Русіфікатар з аблвыканкаму

Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Наша Мова” атрымалі абуральны адказ з “Гарадзейскага цукровага камбінату”, з якога вынікае, што прадукцыя пад беларускамоўным брэндам “Літвінскі” больш выпускацца не будзе. Стыль, у якім вытрыманы ліст, нават на фоне цяперашняга, не самага спрыяльнага для беларускай мовы часу, выглядае выклікам для беларускага грамадства.

У лісце за подпісам намесніка гендырэктара па камерцыйнай дзейнасці А. Бацкеля ў хамскіх інтанацыях паведамляецца, што прадпрыемства “не плануе павялічваць колькасць этыкетак ці ўпаковак прадукцыі на беларускай мове, таму што ўся прадукцыя прадаецца і без выкарыстання мовы”. Адпаведна, як пішуць беларусафобы з цукразаводу ў афіцыйным адказе, “сэнсу штосьці мяняць і павялічваць выдаткі няма”. Таксама кіраўніцтва камбінату, нібыта ў захапленні ад сваёй беспакаранасці, працягвае: “Наша прадпрыемства не плануе дадаваць інфармацыю на пакунках вагой 1 кг на беларускай мове”. І, у якасці здзеку, аўтары адпіскі прапаноўваюць звярнуцца актывістам у вышэйстаячыя арганізацыі ці суд.

“Штодзень” не паленаваўся і зайшоў на старонку прадпрыемства ў сеціве. І ў нас з’явілася здагадка, чаму з палічак беларускіх крам раптам знік папулярны брэнд “Літвінскі”, які калісьці выпускаўся ў Гарадзеі. Апроч гэтага, стала зразумела, адкуль у нейкага намесніка дырэктара такая фанабэрыя ў дачыненні да спажыўцоў. Справа ў тым, што ў пачатку 2022 года гэтае прадпрыемства ўзначаліў экс-старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей. Былы чыноўнік, хоць яго і панізілі ў пасадзе, на свае замашкі рэгіянальнага правадыра, відаць, не забыўся. Таму і дазваляе сабе такія выпады на адрас грамадзян. Ці, прынамсі, патурае некаторым сваім падначаленым, якія беларускі хлеб есці любяць, а мову народа, які іх корміць, не паважаюць.

 

Зазначым ад сябе, што Генадзь Салавей у памяці гомельцаў нічым добрым асабліва не адзначыўся. Яго запомнілі толькі праз узвядзенне недарэчнага 60-метровага флагштоку на галоўнай плошчы і тым, што ён “абедаў з камбайнёрамі ў полі”. А цяпер да такой не надта слаўнай біяграфіі, відаць, дадасца пункт пра ягоную нелюбоў да беларускай мовы, на якой, дарэчы, у ягонай роднай вёсцы Тупалы Наваградскага раёна яшчэ якіх гадоў 50 таму размаўлялі ўсе карэнныя жыхары.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць