“Спевы” на Mam Talent: як беларускі хор заваяваў Польшчу

Хор “Спевы” прабіўся на польскае шоу Mam talent і атрымаў там добрыя водгукі. Штодзень паразмаўляў з творчай кіраўнічкай хору, якая паходзіць з Гомельшчыны, Марынай Русяй Шукюравай пра тое, як атрымалася гэтага дамагчыся, і якія магчымасці адкрывае.


Распавядзіце, калі ласка, пра хор, як ён ствараўся, хто ўдзельнічае, ці можна вас называць кіраўніцай гэтага хору?

Каля трох гадоў таму Караліна Палякова запрасіла мяне збірацца з дзяўчатамі, спяваць песні пад Свентакшыскім мостам. Там мы сустракаліся пад гэтым мостам, таму пачаткова называлі сябе “Спевы з-пад моста”, а потым аказалася, што “з-пад моста” па-польску гэта тыпу па-бамжацку. Ну неяк гэта на афішах пісаць таксама складана. Таму проста пакінулі назву “Спевы”.

Караліна запрасіла мяне вучыць дзяўчат спяваць і дзяліцца спевамі, трэніраваць іх і разам вось, ну, кіраваць гэтым працэсам. Так што, так, я мастацкая кіраўнічка. Але стваральніцаў нас дзве: Караліна і я. І Караліна – гэта кіраўнічка медыяпрацэсу. Яна, напрыклад, адказвае за візуальную частку, як выглядае Instagram, як выглядаюць дзяўчаты на фота, рылсы як мантуюцца – уся медыяпрадукцыя, яна мастачка. Гэта яе зона адказнасці.

Мая зона адказнасці – гэта выбар матэрыялу, упакоўка гэтага матэрыялу, бо я не ўсе спевы перадаю аўтэнтычна, а частку раблю сваю аўтарскую апрацоўку. І гэта такая вядзьмарская фішка нашага праекту.

Яшчэ я трэнірую галасы, і, плюс, мне вельмі цікава таксама інтэграваць у працу з жаночымі калектывамі інструменты вакальнай музычнай тэрапіі.

У мяне ёсць адукацыя спецыяльная па гэтай плыні арттэрапіі, якая вельмі класна працуе з такімі запытамі як разгубленасць, адзінота, эміграцыя, страта кантакту з роднымі, дэпрэсія, трывожнасць і ўсё такое. Вакальная тэрапія працуе супер, і плюс перадаецца культурны код.

Таму вось мы такія дзве таленавітыя жанчыны сустрэліся. Да нас далучылася яшчэ шмат такіх жа таленавітых дзяўчынаў. І на старце там проста была такая вялікая тусоўка. Усе нашыя і мастачкі, і медыяперсоны, і проста дзяўчаты, якія ў медыя не працуюць, і айцішніцы – ўсе як на падбор. Проста неверагодна прыгожы такі цэлы зрэз жаночага соцыума тут у Варшаве эмігранцкага. З намі спявае таксама украінская дзяўчына.

Пакрысе хор развіваўся як жывая істота: нас было і шмат, і мала, і мікра, і зноў шмат. Быў асноўны склад, які цягнуўся доўгі час, але бліжэй да трох гадоў, шчыра кажучы, лідаркі выгарэлі, і пакуль што праект набіраецца сіл. Мы думаем над новымі фарматамі, запрасілі больш актыўна працаваць Паліну Чорнаброву, якая вельмі класная, смелая, адкрытая, такая ясная, тэатралка, тэатральная рэжысёрка. І альбом новы з палітычнымі месэджамі, так бы мовіць. Карацей, яркая персона на творчым артыстычным небасхіле.

І калі казаць пра перспектывы, то мы думаем пра тое, каб “Спевы” быў не проста хор ці ансамбль, які спявае, а больш такі мікс розных падыходаў мастацкіх, каб гэта быў і тэатр. Перфарматыўнае мастацтва і візуальная нейкая праява Караліны Паляковай. Але пакуль адпачываем ад выгарання, бо вельмі былі актыўныя гады.

Фота: з ФБ-акаўнта Русі

 

Як бы вы назвалі, рэпертуар “Спеваў”, з чаго ён складаецца і якая адметнасць?

Адметнасць, што гэта збольшага мінорныя спевы, шлюбныя, вясельныя і летнія абрады. Я пазбягаю спеваў там, дзе пра Божаньку пяецца. Ёсць у мяне такая фантазія, што там, дзе пра Божанькуль не пяецца, Марыю, то гэта больш бліжыць да паганства, да бабуль у вёсках такіх старых. Гэта мая прыватная фантазія. Вось такія спевы абрадавыя, не бяседныя, не ваенныя, не любоўныя, не баладныя, вось менавіта абрадныя спевы. І якая яшчэ адметнасць? Тое, што часам я раблю аранжыроўкі. Недзе, не ведаю, там, можа, 30% нашага рэпертуару – гэта мае ўласныя аранжыроўкі. Калі я магу, скажам, увесь спеў перанесці з мажора ў мінор, і ён гучыць зусім па-іншаму.

Мы падтрымліваем так і вядзьмарскі магічны вайб. Атмасферу, як людзі на балоце, як гэтыя русалкі балотныя, якія таму што самая беларуская частка менавіта міфічна-балотная, павольная і мінорная. Мы беларусы ўмеем пакутваць.

Як атрымалася патрапіць на конкурс Mam talent, што для гэтага трэба было зрабіць?

Адна з арганізатарак гэтага праекту звярнулася да нас, пабачыла інтэрв’ю і фоткі ў Vogue. І нас моцна падтрымлівае ў культурным полі Польшчы Фундацыя “Краіна”, там працуюць жанчыны, якія з намі сябруюць, вераць у нас. Праз іх з’яўляюцца такія кантакты. І вось адзін з кантактаў знайшоў нас сам. Гэта жанчына, якая напісала нам збоку Mam talent і прапанавала паўдзельнічаць, бо яна пачула, пачытала, паслухала і проста моцна ўразілася і мы пагадзіліся.

Доўга выбіралі песню, але вырашылі вось узяць такі спеў калядны, які мы выконваем у маёй аўтарскай апрацоўцы “Ішла Каляда”. Гэты калядны спеў прыгожы тым, што там ёсць драматургія такая крыху сініматычная з паўзамі, з дынамікай вакальнай, прадстаўлены канон своеасаблівасць беларускай традыцыйнай песні, якая проста калыхае, нібыта ў званы б’юць, і чалавек пападае ў транс, што і адбылося са слухачамі на канцэрце, слухачамі на рэпетыцыі і з чальцамі журы.

Кожны і кожная з іх адпачылі і патрапілі кожны, кожная ў свой транс. І гэта было бачна на запісы. Яны казалі пра гэта, то бок, моцна ўразіліся тым, што беларускія дзяўчыны і непрафесійны хор проста з эмігрантак сабраліся і спяваць беларускія песні.

Мы атрымалі чатыры “так”, але ўсё адно не прайшлі далей, таму што там вельмі шмат артыстаў, якія атрымалі чатыры, “так”. Камісія вымушаная зважаць на іх колькасць.

Я як гулец на полі шоу-бізнесу разумею, што проста такі развіваць вялікі праект, гэта вельмі рэсурсна, затратна. Калі адзін спявак ці два танцоры – гэта адно, а вось такую вялікую кампанію, канешне, невыгодна для бізнесу. Гэта мае такія дагадкі. Па сутнасці, атрымалі прызнанне, але не трапілі далей.

І ёсць таксама цікавы факт адзін. Многа гадоў таму мы з ŠUMA прыязджалі ў Варшаву. У камісіі была гэтая самая рок-спявачка. І мы – тады мы былі яшчэ з другой вакалісткай – прывезлі электронны лайф. У нас былі дрэвы ўплеценыя ў валасы. І пачалі спяваць. І ёй увогуле не зайшла этнаэлектроніка. Яна кажа: “Не, ну прыкольна. Але я больш люблю хард, калі шмат эмоцый, калі рок-н-рол, а вось такія гэтыя палескія спевы, гэта не маё”.

Прайшло колькі гадоў, і спевы беларускія павольныя ёй ужо спадабаліся. І пасля, калі мы размаўлялі па-за межам эфіру, яны пыталіся: “А ці можаце вы што-небудзь з тэхна, з электронікай зрабіць?” Мы думалі, што калі б пайшлі далей, то зрабілі б што-небудзь з  ŠUMA.

А калі не пайшлі далей, то проста з ŠUMA. Рыхтуем цяпер новы рэліз, калабарацыю. Вясенні спеў, прыгожы вельмі з электронікай, актыўная, клубная музыка, са спевамі. Запрашаем на прэзентацыю і вечарыну ŠUMA INVITES 19 красавіка ў B-SIDE (Piękna 19) у Варшаве.

А як праходзіла падрыхтоўка да выступу? Ці было нейкае асаблівае хваляванне? Ці гэта звыкла?

Хваляванне было, але яно хутка скончылася, таму што гэта невыносна доўгі працоўны дзень, дзе ты проста сядзіш нафарбаваная і ўвесь дзень чакаеш. Ходзіш туды-сюды, і ад гэтага так нудна. Усе побач рэпетуюць, усе галодныя. З намі яшчэ была Ая (дачка спявачкі – Рэд.), мы там і гуляліся, і елі. І вось гэтая ўся бытавуха папросту з’ядае ўвесь стрэс.

Мы ўжо выйшлі на сцэну без мандражу. І нават прасіліся: “Калі ласка, давайце нам параней, бо ў нас дзіцёнак ужо засынае”. Там пагадзіліся, пайшлі на сустрэчу і пасунулі наш запіс крыху раней, каб мы маглі. Гэта вельмі прыгожы крок з боку тэлевізіі, ведаеце. Звычайна там такі расклад, што фіг нешта памяняеш, а тут такі: “Окей, dziecko jest dziecko”. Гэта было прыемна.

Мы выходзілі на сцэну з вялікім гонарам і спакоем. З гонарам не тое, што мы тут такія: “Ваў, супер дзяўчыны выйшлі”, а з гонарам за нашу культуру, з адчуваннем, што гэтая польская аўдыторыя ніколі не чула беларускую песню, пэўна. І мы такія першыя выйшлі і вялікім складам іх загаласілі. Было так прыгожа, проста нібыта час спыніўся, і быў толькі спеў. Гэта было вельмі прыгожа.

Я заўважыла, што, касцюмы ў вас былі адметныя. Рыхтавалі вы нешта спецыяльна для гэтага выступу, ці гэта частка вашых звычайных касцюмаў?

У нас ёсць некалькі касцюмаў. Гэта белы, чырвоны і чорны набор. У белых мы выступаем на Раство, на Каляды, ў чырвоных – на Купаллі, і ў  чорных на сцэне, на клубах, на фестывалях і вырашылі, што будзем у чорным, бо гэта вельмі прыгожа глядзіцца.

Як вы думаеце, ці дае гэты выступ новыя магчымасці для “Спеваў”, ŠUMA ці для беларускай музыкі ў цэлым?

Для беларускай музыкі ўвогуле, так. І для эмігранцкага клімату ўвогуле, так. Мы зрабілі аналіз каментароў, каб паглядзець, які будзе водгук на “Спевы”. І не ведаю, 2 з 10, маленькая вельмі частка піша нешта такое: “Ой там, непрыгожыя”, “З’язджайце з нашай краіны”. Гадасцяў няшмат, увогуле вельмі мала, а шмат вельмі павагі, натхнення, здзіўлення, цікаўнасці, прыгожай цікаўнасці.

І мне падаецца, што гэта добра ўплывае ўвогуле на культурны клімат, калі артысты з’яўляюцца, і ў Польшча такая: “Ваў!”.

Праявіцца як культурная адзінка эмігранцкай беларускай музыкі, гэта класна для ўсіх, хто гэтым займаецца, не толькі для нас.

Ці даць гэта перспектывы? Так, часам да нас прыходзяць прапановы на прыватныя нейкія івэнты, дні народзінаў вялікія, ці проста нейкія кампаніі нешта святкуюць, вяселлі, дзявочнікі. Ці паўплывае гэты выступ? Думаю так. Бо ў акаўнт “Спеваў” вельмі многа дадаецца цяпер людзей. І заўсёды чым больш кантактаў, тым больш актыўнасцяў.

Калі артыст выходзіць на нейкую аўдыторыю, заўсёды праз некаторы час з’яўляюцца магчымасці, проста таму што шмат людзей пабачыла. Так мы ўдзячныя і радыя. Паглядзім, што выйдзе з гэтага.

Зараз хочам зарэлізіць некалькі акапэл і рыхтуем клубны трэк з ŠUMA.

 

Штодзень
Чытайце па тэме:

Клікалі вясну — прыйшлі сілавікі
ВІА “TORF” у Гомлі: арт-метал, поўная зала і канцэрт года
Падборка каляднай музыкі, выкананай на беларускіх традыцыйных інструментах
Як 90-я зрабілі вядомых гомельцаў беларусамі
Ад Раства да Вадохрышча

 

 

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”