На Гомель учора абрынуліся моцныя залевы і навальніцы. Вядома пра падтапленні ў раёне Барыкіна, Бочкіна, Інтэрнацыянальнай і аўтавакзала. Жыхары ўспрымалі гэта з гумарам: гэтыя раёны топіць кожны буйны дождж шмат год – але і без парадаў новаму кіраўніку Гомеля не абышлося.
“Дождж дайшоў у Гомель у 10 гадзінаў учора. Прама такі вельмі моцны, не маглі з кінатэатра выйсці”, – напісала Л.Тр.
“Прыгожа, як у Венецыі”, – адрэагаваў на відэа затопленай вуліцы Барыкіна А.Л.
“Я так разумею, што ў пераход можна цяпер толькі заплыць?” – перапытаў Я.
“Ліўнёўка зусім не працуе. Сталыя патопы”, – перакананы В.Т.
Дасталося і новаму кіраўніку горада Руслану Пархамовічу.
“Новы мэр усё выправіць… ён жа архітэктар”, – саркастычна напісаў П. “Ага, усіх у Ветку і Добруш пераселіць”, – дадала А. Х.С. адзначыў, “добрае кіраванне” горадам, а Дз. прапанаваў “мэру” пачысціць ліўнёўку. “Чакайце — і вельмі доўга. Як ён пачаў сваю дзейнасць, нічога добрага не будзе”, – перакананая Л.
“Ліўнёўку зрабіць не можам, затое катоў рэгістраваць трэба. Гэта ж першая неабходнасць, а горад няхай плавае. Можа такім чынам хочуць на ліўнёўку зарабіць?” – пыталася Л.М.
Штодзень неаднаразова пісаў пра хранічную праблему рэгулярных падтапленняў у Гомелі. Тады эксперты называлі некалькі асноўных прычын: састарэлую ліўнёвую каналізацыю і калектары, разлічаныя на іншыя аб’ёмы ападкаў; ушчыльненую забудову і павелічэнне плошчы асфальту і пліткі, праз што вада горш убіраецца ў глебу; недастатковае абслугоўванне і ачыстку водаадводных сістэм; скарачэнне зялёных зонаў, якія маглі б затрымліваць частку вільгаці; а таксама ўсё больш інтэнсіўныя залевы, звязаныя са змяненнем клімату. Чарговы патоп пасля навальніцы паказаў, што гэтыя праблемы застаюцца актуальнымі і сёння.
Прачытаць па тэме можна тут:
Старазапаветны патоп: чаму Гомель рэгулярна затаплівае