Самы малады кандыдат у дэпутаты на Гомельшчыне — камуніст, якому 25 год

by homieldays

У спісе кандыдатаў у дэпутаты па Жлобінскай акрузе – аспірант ГДУ Андрэй Паўленка, які сцвярджае, што ў 2020 годзе моладзь баялася выходзіць на мітынгі ў падтрымку дзейнай улады, бо іх кіраўнікі – не прадзяржаўныя людзі. Дарэчы, менавіта ён летась выступаў на тым самым мітынгу 7 лістапада, дзе ва ўдзельнікаў былі крынжовыя касцюмы ў стылі чырвонаармейцаў. Андрэй Паўленка заявіў тады, што “свята назаўжды застанецца сімвалам павагі да слаўных традыцый і здзяйсненняў старэйшых пакаленняў”.

Пераапранутыя ў крынжовыя касцюмы пенсіянеры і 25-гадовы камуніст у гарнітуры на святкаванні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі

 

Маладога чалавека вельмі любяць улады. Ён двойчы быў узнагароджаны дыпломамі і помным знакам Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля, рашэннем савета спецыяльнага фонду прэзідэнта быў узнагароджаны грашовай прэміяй за перамогу ў студэнцкай алімпіядзе па матэматыцы, напярэдадні 2020 года яму была прызначаная прэзідэнцкая стыпендыя.  Андрэй Паўленка выступаў у конкурсе тэатральнага мастацтва “Залатое сячэнне”, які праводзіўся пад патранажам мінкультуры РФ. Увогуле Расею Андрэй Паўленка, відаць, любіць. Напрыклад, ён удзельнічаў у справаздачна-выбарным З’ездзе Ленінскага Камсамолу РФ, які праходзіў у Маскве. І наколькі ён любіць Расею, настолькі не любіць Захад. Напрыклад, у інтэрвію першаму гарадскому тэлеканалу ён казаў, што “калі вы будзеце калектывам у межах краіны і ў сям’і будзе калектыў, то ніколі нашую краіну не змяце ні Захад, ні іншыя ідэалагічныя праціўнікі.”

Андрэй Паўленка лічыць захад ворагам: “Ніколі нашую краіну не змяце ні Захад, ні іншыя ідэалагічныя праціўнікі.”

 

Увогуле складваецца ўражанне, што Андрэй Паўленка — паўсюль. Ён удзельнічае ў зборы морквы на палях Гомельскага раёна, арганізаванага БРСМ, узначальвае калону раварыстаў гомельскага гарадскога аддзялення Лігі камуністычнай Беларусі 17 верасня. Ён жа з’яўляецца і старшынёй гэтага аддзялення. Ён і на розных праўладных форумах, ён і на тэлебачанні.

Дарэчы, па Жлобінскай акрузе зарэгістравана найбольшая ў Гомельскай вобласці колькасць кандыдатаў: ажно чатыры. Сярод іх — трэнер-выкладчык і член ЛДП Уладзіслаў Вярбіцкі, начальнік аддзела ідэалогіі і член “Белай Русі” Аляксандр Малабіцкі, дырэктар школы №6 у Жлобіне і член “Белай Русі” Аксана Міраеўская і юны камуніст Андрэй Паўленка.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png