Навіны горада

Рускі дом у Гомелі пераманьвае беларускіх абітурыентаў

Прадстаўніцтва “Россупрацоўніцтва” прапагандуе вышэйшую адукацыю ў Расеі для беларускіх навучэнцаў. На старонках сацыяльных сетак Рускага дома ў Гомелі сістэматычна размяшчаецца інфармацыя пра бясплатнае навучанне для беларускіх абітурыентаў у Расеі. А таксама публікуюцца розныя гісторыі пра жыхароў Гомеля, якія паступілі па квоце ў расейскія ВНУ.

У 2023 годзе колькасць квот у Расеі для замежных студэнтаў павялічылася да 30 тысяч. Сярод іх асобная ўвага расейскіх рэкруцёраў ад адукацыі надаецца беларусам, якія праз сетку рэгіянальных сайтаў і паблікаў “рускіх дамоў” актыўна агітуюць беларускіх абітурыентаў за паступленне ў ВНУ РФ.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: http://www.gsu.by/ru/faculty-of-psychology-and-pedagogics

 

Даследчыкі дзейнасці “рускіх дамоў” на постсавецкай прасторы звяртаюць увагу на тое, што сапраўдныя мэты такіх структур далёкія ад высакародных матываў сяброўства і падтрымкі юных талентаў. Яшчэ ўвосень мінулага году Украінскі інстытут выпусціў даследаванне пра дзейнасць Рускіх дамоў пад назвай “Россупрацоўніцтва: нясцерпная жорсткасць “мяккай сілы”.

У даследаванні тлумачыцца, чаму ўсе прадстаўніцтвы “Россупрацоўніцтва” не з’яўляюцца сапраўднай культурнай дыпламатыяй і не маюць на мэце сапраўднае наладжванне культурных сувязяў. Паводле загадчыцы інфармацыйна-аналітычнага аддзелу Украінскага інстытута Надзеі Коваль, “Тыя інстытуцыі, якія ў Расеі адказваюць за культурную і публічную дыпламатыю, то бок за  пашырэнне прываблівасці расійскай культуры ў свеце, працуюць не тымі метадамі і не з тымі мэтамі, з якімі працуюць, напрыклад, аналагічныя заходнія інстытуцыі. Для расейскіх прадтаўніцтваў характэрная поўная інстытуцыйная ўпісанасць ва ўладную структуру і абсалютна поўнае фінансаванне з федэральнага бюджэту. То бок няма ніякай аўтаноміі.

Штодзень