“Я згадваў Унорыцу нават у турме”. Павел Севярынец — пра Дняпро, беларускую мову, Чарнобыль і пратэсты

Ці русіфікаваная ўсходняя Беларусь? Хто такія сібелі? Дзе можна знайсці рай на зямлі? І што можна назваць другім Чарнобылем? – “Штодзень” паразмаўляў з Паўлам Севярынцам пра ягоныя карані, Дняпро і актыўнасць на Гомельшчыне.

Павал Севярынец у Гомелі

Штодзень: Вядома, што ваша сям’я вельмі моцна звязаная з Гомельшчынай. Як часта вас на Дняпро бацькі вывозілі, да бабулі, да дзядулі?

— Севярынцы родам з Рэчыцкага раёна. Вёска Унорыца, адкуль родам Кастусь Севярынец, – гэта якраз бераг Дняпра. І там проста рай. У дзяцінстве гэта, можа быць, адчувалася як працяг нейкага казачнага, амаль страчанага раю. Я, дарэчы, у турме згадваў пра Унорыцу вельмі часта, і цяпер таксама ўспамінаю. Гэта шырокая рака, пясчаныя берагі, вербы, лес з магутнымі дубамі, шмат ягаднага кустоўя. Сама вёска размешчаная ўздоўж ракі, і паралельна рацэ ідзе шаша. Яна калісьці была вымашчаная каменем. І нават цяпер пад асфальтам там брук. І паміж гэтай шашой і ракой якраз стаяць хаты. Ідуць завулкі, круты бераг, дарогі пад гару… Там, дзе сам бераг, – крутая гара, і з яе адкрываецца від на раку…

А вось як з мовай там справа выглядала? Таму што ёсць стэрэатып, што ўсходняя Беларусь, маўляў, такая русіфікаваная, беларускай мовы там амаль няма. Як гэта выглядала ў вашым дзяцінстве? Бабуля, дзядуля, бацька — як яны гаварылі?

— Мае бабуля і дзядуля цудоўна размаўлялі па-беларуску. І аднойчы я нават зрабіў такое маленькае даследаванне: тры дні фіксаваў усе словы, якія казала бабуля. Фіксаваў такім чынам, каб высветліць, колькі там беларускіх слоў, колькі расійскіх, колькі, можа быць, іншых. І аказалася, што фанетыка абсалютна беларуская – на сто працэнтаў правільная, літаратурная, цудоўная. Што тычыцца лексікі, то там каля 67% было слоў беларускіх. Было недзе 28%, як я тады падлічыў, расійскіх слоў. Гэта ў асноўным тэлевізійныя, больш складаныя словы кшталту “председатель”, “значит” і падобныя. Але вымаўляліся яны ўсё роўна па-беларуску. То бок прыкладна траціна – такая трасянка, скажам так. І яшчэ тое, што заставалася, можа, адсоткаў пяць – гэта розныя мясцовыя словы, дыялектныя кшталту “кухвайка”, “хвасоля”, “сібелі” – так там рыбу называлі, і так далей. Гэта абсалютна ясна сведчыць, што там мацярык беларускай мовы як быў, так і застаўся. Трохі яго тэлевізар падмыў у 1970–80-я гады.

Вось, можа, падрабязней спынімся на мясцовых моўных асаблівасцях…

— Тут трэба трошкі пакапацца ў галаве. Ну, першае, што характэрна: літару “ф” там практычна не вымаўляюць. То бок усе словы з “ф” перадаюць праз іншыя спалучэнні гукаў. “Е” не вельмі пашырана. Напрыклад, людзі казалі: “пайдам”, “знайдам”. Ну і свае назвы былі для грыбоў, натуральна: там і “каласавікі” – гэта летнія баравікі, і “абабкі”, а не “падабабкі” літаратурныя, і так далей.

Словы, звязаныя са збіральніцтвам, з сельскай гаспадаркай, яны ў значнай ступені мясцовыя – або вымаўленне іншае, або наогул іншыя словы.

Напрыклад, уклейку называлі “сібелямі”. Я нідзе, акрамя Унорыцы, не чуў слова “сібелі”. А іх там вельмі шмат. Верхаводка – дробная рыба, якой харчуюцца сазаны і іншая буйная рыба. І нават быў выраз: “сількаць сібялёў”. Гэта калі вудай проста дёргаеш іх з вады – яны так і ловяцца, бо верхаводка ходзіць па паверхні.

А ваш тата (вядомы беларускі паэт і журналіст Кастусь Севярынец – Рэд.) наколькі часта згадваў Унорыцу? І наколькі часта ён туды ездзіў?

— Увесь час ездзіў. Ён бываў там па некалькі месяцаў. Даглядаў бацькоў, калі тыя ўжо былі ва ўзросце. І нас цягнуў туды кожнае лета. Мы там месяц, два месяцы, а то і ўсё лета проста прападалі. Таму што Унорыца – гэта быў рай. Гатовыя былі ехаць туды адусюль.

Павел, у параўнанні з Мінскам, Гомельшчына выглядае ўсё ж такі прывабнай у плане вады. Таму што тут і Дняпро ёсць, і Сож, і Прыпяць, і іншыя рэкі.  Якую ў вашым жыцці, творчасці, светапоглядзе Дняпро адыграў ролю? Наколькі ён важны для беларусаў?

— Дняпро надзвычай важны, таму што гэта нашая старажытная гісторыя. І Тураўскае княства, і Вялікае Княства Літоўскае. І ўвогуле дняпроўская гісторыя, і Караткевіч – Дняпро ўвесь час адзін са стрыжняў, якія беларускую гісторыю і беларускую культуру трымаюць. Я ўжо не кажу пра тое, што тысячу гадоў таму гэта быў шлях “з варагаў у грэкі”. І першыя хрысціяне з’явіліся тут, і першыя караваны хадзілі тут. І гэтыя берагі Дняпра памятаюць усё, пра што пішуць летапісы – і з часоў Полацка, і з часоў Вялікага Княства. Таму, канешне, гэта магутны гістарычны і культурны падмурак. Акрамя таго, варта адзначыць прыроду Прыдняпроўя. Напрыклад, дубы ва Усходнім Палессі, дубы на Гомельшчыне – практычна нідзе я не бачыў такіх магутных дуброў, якія адгукаюцца ў сэрцы, напэўна, кожнага ляснога жыхара Беларусі. Тут светлыя лясы.

Унорыца

Ну і людзі светлыя на Гомельшчыне. Колькі я памятаю сваіх дзядзькоў, сваіх сваякоў з Унорыцы, з Рэчыцы, з Гомеля – усе такія добразычлівыя. Проста, як на карціне Рэпіна “Беларус”. Добрыя людзі, шырокія душы, жыццялюбы.

Ілля Рэпін “Беларусь. Партрэт Сідара Іванавіча Шаўрова”

А вось Чарнобыль – як у 1980-я гэтая гісторыя закранула вашу сям’ю?

— З 1986 года я выразна памятаю, што матуля, калі збірала нас летам ва Унорыцу, казала: “Усё, цяпер ва Унорыцу толькі ў панамках”. Тады самыя розныя чуткі хадзілі. Ясна, што афіцыйнай інфармацыі не было. І было такое ўражанне, што нешта небяспечнае можа быць ад сонца. Што сонца нібыта можа нейкім чынам “трымаць” радыяцыю, таму трэба абавязкова быць у галаўных уборах. І нам тыя панамкі ў 1986 годзе – а мы ж былі малыя, нас было трое – памятаю, што мы іх там амаль не здымалі. Усе баяліся радыяцыі. Гэта быў яшчэ травень і пачатак лета 1986 года – гэта добра памятаю. Ну а так, увогуле, Унорыцу гэта абмінула. Нават на дакладных мапах гэта не чарнобыльская зона. Але, канешне, гісторыя Чарнобыля ўсё роўна дакраналася – бо шмат было чарнобыльцаў, шмат людзей перасяляліся.

І пры гэтым цяпер, калі глядзець на дзяржаўную сацыялогію, амаль 70% нібыта падтрымліваюць атамную энергетыку. Але ж Гомельшчына – гэта рэгіён, які найбольш пацярпеў ад чарнобыльскага забруджвання, дзе каля 69% тэрыторыі ў той ці іншай ступені забруджаныя радыяцыяй. Вы верыце ў такую статыстыку, як чалавек, які звязаны з Гомельшчынай, што людзі, якія пацярпелі, якія бачылі на свае вочы, якія пакінулі свае вёскі, часта і гарады, якія бачылі перасяленцаў, – што яны з такім энтузіязмам, амаль 70%, падтрымліваюць “мірны атам”?

— Статыстыцы ў сённяшняй Беларусі, у Беларусі пад Лукашэнкам, я, канешне, не веру. Ні на грам. Там практычна немагчыма цяпер весці сістэмныя сацыялагічныя даследаванні. Тое, што малююць, а там дакладна малююць, проста не з пушчы і не з поля – ясна, што падаецца ў патрэбным на дадзены момант для Лукашэнкі ракурсе. І нават лічыць гэта нейкай інфармацыяй нельга. Гэта свядомая дэзінфармацыя, гэта прапаганда. Колькі я памятаю, на Гомельшчыне Чарнобыль заўжды ішоў побач з жыццём. Дастаткова проста паездзіць, пабываць у Нароўлі ці ў Мазыры, пабліжэй да самых моцна забруджаных раёнаў. Паглядзець на людзей, якія атрымалі калецтвы ў выніку радыяцыі. На людзей, у якіх выпалі валасы. На людзей, якія пахавалі сваіх блізкіх ад раку, ад лейкеміі, ад хваробаў шчытападобнай залозы. Тут проста няма словаў.

І, канешне, зразумела, што беларусы супраць гэтага чорнага атаму.

Павел, вось трошкі пазнейшыя часы, 1990-я, нулявыя, калі актыўным быў “Малады фронт”. Як выглядаў Гомель? Ці былі там моцныя структуры, ці вы ўзаемадзейнічалі неяк?

— Магу сказаць, што на Гомельшчыне вельмі актыўнымі заўсёды былі Светлагорск, Рэчыца, Жлобін. У свой час, калі ў 2007 годзе ўлады вырашылі разабрацца з “Маладым фронтам” у нацыянальным маштабе, у адным толькі Жлобіне было заведзена больш за сорак крымінальных спраў на маладафронтаўцаў. Гэта, у прынцыпе, паказвае размах таго часу і размах “Маладога фронту”.

Сам Гомель на гэтым фоне выглядаў крыху больш стрымана, чым іншыя абласныя цэнтры. Наколькі я памятаю, гэта звязвалася з вельмі моцным тамтэйшым КДБ. І пару разоў я гэта, так сказаць, на ўласнай скуры адчуў. Аднойчы мы сустракаліся з маладафронтаўцамі і проста ішлі праз горад. Яны казалі, што тут паўсюль сочаць. І я на свае вочы ўбачыў тых самых “таптуноў”, пра якіх раней толькі чытаў у літаратуры пра рэвалюцыйную дзейнасць у Расіі. Яны хадзілі па двое, па трое, нават не хаваліся. Проста дэманстратыўна ішлі за табой. Хадзілі па вуліцы такімі групкамі, пераследавалі тых, хто здаваўся ім падазроным, хто, на іх погляд, быў звязаны з “Маладым фронтам”. Памятаю, што ад вакзала мы прайшлі пешшу да Сожа разам з тагачасным кіраўніком “Маладога фронту”. І за намі змянілася некалькі такіх “вартаў”. Адны адыходзілі, другія падыходзілі. Ішлі нахабна, скалілі зубы, ківалі адзін аднаму, перадавалі нас, так сказаць, з рук у рукі. Гэта было такое дэманстратыўнае: маўляў, мы кантралюем кожны ваш крок. І гэта мяне ў Гомелі, канешне, моцна ўразіла.

У Мазыры быў вельмі моцны “Малады фронт”. І нават скажу, што мазырскі “Малады фронт” датрываў фактычна аж да 2020 года. Там маладафронтаўцы разгарнуліся, можа быць, на Гомельшчыне больш, чым дзе. Асабліва гэта адчувалася прыкладна ў 2014–2015 гадах, калі пайшла першая хваля вайны ва Украіне. І вось 2020 год. У Гомелі, наколькі мне вядома, таксама былі вельмі актыўныя пратэсты.

Так, абсалютна. Практычна ўсе формы пратэстаў, як і ў іншых рэгіёнах. І на піку, 16 жніўня 2020 года, па нашых падліках, у цэнтры горада было каля 30 тысяч чалавек. Бел-чырвона-белыя сцягі былі паднятыя ў двух месцах – на драмтэатры і насупраць галоўнага флагштока, які стаіць каля ракі, бліжэй да Палаца. Ці прагназаванай для вас была такая актыўнасць людзей у Гомелі, напрыклад?

— Я вам раскажу адну гісторыю. У 2020 годзе мы ехалі перад праймерыз у Гомель. І тады яшчэ нішто абсалютна не паказвала на гэтую хвалю. Ледзь-ледзь толькі нейкія чуткі даносіліся пра пандэмію, яна яшчэ не пракацілася. Мы спыніліся на запраўцы. І я ўжо так звычайна, прафесійна, скажам так – яшчэ з маладафронтаўскіх часоў – прамацваю настроі людзей. Заводжу размовы, пытаюся: як жывецца, як тут справы, што думаецца пра Лукашэнку і гэтак далей.

І мяне здзівіла, як адна маладая мама, разлічваючыся на запраўцы каля той канторкі, проста на гэтыя размовы абярнулася і сказала: “Слухайце, мы зараз выйдзем на вуліцу. Мы выйдзем на плошчу”.

Я тады падумаў: можа, нейкая змагарка? Але не – звычайны чалавек. Проста чалавек, які загаварыўся. І відаць было: усё настолькі дастала.

Потым наклалася пандэмія. І ўжо ў Гомелі я пачуў на стрымах Сяргея Ціханоўскага – ён недзе бліжэй да сярэдзіны вясны здымаў нас са Змітром Казловым на сустрэчах – што Гомель падкіпае. І гэта было нешта, чаго я раней у Гомелі не адчуваў і не бачыў. Я, праўда, не чакаў, што будзе настолькі магутны выбух, такая магутная хваля. Мне здавалася, што гэта будзе нешта параўнальнае з 1996 годам, з вясной 96-га. Можа быць, сотні людзей выйдуць на вуліцу, можа быць, нешта падобнае да маршаў “дармаедаў”, калі некалькі тысяч збіраліся ў тым жа Гомелі. Але што выйдзе поўная плошча людзей – думаю, тады ніхто не мог сабе ўявіць. Хаця адчуванне, што нешта наспявае, было.

Павел Севярынец і рэлігіязнаўца Віктар Адзіночанка

І далей – 2022 год. Праз Гомельшчыну пайшла расійская армія на Украіну. Фактычна гэта быў адзін з галоўных напрамкаў нападу. І цяпер наш рэгіён, здаецца, у сувязі з гэтымі падзеямі становіцца адным з самых рэпрэсаваных. Паводле праваабаронцаў, тут вельмі шмат палітвязняў, затрыманняў. Многія справы “Беларускага Гаюна” таксама звязаныя з Гомельшчынай.

— Гэта, канешне, быў страшны ўдар. Страшная справа, якую зрабіў Пуцін. Гомельшчыне вельмі цяжка гэта перажываць. Гэта як другі Чарнобыль. Тыя ж самыя шляхі, тыя ж самыя землі – проста вельмі цяжка гэта ўспрымаць. Я нават не ўяўляю… Расказваюць гісторыі, як людзі абураліся, як людзі дапамагалі ўкраінскім ваярам, як людзі перашкаджалі расійскім войскам. На першым этапе вазілі ежу ў Чарнобыльскую зону, збіралі вопратку, рэчы для людзей.

А потым усіх перасаджалі, пачаліся рэпрэсіі. І на гэта проста навочваюцца слёзы. Таму што гэта радзіма. Гэта месца, дзе жылі і жывуць родныя людзі. І таму ўсё гэта ўспрымаецца асабліва балюча. І я думаю, што гэта не зажыве – не зажыве ні пры нас, ні, можа быць, у наступным пакаленні. Гэта застанецца ў гісторыі Беларусі як злачынства. Як вайна. І тут можна толькі зняць капялюш. Ушанаваць памяць тых людзей, якія загінулі з украінскага боку. Тых, хто абараняў Украіну. Тых беларусаў, якія дапамагалі і якія цяпер сядзяць у турмах – і якіх нават Украіна не можа выцягнуць. Гомель – гэта вельмі важны куток Беларусі. Гэта Дняпроўе. Гэта зямля Караткевіча. Таму ў нас і ўсмешка Гервасія Вылівахі з “Ладдзі роспачы” ў сэрцы, у нас рамантыка ў крыві. У нас магутныя дубровы – і гэта вобраз і падабенства.

І беларусы, гомельскія беларусы, перажывуць. Перажылі вайну, перажылі Чарнобыль, перажывём і гэта. Перажывём і Лукашэнку, і пуцінскую вайну. Бо магутная Беларусь – Беларусь Дняпра і Палесся – яна жыве і будзе жыць.

Штодзень

Чытайце таксама

Два касцёлы і адзін архітэктар: чым падобныя Рэчыца і Беласток 

Навошта нам беларуская мова? Прагматызм і патрыятызм

 

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”