Сітуацыя ў Мазыры: гандаль будуць караць за завышэнне коштаў на ваду, раёнка кляйміць тых, хто не хоча сам разбірацца з наступствамі ўрагану

by ZB

На трэція суткі пасля ўрагана яшчэ не ўсе ягоныя наступствы вырашаныя, не паўсюдна ў Мазыры ёсць вада і святло – але ўжо ёсць магчымасць разбірацца з другастнымі наступствамі: коштамі і тымі, хто нешта не так зрабіў.

Наступствы ўрагану. Фота: mozyr_news

З коштамі на ваду разбіраўся начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслугаў аблвыканкаму Аляксандр Качан. Ён нагадаў ў гандлёвых пунктах, што час працы варта працягнуць і запэўніў, што пітная вада, якая стала ў гэтыя дні «самым папулярным прадуктам» (чаму на ўсялякі выпападак не згадваюць) «хопіць усім».

«Павелічэнне цэнаў на ваду будзе строга спыняцца, а кіраўнікі карацца», – заявіў Качан.

Пра гэтую праблему сапраўды пісалі мясцовыя жыхары.

Ну і, канечне, не абышлося без пошукаў ворагаў і сярод звычайных жыхароў Мазыра. Гэтым занялася Вольга Ласута ў «Жыцці Палесся».

«У гэтыя дні ўсе службы працуюць на знос: сякуць галінкі, аднаўляюць апоры, цягнуць драты для вяртання звыклага камфорту. Гартаючы ў гэтыя дні бясконцыя стужкі каментароў у сацыяльных сетках, здзіўляешся ад людской няўдзячнасці», – напісала яна.

І для прыкладу прывяла тых, хто сам спраўляецца з наступствамі ўрагана, і тых, хто «сядзяць, склаўшы рукі, у чаканні аварынай брыгады ЖКГ».

Яна задаецца пытаннем і заадно кляйміць тых, хто плаціць падаткі і не хоча выконваць чужую працу: «Адкуль такая непаваротлівасць, чаму нельга зрабіць хоць нешта самастойна для расчысткі сваёй жа тэрыторыі? Ці з узростам рэзка забыліся навыкі працы з сякерай? Ці ўсе настолькі нахабіліся, плацячы падаткі, што лянота прыбраць свой жа двор? Пра падаткі – гэта любімая прыказка тых, хто не хоча прыкласці хоць крыху ўласных намаганняў на агульную карысць».

Ласута называе падобным падыход «суцэльным спажывецтвам» і лічыць, што лепей пры такім падыходзе жыццё не стане.

Падаецца, што жыццё лепей не стане не ад гэтага, а калі людзі не пачнуць выконваць узятыя на сябе абавязкі і несці адказнасць за невыкананае. Пад гэтыя крытэры цалкам падпадаюць і мясцовыя мазырскія чыноўнікі, недахопы ў працы якіх надзвычайны стан добра паказаў.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png