Раёнка пакрыўдзілася на крытыку камунальнікаў

Мясцовыя ўлады і ўсе, хто побач з імі, не любяць і не шануюць крытыку. Па іх логіцы пра тое ж ЖКГ – ці добра, ці маўчок (прыкладна, як пра памерлых). У выніку пад час крызісаў, улады няўмела апраўдваюцца, замоўчваюць праблему, і ў нейкі момант на бой выходзіць прапаганда, якая іх абслугоўвае.

Светлагорская раёнка прызнае, што «цяперашняя зіма, якая спачатку «парадавала» нас моцнымі снегападамі і добрым «мінусам», а потым — мокрым снегам з дажджом і плюсавай тэмпературай, ператварыла жыццё светлагорцаў у сапраўднае выпрабаванне на трываласць».

І тут аўтарка раёнкі Святлана Пятрова прызнае працу жыхароў рэгіёну: «Замест таго, каб насалоджвацца зімовымі краявідамі, мы ўсе дружна ўзяліся за лапаты, вызваляючы са снежнага палону аўтамабілі, выхады з пад’ездаў і прачышчаючы сцежкі ў дварах. Разам з камунальнікамі працавалі, выкладваючыся на ўсе 100. Зразумела, што большую частку самай складанай працы выконвала спецтэхніка. Было няпроста, але мы справіліся». Канечне, яна «забываецца», што ў першыя дні снегападаў крытыкі працы камунальнікаў было не менш, а працавалі гараджане таму, што са сваёй задачай ЖКГ не справілася.

І вось наступны «сюрпрыз» надвор’я, які, як прызнае супрацоўніца раёнцы, «ніхто не чакаў» – галалёд. ««Прайсці немагчыма, ногі патанаюць у рыхлым снезе, камунальнікі бяздзейнічаюць!» — гэтыя фразы чуем ад кожнага другога пешахода. Нездаволенасць расце. Зразумела, што складана, што дзесьці небяспечна, але, нягледзячы на гэта, працягваем лавіраваць паміж рыхлымі снежнымі каляінамі і вінаваціць ва ўсім камунальнікаў», – цытуе крытыку прапагандыстка.

Яна прапануе зірнуць на праблему «з іншага боку» хіба спецтэхнікі, а не людзей, бо далей прыводзіць апісанне яе работы, якая быццам бы «працуе ў кругласуткавым рэжыме».

Праўда, што рабіць у гэтай сітуацыі Пятрова яўна не ведае. «І сёння наша з вамі дапамога як нельга дарэчы прыйшлася б камунальшчыкам. Як дружна ўзяцца за лапаты, мы ўжо ведаем. А вынік ад нашай дапамогі будзе не толькі бачны, але і адчувальны: перастанем патанаць у рыхлым снезе або спрабаваць выпхнуць са снежнай пасткі аўтамабіль суседа…» – заканчвае яна матэрыял.

Але чаго менавіта чакаюць светлагорскія ўлады і абслугоўваючая іх прапаганда мы так і не даведаемся. Прасіць пра дапамогу яны ўжо не просяць (бо кожная просьба пераўтвараецца ў загад), але і разумення, што яны хочуць няма. Каб людзі хадзілі пасыпалі дарогі пяском? Соллю? А адкуль гэта ўсё браць? Вось і такі вынік ідэалагічнага артыкула: крыўду абазначылі, выйсця няма. Як звычайна, у беларусаў надзея толькі на саміх беларусаў.

Штодзень

Фота: Светлагорскія навіны

Слайдар пастоў