Навіны горада

“Архиерей блудничает, монашек насиловал”. Скандал у Гомельскай епархіі БПЦ

Праваслаўныя вернікі дамагаюцца адхілення архіепіскапа Стэфана

Прыхаджане БПЦ з вёскі Дуброўка (Добрушскі раён Гомельскай вобласці) звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі і мітрапаліта Веньяміна з просьбай адхіліць ад пасады і прыцягнуць да адказнасці архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. Падставай для калектыўнага звароту стала скандальная прамова ўладыкі, якую ён прачытаў у гомельскай царкве Пятра і Паўла ў прысутнасці 50-ці чалавек, у тым ліку дзяцей. У прамове, фрагменты якой “Штодзень” публікуе на старонках свайго выдання, царкоўны іерарх ужыў рыторыку, далёкую ад святарскіх канонаў.

Зварот прыхаджанаў за адхіленне архіепіскапа Стэфана з пасады

Са зместу выступу царкоўнага начальніка вынікае, што прычынай для яго гневу стаў нечаканы візіт фінансавай міліцыі ў епархію, які адбыўся пасля скаргі вернікаў: “Напісалі, што мы мафія цэлая, гандлюем свечкамі і абразамі, забіраем іх незаконна. Сабраліся, зладзілі малебен напаказ у Дуброўцы гэтай. Серада, чацвер, епархію правяраў ОБЭП. Два дні нас трэслі, правяралі дакументы…”

Архіепіскап Стэфан. Фота: сайт Гомельскай епархіі БПЦ

Вернікі, сваёй чаргой, пасля экспрэсіўнай прамовы ўладыкі склалі чарговы зварот да свецкіх і царкоўных уладаў: “Ягоны зварот да прыхаджан сабора святога Пятра і Паўла горада Гомеля аб распачатай праверцы праваахоўнымі органамі носіць парушэнні маральных норм статута і дзейнасці БПЦ, паклёп і абразу ў адносінах да вернікаў. У звароце змяшчаюцца неадпаведныя факты (…) Просім прыцягнуць да адказнасці архіепіскапа Стэфана за публічную знявагу, абразу гонару і годнасці законных правоў грамадзян РБ…”

Канфлікт архіепіскапа з паствай, зрэшты, мае глыбокія карані. Яшчэ ў пачатку 2020 года прыхаджане царквы з вёскі Дуброўка абвінавацілі мясцовае праваслаўнае духавенства ў прысабечанні каштоўнай іконы. Гаворка ідзе пра цудатворны абраз Маці Божай “Скорапаслушніцы”, створаны, імаверна, у канцы ХІХ стагоддзя ў Новым Афоне. Гэтую ікону, якая належала мясцовай старажылцы, скраў злодзей. Пазней злачынцу затрымалі, ікону знайшлі, але перадалі чамусьці не ўласнікам, а Гомельскай епархіі БПЦ. Гэта і стала першапрычынай канфлікту, які прывёў у далейшым да судовых разбіральніцтваў.

На адрас складальнікаў звароту пакрыўджаны іерарх выказаўся ў стылі, далёкім ад мовы дыпламатыі: “Няхай народ ведае, чаго хаваць! Калі ў яе (гаворка ідзе пра адну з меркаваных аўтарак звароту — заўвага рэд.) зусім ненармальна з галавой, што ж паробіш. Яна крычыць, што гэта іх абразы. Іконы належаць БПЦ. Гэта ўстаноўлена судом. Як судом Добруша, так і абласным нашым судом. І ні адна ікона — ні ў гэтым храме, ні ў якім іншым нікому асабіста не належыць. Калі нехта з людзей прынёс абраз праз парог царквы, усё! Вы не з’яўляецеся гаспадаром гэтай іконы! Яна ўжо належыць БПЦ. Не мне, я нічога на той свет з сабой не вазьму (…) Я проста хачу папрасіць усіх памаліцца за гэтых трошкі хворых жанчын. Раісу, Ганну…”

“Трошкі хворыя” Раіса і Ганна — гэта жыхаркі той самай вёскі Дуброўка, якія вось ужо некалькі год спрабуюць дабіцца вяртання ва ўласнасць іконы, якая апынулася ў распараджэнні Гомельскай епархіі БПЦ. Вернікі вінавацяць архіепіскапа Стэфана ў тым, што ён фактычна прысабечыў чужую маёмасць. На што царкоўнік адказвае: “Калі мы забіраем нейкія іконы, то найперш выпісваецца акт аб канфіскацыі гэтых ікон. Забіраем у тым выпадку, калі прыход не можа іх адрэстаўраваць. Але складваецца такое ўражанне, што няхай усё гніе, няхай усё пераўтвараецца ў пацяруху, няхай усё крадуць… Але што мы пакінем пасля сябе? І для кожнага адкрыты храм-музей… З панядзелка па пятніцу…”

Аднак вернікі ў звароце заўважаюць, што выказванне Стэфана пра акты на адабраныя іконы не адпавядае рэчаіснасці: “У Дуброўцы і іншых парафіях царкоўныя абразы канфіскоўваліся ім таемна, акты выпісваліся заднім чыслом…”

Але найбольш скандальныя выказванні Стэфана датычацца зусім не лёсу ікон. Абураны ўладыка паспрабаваў у прысутнасці 50 прыхаджанаў давесці абсурднасць чутак, якія віруюць вакол яго асобы. Што праўда, незвычайная шчырасць і эмацыйнасць згулялі злы жарт з аратарам. Замест абвяржэння “плётак”, ён яшчэ больш настроіў вернікаў супраць сябе.

“Штодзень” прыводзіць дакладную цытату з прамовы Стэфана, у якой ён імкнецца пракаментаваць розныя чуткі (у распараджэнні рэдакцыі ёсць відэазапіс з выступам уладыкі): “Што архірэй блуднічае, блуднік такі-сякі. У Карме (населены пункт на Гомельшчыне — заўвага рэд.) ведаюць гэта ўсё, не толькі дарослыя, але і дзеці, што ён блуднік страшны. І што людзі не жадаюць на службу хадзіць, калі ён здзяйсняе службу. Не хрысціць, не вянчацца, нічога… Людзі не жадаюць з ім датыкацца, з распуснікам такім… Зразумейце, нават можа быць падзяліце такое меркаванне, як чалавеку дрэнна, крыўдна… Але я разумею, што ні адна добрая справа не праходзіць без такіх вось паклёпаў. Прабачце, я скажу так, як інакіня Вера распавядала: “Калі я збіраў жаночы манастыр, дык я манашак там згвалтаваў”. Гэта Раіса так людзям гаворыць. Гэта ж па свеце разыходзіцца! Добра, я разумею, тут стаяць людзі, якія ўсё гэта ведаюць, манашак ведаюць, усіх… Але ёсць жа такія, што скажуць: “О, глядзі, якія папы, чым толькі займаюцца!”

Архіепіскап тлумачыць, што абараняць гонар і годнасць у свецкім судзе яму перашкаджае кананічнае права.  “Мне задаюць пытанне, чаму вы не падаеце ў суд за паклёп? Я ведаю кананічнае права. Калі хто з царкоўных пайшоў судзіцца ў свецкай уладзе, хай будзе зрынуты з сану. А ёсць яшчэ такія словы: “Добраслаўляй тых, хто кляне”.

Штодзень