Прыйшоў час на “зарапад”

Жнівень – добры час, каб назіраць за зоркамі і тым, як яны падаюць. Хоць насамрэч падаюць зусім не зоркі… за ўсе чароўныя з’явы на небе адказны Метэорны паток Персеіды.

Гэта адзін з самых вядомых і інтэнсіўных метэорных патокаў. Персеіды актыўныя з 17 ліпеня па 24 жніўня, але іх пік дасягаецца ноччу з 12 на 13 жніўня, калі зможам пабачыць да 100 і нават больш метэораў на гадзіну.

 

Метэорны паток Персеіды – гэта пылавыя часцінкі каметы Свіфта-Тутля. Кожны год, летам, наша планета Зямля праходзіць праз касмічную прастору з роем часцінак каметнага рэчыва. Гэтыя часцінкі рассякаюць атмасферу планеты, згараючы ў ёй, а зямляне бачаць яркія ўспышкі “зарападу”. Афіцыйным першаадкрывальнікам Персеід лічыцца бельгіец Адольф Кетле – матэматык, астраном, метэаролаг, сацыёлаг, адзін з родапачынальнікаў навуковай статыстыкі. Ён публічна прыцягнуў увагу да гэтай з’явы ў жніўні 1835 года. Аднак пра існаванне Персеід ведалі яшчэ старажытныя кітайцы.

Не менш цікавая і сама камета Свіфта-Тутля. Яна набліжаецца да Зямлі раз на 135 год, але яе хвост наша планета праходзіць кожны год.

Камета Свіфта-Тутля была адкрыта ў 1862 годзе. Апошні раз зямляне бачылі яе ў 1992 годзе. У 2126 годзе камета наблізіцца да нашай планеты на 23 мільёны кіламетраў, а ў 4479 годзе – на 4,5 мільёнаў кіламетраў. Таму нашых далёкіх нашчадкаў чакаюць маляўнічыя відовішчы.

Персеіды ў некаторых рэлігійных традыцыях называюць “слязьмі святога Лаўрэнція”. Святы Лаўрэнцій – гэта адзін з самых вядомых хрысціянскіх мучанікаў, які быў пакараны смерцю 10 жніўня 258 года н. э. падчас ганенняў на хрысціян. Нібыта Лаўрэнція жыўцом засмажылі на рашотцы, таму пазнаць яго проста – звычайна ў адной руцэ ён і трымае тую рашотку, у другой – пальмавую галіну як сімвал пакутніцтва. Святы Лаўрэнцій – апякун бедных людзей.

Дарэчы, Гомельшчына – цудоўнае месца для назірання за персеідамі. Галоўнае правіла – выехаць падалей ад гарадскіх агнёў і забруджанага паветра. Канешне, неба павінна быць бясхмарным, і тады не патрэбныя нават тэлескопы. Цудоўныя персеіды будуць заўважныя няўзброеным вокам.

І галоўнае: не забудзьце загадаць жаданне, калі “зорка” падае з неба. Кажуць, абавязкова павінна споўніцца. Яшчэ “зарапад” – ідэальны час на рамантычную сустрэчу, а то і прызнанне ў каханні.

Штодзень

Фота: Віктар Малышчыц.

Слайдар пастоў