуць прыгожых лістоў, шлюць паштовак, падарункаў, прапануюць дапамогу, грошы, жытло – увесь час! Гэта цуд! Вы нават не ўяўляеце, наколькі я гэтага не заслугоўваю! Мне сорамна, што я магу так мала… Апошнія гады я трымаюся, як на нейкіх чароўных хвалях, на гэтай салідарнасці. Я нават падумала, што Бог адмыслова зрабіў мяне няўдачніцай на ўсіх астатніх жыццёвых франтах, каб я добра зразумела, што такое беларускія людзі, убачыла іх прыгажосць і палюбіла іх усіх (агулам і кожнага паасобку), каб цаніць іх і пісаць пра іх. Мо гэта такое наканаванне. І канечне, я б вельмі хацела менш працаваць на іншых працах, а больш пісаць вершаў, часам проста невыносна ад таго, што столькі мітусні і будзённых клопатаў аднімаюць маё натхненне. Гэта я хачу патлумачыць, што пісаць вершы – усё ж працэс, які патрабуе шмат часу і свабоды, каб вы разумелі што я не проста так абнаглела і хачу фінансавай падтымкі ні за што на пра што.

Калі ў вас ёсць ідэі, чаго б вы ўсё-такі хацелі атрымаць ад мяне ўзамен, то прапануйце, мо я нешта і вазьму на ўзбраенне ды адрэдагую гэты патрэон пасля. А то рэкламшчык з мяне, канечне, не надта.

Як працуе платформа, я ўяўляю пакуль што даволі агульна. Верагодна, пасля таго як вы падпісваецеся на мяне і прывязваеце банкаўскую картку, патрэон будзе кожны месяц спісваць з яе адпаведную суму. Калі што, адпісацца можна будзе ў любы момант. Будзем разбірацца разам, карацей”, — звяртаецца да прыхільнікаў сваёй творчасці Наста Кудасава.

Ахвяраваць на падтрымку паэткі можна тут.

Наста Кудасава — беларуская паэтка, нарадзілася ў Рагачове. Друкуецца з 1999 года. Аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі, у тым ліку “Лісце маіх рук” (Логвінаў, 2006), “Рыбы” (2013), “Маё невымаўля” (2016), “Вясна. Вуснам цесна” (2021). У 2022 годзе, пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны, Наста прыняла рашэнне аб ад’ездзе з Беларусі. Пра прычыны эміграцыі паэтка распавяла “Штодню” ў гутарцы “Паэтка Наста Кудасава: У Беларусі было адчуванне, што я паставіла сябе на паўзу”.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png