Пасля сабак і шыльдаў — петуніі. За што ўзяўся новы кіраўнік Гомеля

Руслан Пархамовіч, які працуе на новай пасадзе кіраўніка Гомеля з траўня, вырашыў ударыць па святому – па петуніях, якія гадамі жахалі і захаплялі і жыхароў Гомеля і турыстаў. Хіба спрабуе ідэяй з азеляненнем перакрыць кампанію па забойству бадзяжных жывёлаў і спробай нарабіць аднолькавыя шыльды для новага “дызайн-кода”.

Што плануецца рабіць

Гомельскія ўлады загаварылі пра неабходнасць пераглядзець існуючыя падыходы да добраўпарадкавання гарадскога асяроддзя ў траўні. Сярод прыярытэтных задач – аднаўленне газонаў (у тым значэнні, у якім яны гэта разумеюць).

“Акрамя таго, плануецца скарэктаваць структуру кветкавых насаджэнняў: перайсці ад пераважнага выкарыстання аднагадовых раслін да збалансаванай схемы высадкі з выкарыстаннем шматгадовых культур”, – паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал.

Добрая ідэя ці не вельмі

Гэтая ідэя знайшла падтрымку ў урбаністаў. Яны звярнулі ўвагу, што шматгадовыя расліны не трэба высаджваць нанова кожны год, з цягам часу яны становяцца толькі прыгажэйшымі і больш натуральнымі, кусты і дрэвы лепш затрымліваюць пыл і часткова зніжаюць узровень гарадскога шуму.

Да таго ж горад атрымлівае больш пастаяннай зеляніны, а не яркі, але кароткачасовы эфект на некалькі месяцаў, у доўгатэрміновай перспектыве такое азеляненне можа абыходзіцца танней, вялікая колькасць зеляніны дапамагае фарміраваць больш камфортнае гарадское асяроддзе.

Але гараджане са скептыцызмам прынялі і гэтую ідэю Пархамовіча.

“Кажучы простай мовай, грошы цяпер будуць «асвойваць» па-іншаму і перанакіроўваць у іншыя кішэні? А як будуць выкарыстоўвацца цяпліцы, у якіх вырошчвалася гэтая незлічоная колькасць аднагадовых кветак — дарэчы, яркіх і прыгожых? Цікава таксама, у якую капеечку гарадскому бюджэту абышліся самі стэлажы? І што цяпер з імі будзе? Метал усё ж такі. Шматгадовыя расліны, каб сапраўды ўпрыгожваць горад, трэба вырошчваць не адзін год. Інакш у маштабных кампазіцыях гэта будзе выглядаць бедна і непрывабна”, – напісала Г.Д.

“Ну, нармальна. Спачатку выкарчаваць усе кусты, потым паставіць недарэчныя этажэркі, цяпер зноў высаджваць тое, што выкарчавалі”, – кажа М.

“Шматгадовыя расліны і па кошце, і па працаёмкасці высадкі, і па доглядзе, асабліва з улікам зімовага перыяду, на парадак даражэйшыя, вам як нікому гэта ведаць) Ды і, як правільна заўважылі, на іх не заробіш, як на аднаразовых штогадовых кампаніях”, – напісаў Г.П.

Але петуніі шмат хто не любіць: просяць прыбраць іх на коле на Кірава і не спалохаць чыноўнікаў з новай ініцыятывай. Ёсць таксама сумневы, ці справяцца гарадскія ўлады з уходам за шматгадовымі раслінамі, “інакш не пражывуць і года”. Але знаходзяцца і тыя, хто абараняе петуніі, кветкі прыгожыя, а тыя, хто супраць іх крытыканы.

Напомнім, што новы стаўленік Лукашэнкі ў Гомелі Руслан Пархамовіч запомніўся гараджанам: забойствам бадзяжных сабак і спробай актывізацыі рэгістрацыі хатніх, а таксама ідэяй стварыць “дызайн-код” горада, простай мовай – зрабіць аднолькавыя шыльды на будынках.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
“Іржавыя” хмызнякі замест каштанаў: як цэнтр Гомеля перастаў быць зялёным

Related posts

У Гомелі ўлады збіраюцца змагацца з “нелегальнымі сцежкамі”

“Сышла эпоха, і дзякуй Богу”: у Піянерскім скверыку ў Гомелі дэмантуюць пластыкавыя “ўпрыгожанні”

“Прыгожа як у Венецыі” і “Новы мэр усё выправіць… ён жа архітэктар”: Гомель затапіла