Сёння Уладзіславу Ахроменку магло б споўніцца 61 год

29 студзеня споўнілася б 61 год Уладзіславу Ігаравічу Ахроменку — беларускаму пісьменніку, драматургу, сцэнарысту і грамадскаму дзеячу, ураджэнцу Гомеля.

Уладзіслаў Ахроменка

Ахроменка быў адным з тых аўтараў, хто паслядоўна працаваў з небяспечнымі і нязручнымі тэмамі. У сваёй публіцыстыцы і мастацкіх тэкстах ён звяртаўся да матэрыялаў архіваў КДБ, аналізаваў механізмы савецкага і постсавецкага рэпрэсіўнага апарату, адкрыта пісаў пра кантроль спецслужбаў над культурным і грамадскім жыццём.

Асобнай старонкай ягонага жыцця стала Украіна. Пасля падзей 2014 года Ахроменка далучыўся да ўкраінскіх добраахвотніцкіх і валанцёрскіх структур — “Падольскай казацкай Сечы” і “Падольскай Сечы”. Ён працаваў карэспандэнтам на фронце, займаўся валанцёрскай дзейнасцю і быў адным з першых беларусаў, хто публічна падтрымаў Украіну ў вайне з Расіяй не словамі, а ўчынкамі. За гэтую дзейнасць ён быў узнагароджаны ўкраінскім медалем “За годнасць і патрыятызм”. Апошнія гады жыцця Ахроменка правёў у Чарнігаве.

У літаратуры Ахроменка заставаўся верны беларускай мове і вострасюжэтным жанрам — дэтэктыву, трылеру, альтэрнатыўнай гісторыі. Ён быў адным з пачынальнікаў жанру кінарамана ў Беларусі, аўтарам кніг “Здані і пачвары Беларусі”, “Тэорыя змовы”, “Музы і свінні”, шэрагу п’ес і сцэнарыяў. Паралельна пад псеўданімамі ён выдаў сотні камерцыйных раманаў, але менавіта беларускамоўныя тэксты лічыліся для яго галоўнымі.

Асаблівае месца ў ягонай спадчыне займаюць тэксты, прысвечаныя Гомелю — гораду дзяцінства і юнацтва. У эсэ і ўспамінах Ахроменка Гомель паўстае як цэнтр беларускага руху і культурнага супраціву.

Уладзіслаў Ахроменка памёр 9 лістапада 2018 года ў Беластоку пасля інфаркту. Яго пахавалі ў Мінску.

Штодзень

 

Слайдар пастоў