Помнікі “эры бетону” ў Гомелі

by ZB

Мінулае стагоддзе пакінула большасці гарадоў, у тым ліку і беларускім, спадчыну ў выглядзе грувасткіх брутальных бетонных будынкаў. Мо на момант пабудовы частка з іх і выглядала трэндава, але з цягам часу такая архітэктура перастала быць візуальна камфортнай.

Што рабіць з шэрай забудовай – цяжкае пытанне. Прасцей за ўсё было б знесці састарэлыя будынкі і ўзвесці новыя. Але такі падыход нельга назваць ні экалагічным, ні эканамічным. Рэнавацыя і актуалізацыя знешняга выгляду “помнікаў эры бетону” – выклік для архітэктараў.

Ці ёсць “складаныя будынкі” ў Гомелі, і што робяць у такіх выпадках гомельскія дойліды, разбіраўся “Штодзень”.

Будынкі, якія колісь былі даволі прыстойнымі, але цяпер іх прыгожымі і сучаснымі ніяк не назавеш, у Гомелі можна знайсці не толькі ў прамзонах, але і ў самым цэнтры горада. Напрыклад, узведзеныя па падобных праектах гмахі па пр. Леніна, 10 і пл. Леніна, 1.

Будынак для “Гіпражыўмаша” паўстае ў 1970-я гады па праекце Сяргея Пеўнага. Фота: gipro.by

Хмарачос у нашы дні. Фота: wikimapia.org

Праект забудовы пл. Леніна, 1981 год (архітэктар Р. Ціхаў). Фота: iggp.by

 

Будынак “Белтэлекам” цяпер. Фота: городгомель.бел

Не цешыць вока і гмах, які належыць ААТ “СтанкаГомель” (вул. Інтэрнацыянальная, 10).

Фота: городгомель.бел

З усяе гэтай забудовы адрамантаваны толькі будынак “Белтэлекаму”. Але архітэктары не сталі ламаць галаву і шукаць нейкіх нетыповых рашэнняў. Навошта штосьці прыдумляць, калі можна проста абшыць усё звонку вентфасадамі? Вентафасады ў Гомелі зараз паўсюль. Імі латаюць старую забудову, “дэкаруюць” новую, абкладваюць частку фасада пры пераводзе асобнай кватэры на першым паверсе з жылога ў камерцыйны фонд. Таннае, пазбаўленае эстэтычнай адметнасці рашэнне робіць будынкі падобнымі адзін да аднаго і не дадае ўтульнасці.

Навошта штосьці прыдумляць, калі можна проста абшыць усё звонку вентфасадамі?

Папулярнасць вентфасадаў у Гомелі, напэўна, тлумачыцца недарагім (у параўнанні з іншымі тэхналогіямі) коштам. Нестандартныя рашэнні, канешне, патрабуюць большых выдаткаў. Але частка сродкаў вернецца ў выглядзе эканоміі пры эксплуатацыі мадэрнізаванай забудовы. Добрым прыкладам можа быць хмарачос у Шанхаі, рэканструяваны галандскім бюро MVRDV.

Будынак узвялі адносна нядаўна, у 1994 годзе. Але праект ад пачатку быў маральна састарэлы. Праз пару дзесяцігоддзяў будынак перасталі эксплуатаваць. Перабудоўваць цалкам яго не сталі. Галоўную ролю ў рэвіталізацыі сыграў новы колер фасада. Дакладней, колеры.

Стракатасць – не толькі элемент дэкору. Колеры падзяляюць будынак на зоны і дапамагаюць наведвальнікам арыентавацца, у які бок ісці.

Некаторыя часткі будынка цалкам змянілі сваё прызначэнне. Ніжняя тэраса, першапачаткова адведзеная пад паркоўку, стала фудкортам і зонай адпачынку.

Каляровая алюмініевая рашотка – высокатэхналагічная рэч. Яна дазволіла павялічыць глыбіню фасада, таму будынак менш награваецца і, адпаведна, спажывае менш энергіі на кандыцыяніраванне.

Колеры і яшчэ адна тэраса месцяцца і на даху будынка.

Улічваючы выдатнае месцазнаходжанне, можна было б зрабіць эксплуатаваным і дах Белтэлекама. На апошнім паверсе магла б месціцца кавярня. З адкрытай пляцоўкі быў бы бачны і Сож, і зялёная зарэчная зона. Каб наведвальнікі не перашкаджалі нармальнай працы арганізацыі, тэарэтычна можна было б дабудаваць звонку асобны шкляны ліфт (добрая турыстычная цікавостка), які б уздымаў на верхатуру без уваходу ў будынак.

Інвестыцыі ў стварэнне прыязнага гарадскога асяроддзя – гэта ўнёсак і ў здароўе насельніцтва (тое, што мы бачым штодня, уплывае на наш псіхалагічны стан), і ў развіццё турыстычнай галіны. Сумна, калі Гомель будзе ўспрымацца як тутэйшымі, так і гасцямі горада як месца, дзе рэй вядуць ніякаватыя вентфасады, а не добрая архітэктура.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png