HomelDays_Logo_Main-mobil

Чачэрскі заказнік павялічылі амаль на 150 гектараў. Яго гісторыю змяніла радыяцыя

На Гомельшчыне змянілі межы і рэжым аховы заказніка “Чачэрскі”. Цяпер яго плошча складае 13 583,95 гектара — на 147,27 гектара больш, чым было вызначана рашэннем 2013 года. Заказнік ахоплівае землі Чачэрскага і Кармянскага раёнаў.

Краявіды Чачэрскага раёна. Фота: “Чачэрскі веснік”

Сумеснае рашэнне двух райвыканкамаў ад 17 верасня 2026 года ўступіла ў сілу 11 кастрычніка. Мэта заказніка — захаванне каштоўных лясных, балотных і лугавых экасістэм, чырванакніжных раслін і жывёл, а таксама месцаў іх росту і пражывання.  На тэрыторыі забароненыя разведка і распрацоўка карысных выкапняў, скід сцёкавых водаў, мыццё аўтамабіляў, суцэльныя высечкі лесу, прамысловая і жыллёвая забудова. У прыбярэжных палосах з 1 красавіка да 15 чэрвеня нельга касіць і пасвіць жывёлу. У асобных лясных кварталах дзейнічаюць дадатковыя абмежаванні.

Гісторыя аховы гэтай тэрыторыі звязаная з лекавымі раслінамі. У 1978 годзе тут стварылі Чачэрскі батанічны заказнік. Сярод асноўных раслін у тагачасным дакуменце названыя сухацвет пясчаны, святаяннік, чарніцы, брусніцы, ландыш, крушына і сардэчнік. Аднак Чарнобыльская катастрофа змяніла магчымасці выкарыстання гэтага прыроднага багацця. У нацыянальным дакладзе Беларусі для Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці адзначалася, што Чачэрскі і шэраг іншых заказнікаў страцілі значэнне рэзерватаў лекавай сыравіны праз радыяцыйнае забруджванне. Цяпер тэрыторыю ахоўваюць дзеля захавання экасістэм.

Штодзень

 

Слайдар пастоў