У 2025-м на Гомельшчыне зруйнавалі ля 160 000 м2 нежылой нерухомасці

За першае паўгоддзе 2025 года ў Гомельскай вобласці было зруйнавана каля 160 000 м2 нежылой нерухомасці, якая належала камунальным арганізацыям ці прадпрыемствам з долей камунальнай уласнасці ў статутным фондзе. Найлепшага доказу негатыўных для эканомікі наступстваў дамінавання дзяржаўнай формы ўласнасці не знайсці.

 

Фота: www.dreamstime.com

 

Усяго на пачатак года, па словах «Гомельаблмаёмасць», у вобласці мелася каля 400 аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі па прызначэнні.

Толькі 10% з іх атрымалася прадаць ці здаць ў арэнду. 25% былі вернуты ў гаспадарчы абарот прадпрыемства-ўласніка. Стан 65% аб’ектаў быў настолькі кепскі, што давялося іх зносіць. За паўгода ў Гомельскім, Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнах выкананы гадавы план зносу непрыгодных будынкаў (само існаванне такога плану прымушае задумацца).

Пустыя плошчы, якія ніяк не выкарыстоўваюцца, сталі масавай з’явай для беларускіх прадпрыемстваў ужо ў 1990-я гады. Пасля распаду СССР парушыліся гандлёвыя ланцужкі паміж колісь савецкімі краінамі, на рынку з’явіліся тавары з усяго свету. Гэта прывяло да рэзкага скарачэння аб’ёмаў вытворчасці, адпаведна, скарацілася патрэба ў вытворчых плошчах. Калі б была праведзена паўнавартасная прыватызацыя ці продаж фабрык і заводаў замежным інвестарам, новы ўласнік адразу пачаў бы клапаціцца пра непатрэбныя памяшканні. 30 год таму тое, што сёння давялося руйнаваць, можна было б прадаць, здаць у арэнду ці перапрафіляваць.

Дзяржаўныя ж прадпрыемствы, з аднаго боку, не мелі сродкаў на ўтрыманне будынкаў у належным стане (своечасовы рамонт, ацяпленне і г.д.), з другога боку, продаж дзяржаўнай маёмасці доўгі час не ўхваляўся міністэрствамі і адміністрацыямі (савецкія наратывы пра «разбазарванне маёмасці доўга не выходзілі з ужытку). У выніку занядбаныя былыя цэхі, гаспадарчыя забудовы, склады стала немагчыма выкарыстоўваць.

Знос гэтых будынкаў – гэта двойчы безгаспадарчасць. Колісь было затрачана шмат сродкаў на іх узвядзенне. А зараз давялося плаціць за іх знос. І не толькі грашыма, але і нашым здароўем, бо кожны знесены будынак – гэта істотны ўнёсак у руйнаванне экалогіі.

Штодзень

Слайдар пастоў