Напярэдадні так званага Дня народнага адзінства дзяржаўная прапаганда на Гомельшчыне ўсё актыўней рыхтуе аўдыторыю да “правільнага” ўспрымання 17 верасня 1939 года. У ход пайшло ўсё: аўтапрабегі з мінскімі прапагандыстамі, лекцыі на былой польска-савецкай мяжы, конкурсы і нават віктарыны ў раённых выданнях.
8 верасня ў Жыткавіцкім раёне прайшоў прапагандысцкі праект “Символ единства – 2026”, прысвечаны 87-й гадавіне далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Больш за сто чалавек разам з актывістамі праўладнай арганізацыі “Патриоты Беларуси” прыехалі ў аграгарадок Ленін.
Месца абралі невыпадкова. Рака Случ, якая ўпадае ў Прыпяць, у міжваенны перыяд была часткай савецка-польскай мяжы. Менавіта тут арганізатары зладзілі “адкрытую кафедру” — фактычна лекцыю ў палявых умовах. Галоўнымі спікерамі сталі мінскі праўладны палітычны аглядальнік Аляксей Дзермант і Дзмітрый Швайба. Сам аўтапрабег працягнецца пяць дзён і завершыцца 11 верасня ў Верхнядзвінску.
Але аднымі лекцыямі прапагандысты не абмяжоўваюцца. Дзяржаўныя раёнкі пачалі правяраць, ці добра чытачы засвоілі гістарычны матэрыял.
Напрыклад, жлобінская газета “Новы дзень” прапануе адказаць на пытанне: “У складзе якой дзяржавы знаходзілася Заходняя Беларусь у перыяд з 1921 па 1939 год?” Варыянты: Расейская імперыя, Другая Польская Рэспубліка, Германія і Літоўская Рэспубліка. Правільны адказ тут, натуральна, толькі адзін — Другая Рэч Паспалітая.
У выніку за тыдзень да “дзяржаўнага свята” Гомельшчына атрымлівае цэлы набор для ідэалагічнага разагрэву: аўтапрабег, Дзермант у намёце на старой мяжы, “алею адзінства”, конкурсы і віктарыну, дзе нават выпадкова памыліцца з адказам даволі складана. Застаецца толькі дачакацца 17 верасня і праверыць, ці добра электарат вывучыў урок.
Штодзень