Адлігі не будзе: справа “Гукання вясны” ў Гомелі і сігнал грамадству

Абрад сустрэчы вясны, песні і карагоды — усё гэта ў Гомелі прывяло да затрыманняў, судовых спраў і штрафаў. Інцыдэнт з “Гуканнем вясны” ў рэстарацыі “Спадчына” і абсурдныя рэпрэсіі выклікалі шырокі рэзананс і актуалізавалі важнае пытанне: чаму нават культурныя ініцыятывы сёння ўспрымаюцца ўладамі Беларусі як пагроза? Разбіраем кантэкст і магчымыя прычыны таго, што адбылося.

“Спадчына”: флагман беларускай культуры ці дэкаратыўны праект для турыстаў

Рэстаран “Спадчына” адкрыўся ў Гомелі ў верасні 2025 года і ад пачатку пазіцыянаваў сябе як прастору беларускай культуры. Аднак сярод месцічаў ён паспеў атрымаць супярэчлівую рэпутацыю.

З аднаго боку ўстанова прапаноўвала візуальна насычаную “беларускасць”: традыцыйныя прадметы побыту, арнаменты, саламяныя “павукі”, стылізаваныя інтэр’еры, адсылкі да народнага мастацтва — ад матываў творчасці Алены Кіш да лакальных дэталяў Гомельшчыны, такіх як цмокі і разьбяны дэкор. З іншага боку, часам гэта выглядала занадта дзіўна: напрыклад, багата дэкараваныя драўляныя ліштвы — традыцыйны элемент аздаблення вокнаў — чамусьці апынуліся вакол люстэрка ў прыбіральні. Інтэр’ер быў занадта эклектычным, часта павярхоўным і нагадваў сумесь “традыцыйнай хаты”, шляхецкага дома і ўмоўнага сярэднявечча, не ствараючы цэльнага вобразу.


Кулінарная складовая таксама выклікала пытанні: тыя, хто прыходзіў па “сапраўдную беларускую ежу”, часта сутыкаліся з яе спрошчанай, месцамі нават карыкатурнай версіяй. Дранікі, варыяцыі на тэму, нечаканыя інгрэдыенты — усё гэта хутчэй адпавядала ўяўленням пра беларускую кухню ў расійскага турыста, чым рэальнай традыцыі і чаканням гурманаў.

У горадзе нават з’явілася іранічная мянушка для ўстановы — “Бацькі Premium”, якая намякае (па аналогіі з адпаведнай установай на вул. Савецкай) на спалучэнне сталовай эстэтыкі з завышанымі коштамі і прэтэнзіяй на нешта большае.

Тым не менш, нягледзячы на крытыку, “Спадчына” заняла ў горадзе вельмі важную нішу і сапраўды адзначылася на культурным ландшафце.

Востраў жывой культуры ў выпаленым полі ініцыятыў

Даволі хутка рэстарацыя стала адным з нямногіх месцаў у Гомелі, дзе рэгулярна адбывалася нешта жывое і культурна асэнсаванае:

  • экскурсіі па элементах традыцыйнага беларускага побыту ўнутры рэстарана;
  • вечары жывой музыкі на цымбалах;
  • выступленні фолк-калектыву з песнямі пад гармонік;
  • майстар-класы па маляванцы;
  • тэматычныя вечарыны “Танцы ля печы”;
  • лекцыі пра беларускую кухню і спецыі;
  • абрадавыя майстар-класы, напрыклад па вырабе масак да Шчодрыкаў і інш.

Гэта была спроба — хай не ідэальная, месцамі наіўная — стварыць прастору, дзе беларуская культура існуе не ў статыцы, а ў паўсядзённасці. Дзе да яе можна дакрануцца, абмяркоўваць, стаць яе часткай, а не толькі статычным спажыўцом.

Такія віды дзейнасці хутка сфармавалі вакол “Спадчыны” кола прыхільнікаў, зацікаўленых у культуры і традыцыях. Ва ўмовах сучаснай Беларусі гэта набывае асаблівае значэнне: пасля разгрома недзяржаўных арганізацый пасля 2020 года колькасць культурных ініцыятыў і мерапрыемстваў, не арганізаваных дзяржавай, катастрафічна зменшылася. “Спадчына” паспрыяла актывізацыі незалежнай культурнай дзейнасці ў горадзе, і менавіта тут 21 сакавіка правялі “Гуканне вясны” — традыцыйны абрад сустрэчы цяпла пасля зімы.

Свята скончылася — пачаліся пакаранні

Пасля правядзення абраду падзеі пачалі развівацца па значна больш жорсткім сцэнары. Так, 26 сакавіка каля дзясятку ўдзельнікаў мерапрыемства былі дастаўлены ў аддзелы міліцыі. У той жа дзень адбыліся суды, у выніку якіх як мінімум адзін чалавек атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пяці ўдзельнікам прызначылі максімальныя штрафы — па 100 базавых велічынь (каля 4500 рублёў). Яшчэ адзін чалавек, якога сілавікі палічылі арганізатарам мерапрыемства, быў аштрафаваны на 150 базавых велічынь (прыкладна 6750 рублёў).

Асобную ўвагу прыцягнула гісторыя аднаго з удзельнікаў — маёра міліцыі, участковага інспектара Гомельскага РАУС Віктара Шыпкова. Раней ён атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію “За духоўнае адраджэнне” па выніках 2025 года — за ўнёсак у захаванне народных традыцый, этнаграфічную працу і рэканструкцыю касцюмаў. Тым не менш, удзел у абрадзе не стаў для яго “змякчальнай акалічнасцю” і ён быў таксама аштрафаваны.

1 красавіка сілавыя структуры дадаткова ўзмацнілі публічны эфект гэтай гісторыі — у звязаным з імі тэлеграм-канале з’явілася відэа з удзелам Шыпкова. Пры гэтым сцвярджалася, што ён не звольнены і працягвае несці службу ў звычайным парадку, і гэта зусім не першакрасавіцкі жарт.

Аднак адкрытым застаецца пытанне, чым была выклікана такая жорсткая хваля рэпрэсій да ўдзельнікаў традыцыйнага абраду ў Гомелі.

Магчымыя прычыны: ад страху да дэманстрацыі сілы

Чаму рэакцыя гомельскіх уладаў аказалася такой жорсткай? Версій некалькі — і ніводная з іх не выглядае выпадковай.

1. Страх перад “разгулам нацыяналізму”і нізавой актыўнасцю

Беларускія ўлады традыцыйна насцярожана ставяцца да любых форм незалежнай актыўнасці. Тым большы страх выклікаюць прабеларускія ініцыятывы. Нават культурныя праекты могуць успрымацца як патэнцыйная пагроза, калі яны аб’ядноўваюць людзей і ствараюць устойлівыя гарызантальныя сувязі. Спецслужбы яшчэ з савецкіх часоў разглядаюць падобныя мерапрыемствы і супольнасці як патэнцыйна небяспечныя. Паводле гэтай логікі, людзі спачатку ўдзельнічаюць у актыўнасцях, дзе аб’ядноўваюцца агульнымі каштоўнасцямі, затым умацоўваюць гарызантальныя сувязі і ўзнікаюць лакальныя супольнасці, што з часам можа перарасці ў нешта большае і небяспечнае для існавання рэжыму. Таму любую такую актыўнасць імкнуцца спыніць як мага раней.

2. “Адлігі”не будзе

На фоне нядаўніх вызваленняў палітвязняў і асцярожных размоў пра магчымую лібералізацыю ў грамадстве з’явілася адчуванне надзеі. І менавіта ў такі момант сілавы адказ на культурнае мерапрыемства выглядае як выразны сігнал: ніякіх паслабленняў, ніякай “адлігі” не будзе.
Гэта дэманстрацыя для кіраўніцтва краіны патрэбы свайго існавання і дзейнасці і адначасова спроба знішчыць любыя чаканні ліберальных змен сярод беларусаў.

3. Асаджаная крэпасць і новы віток “пошуку ворагаў”

Яшчэ ў пачатку лютага Служба знешняй разведкі Расіі заявіла пра “актывізацыю заходніх НКА”, нібыта накіраваную на дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі і падрыхтоўку сцэнару “каляровай рэвалюцыі” да будучых выбараў. Такія заявы ўкладаюцца ў даўно вядомую логіку “асаджанай крэпасці”, дзе любыя незалежныя ініцыятывы ўнутры краіны разглядаюцца як частка знешняга ўплыву.

Падобна, што ўлады ўспрынялі гэтыя сігналы сур’ёзна: у апошнія месяцы зноў узмацніўся ціск на грамадзянскую супольнасць. Усё больш незалежных медыя, аб’яднанняў і акаўнтаў журналістаў у сацсетках прызнаюцца “экстрэмісцкімі”, працягваюцца затрыманні, а пад удар трапляюць нават культурныя ініцыятывы. У гэтым кантэксце гісторыя з “Гуканнем вясны” ў Гомелі выглядае ўжо не выпадковасцю, а часткай шырэйшай кампаніі па зачышчэнні любых форм самастойнай грамадскай актыўнасці.

4. Дзень Волі ў Гомелі, або “а ці быў наогул хлопчык?”

Версія, якая актыўна абмяркоўваецца ў Гомелі, грунтуецца на словах супрацоўнікаў міліцыі падчас затрыманняў (якую ўзгадваюць затрыманыя): маўляў, праблем бы не было, калі б нехта з “тых, хто з’ехаў”, не ўзгадаў мерапрыемства ў сацсетках і не звязаў яго з Днём Волі. У выніку сілавікі праявілі “пільнасць”, што і прывяло да рэпрэсій.

Праверка гэтай версіі нічога не дала — знайсці такое паведамленне не ўдалося. Нават калі яно і існавала (а магло быць створана і самімі спецслужбамі), то хутчэй за ўсё стала не прычынай, а толькі нагодай для затрыманняў.

Галоўная ж мэта такой версіі, верагодна свядома распаўсюджанай сярод затрыманых, зразумелая: перакласці адказнасць на іншых. Маўляў, вінаватыя зусім не ўлады, а “эмігранты-экстрэмісты”. Змяшчэнне фокусу для апраўдання гвалту — тыповы прыём беларускіх сілавікоў.

5. Рэха адмены “Гукання”ў Ветцы

У Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый таксама збіраліся правесці гэты абрад. Аднак у апошні момант мерапрыемства, прызначанае на 22 сакавіка, было адменена ўладамі “ў сувязі з рэкамендацыяй не праводзіць масавыя мерапрыемствы ў памяць пра гадавіну Хатынскай трагедыі”.

Гэтая забарона ўжо тады выклікала хвалю негатыўных каментарыяў у беларускім грамадстве. Магчыма, рэзананс вакол гэтай гісторыі стаў адным з фактараў, які прывёў да праблем у “Спадчыны” ў Гомелі, дзе “Гуканне вясны” ўсё ж адбылося 21 сакавіка.

6. Паказальны кейс

Найхутчэй сітуацыя вакол “Спадчыны” спалучае ў сабе адразу некалькі прычын і выглядае як папярэджанне з боку ўладаў. Прычым не толькі для ўдзельнікаў канкрэтнага мерапрыемства, але і для любых ініцыятыў, звязаных з беларускай культурай.

Рэстаран не працуе з 3 красавіка “па тэхнічных прычынах”. У Гомелі мала хто сумняецца, што гаворка ідзе не толькі пра бытавыя праблемы, і што праверкі, ціск і “чысткі” працягваюцца. Вядома, што як мінімум адзін з удзельнікаў святкавання ўжо страціў працу ў выніку гэтых рэпрэсій.

Культура як пагроза: калі за песні зноў караюць

Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць адчуванне чарговага вяртання ў змрочнае мінулае.
Як вядома, абрад “Гуканне вясны” — адзін з самых адметных у беларускай традыцыі. Яго сэнс — “прыгукаць” вясну песнямі, карагодамі і зваротам да сонца. І асабліва ярка і поўна ён гістарычна захоўваўся менавіта на паўднёвым усходзе Беларусі — на Гомельшчыне. Чым не падстава для гонару і падтрымкі падобных мерапрыемстваў?

У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў мясцовыя актывісты, у тым ліку сябры Гомельскай “Талакі”, збіралі традыцыйныя песні, аднаўлялі элементы абраду, фактычна вярталі яго да жыцця і папулярызавалі. У многім менавіта на гэтых напрацоўках і грунтуюцца сучасныя рэканструкцыі абраду ў абласным цэнтры.

Аднак з боку ўладаў назіраецца тая ж самая рэакцыя, што і ў часы СССР — ціск, кантроль, даносчыкі, “зачысткі”, паказальныя рэпрэсіі. Тады пад удар траплялі тыя, хто спрабаваў размаўляць па-беларуску, цікавіцца ўласнай гісторыяй і культурай, збіраў песні і аднаўляў традыцыі. На жаль, сёння гісторыя паўтараецца. Парадокс у тым, што менавіта такія людзі звычайна лічацца апорай дзяржавы — носьбітамі культуры і каштоўнасцей, ідэнтычнасці, будучыні. Але менавіта па іх сёння б’юць у першую чаргу, а традыцыя, якую калісьці ратавалі ад знікнення, зноў апынулася пад забаронай.

Дзве Беларусі: адна рызыкуе, другая тлумачыць, чаму не варта было

Рэакцыя на тое, што адбылося ў Гомелі, у беларускім грамадстве аказалася балюча неаднароднай. Многія справядліва абурыліся такой паказальнай карнай аперацыяй супраць аматараў беларускай культуры. Але знайшліся і тыя, хто пакідаў каментары ў духу “гэта ж было відавочна”, “няўжо яны не разумелі, чым усё скончыцца?..”.

Унутры краіны такія словы ўспрымаюцца асабліва востра — як адчужанасць і непаразуменне, немагчымасць падзяліць рызыкі, адвагу і боль. Гэта ўскладняе дыялог і ўзаемаразуменне паміж “тымі, хто з’ехаў”, і тымі, хто застаўся і ўсё яшчэ спрабуе нешта рабіць.

Рэальнасць значна складанейшая за простыя словы ва ўтульных сацсетках. Так, любая актыўнасць у Беларусі цяпер у той ці іншай ступені — рызыка. Але яе адсутнасць або поўны перанос за мяжу — яшчэ большая пагроза знікнення нечага аўтэнтычнага і сапраўды беларускага, таго самага культурнага асяроддзя.

Асуджаць людзей за тое, што яны спрабавалі нешта рабіць, — бессэнсоўна. Дапамагчы ім неверагодна складана, а часам і рызыкоўна для іх саміх. У гэтым — наша агульная трагедыя. Таму гісторыя з “Гуканнем вясны” ў Гомелі сведчыць пра стан грамадства. Пра неабходнасць адначасова дзейнічаць і быць асцярожнымі. Пра кошт дзеянняў, які становіцца ўсё вышэйшым. Пра разуменне таго, што ў першую чаргу трэба цаніць і берагчы людзей — тых, хто ўсё яшчэ гатовы і можа нешта рабіць.

Ці загляне сонца?!

Беларуская культура перажывала многае. Перажыве і гэта. Сёння яна зноў існуе ва ўмовах, калі нават песня пра вясну можа стаць падставай для затрымання. І ўсё ж — як і ў самым абрадзе — застаецца надзея, што вясну, пасля такой цяжкай і суровай зімы (у прамым і пераносным сэнсе), удасца даклікаць. Хай і не адразу. Бо спадчына — гэта не толькі назва ўстановы. Гэта тое, што трэба памятаць, берагчы і перадаваць далей, нават калі за гэта даводзіцца плаціць высокую цану.

Штодзень
Аўтар: Жан Д’арк
Фота: з адкрытых крыніц

Чытаць па тэме:
У Ветцы адмянілі “Гуканне вясны” праз гадавіну Хатыні
Як 90-я зрабілі вядомых гомельцаў беларусамі
Сумныя вынікі да сусветнага дня НДА: краязнаўцы, маржы і філосафы “ліквідаваныя”
Як улады знішчалі публічнае калядаванне ў Гомелі
Ларыса Шчыракова – пра неглюбскую традыцыю ткацтва

 

 

Related posts

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Ад крытыкі “збеглых” — да тэкстаў пра сяброўства аленя і каня. Як кар’ера гомельскага прапагандыста Галкоўскага пайшла пад адхон

Першы вядомы запіс назвы “Гомель”? Доказ знайшоўся на таямнічым залатым пярсцёнку 1565 года