Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў пра прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўдарыць у 2022 годзе па Мазырскім НПЗ. “Штодзень” паразмаўляў з выхадцам з Мазыра Яўгенам Карпаўцом пра тое, наколькі такія перспектывы былі рэальныя для горада, і як яны там успрымаліся і ўспрымаюцца.
Мазыранін Яўген Карпавец распавядае пра рызыкі ўдару па Мазырскім НПЗ і адасабленне Беларусі ад Расеі
Ці была рэальнай пагроза ўдару па Мазыры
Штодзень: Па словах Зяленскага, Лукашэнка прапанаваў яму ўдарыць па Мазыры ў пачатку вайны. Як ты ўспрымаеш падобныя рэчы як выхадзец з Мазыра? Ці ведаеш нешта пра настроі ў горадзе? Ці абмяркоўваюць альбо абмяркоўвалі такія пагрозы?
— Лукашэнка адмаўляецца ад сваіх прапаноў, але Зяленскі гаворыць, што гэта адбывалася і такія прапановы з боку Лукашэнкі былі. Я лічу, што патрэбна ў гэтым пытанні трошкі разабрацца, хто зацікаўлены ўвогуле ў гэтым. На мой погляд, гэта Лукашэнка, таму што гэта справакавала б Расію на нейкія далейшыя дзеянні і гэта справакавала з другога боку новую хвалю вайны.
Украінскі бок у гэтым удары ўвогуле не быў зацікаўлены, таму што, як я кажу, гэта бы справакавала Расію на дзеянні з боку Беларусі. Але, магчыма, гэтая прапанова ад Лукашэнкі была нейкім такім сігналам, нейкай ідэяй на далейшыя дзеянні, што можа зрабіць ўвогуле Украіна для таго, каб перамагчы Расею.
“Не вайне!”
Як ты думаеш, якія рызыкі ў Мазыра ў сённяшняй сітуацыі? У вас там НПЗ, ці можа ён стаць ваеннай мэтай для ўкранскага войска?
— Калі я быў у пачатку вайны ва Украіне, і нада мной ляталі вайсковыя гэтыя самалёты, я дакладна ў гэтыя часы пазваніў да сваячкі ў Гомель, і яна мне сказала: “Гэта ўсё правакацыя Расіі”. Гэта правакацыя, якая была ва Украіне, у Беларусі, у Казахстане. Але гэта была не проста правакацыя, гэта была насамрэч вайна.
Настроі ў Мазыры на той час, у пачатку вайны былі супраць вайны. “Не вайне!” – гэты мэсэдж ад простага народу, простых беларусаў, ён ішоў з вуснаў у кожнага жыхара горада. Думаю, што з плакатамі маглі стаяць мае сваякі і знаёмыя. Тое, што яны ўжо на той момант бачылі, тую ж вайсковую тэхніку, – гэта вельмі хвалявала людзей, яны баяліся. Наколькі памятаю, у пачатку вайны я чытаў, што абломкі расійскіх ракет выпадкова патрапілі ў якуюсь жыллёвую частку Мазыра, не вайсковы нейкі аб’ект. Пра гэта не пісалі дзяржаўныя СМІ, але я чуў.
Пагрозы абмяркоўваць і абмяркоўвалі, але толькі на кухні і толькі ў сваёй сям’і пра гэта можна распавядаць.
Абмеркаваць гэта ў якойсьці, не ведаю, прафесійнай ўстанове, установе адукацыі, гэта немагчыма, таму што кожны чалавек, ён можа цябе здаць, сказаць, што ты супраць Лукашэнкі, што ты супраць так званай саюзнай дзяржавы.
У свой час ад свайго імя “ВКонтакте” пісаў каментары ў акаўнце раёнкі “Жыццё Палессе”, у тым ліку наконт Мазырскага НПЗ. Пад допісам пра завод я напісаў: “Калі ласка, ўзмацніце так званае СПА. Вось, што вам патрэбна зрабіць”. І літаральна праз два тыдні я бачу, што Зяленскі піша, пра прапанову Лукашэнкі нанесці ўдар па Мазырскім НПЗ. Цікава, вельмі цікава. І, на жаль, я лічу, што рызыкі гэтага ўдару яны ёсць, па сённяшні момант яны захоўваюцца. І гэта нават можа нейкім выпадковым чынам адбыцца. І расійскі бок можа гэта зрабіць з мэтай правакацыі. І, на жаль, нічога добрага ў сувязі з гэтым не будзе.
Адасабіць тэрыторыю Беларусі ад Расеі
Памятаю, што ты сустрэў пачатак вайны ва Украіне, якія ўспаміны ў цябе засталіся з таго часу? Што б ты сказаў украінцам і беларусам цяпер праз чатыры гады?
— Пачатак вайны – гэта невыносны такі пах, гэта смурод, які зыходзіў ад аэрадрому “Гастомель” пад Кіевам. Ад гэтага часу ўспаміны пра вайсковыя самалёты, якія лятаюць над галавой, і нічога не можна зрабіць. І такое адчуванне, што вось проста табе на галаву можа ўпасці бомба. Хаця ты ж мірны жыхар.
І што б я сказаў беларусам і ўкраінцам праз чатыры гады? Я хачу сказаць, што тое, што адбылося ў 2022-м ва Украіне, – гэта спроба нас падзяліць, спроба захапіць нас паасобку. І можна сказаць, што ў гэтай справе Расія перамагае ў гэтым. Але так быць не павінна. І перамога Украіны – гэта адзін з першых крокаў, каб мы ў першую чаргу адасобіліся ад Расеі.
А ўкраінцам і беларусам я скажу толькі адно, што мы разам, мы павінны быць разам. І ў нас агульны шлях, у нас агульныя мэты, і галоўная мэта – гэта адасабіць тэрыторыю Беларусі і тэрыторыю Украіны ад Расеі. І Зяленскі сказаў тое, пра што я казаў яшчэ ў 20-м годзе. Каб у 20-м годзе падтрымалі беларускую рэвалюцыю, нічога такога ў 2022-м годзе не адбылося з Украінай. Гэта тое, што што на самой справе важна.