Больш за 14 тысяч еўра сабралі беларусы на дапамогу TOR BAND

by ZB

Дабрачынны фонд BySOL адсправаздачыўся пра вынікі збору для музыкаў рагачоўскага гурта TOR BAND. Замест запланаваных 9 тыс. еўра беларусы вельмі хутка пералічылі больш за 14 тысяч еўра сем’ям трох выканаўцаў Дзмітрыя ГалавачаЯўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка.“Грошы пойдуць на пагашэнне штрафаў, перадачы ў калонію і на падтрымку сем’яў…”, – пішуць прадстаўнікі фонду.

TOR BAND

Штодзень звярнуўся па каментар да кіраўніка дабрачыннага фонду BySOL Андрэя Стрыжака з нагоды вынікаў збору сродкаў на рэпрэсаваных музыкаў.

Як ацэньваеце вынікі збору сродкаў на TOR BAND?

Безумоўна, сітуацыя з музыкамі TOR BAND жахлівая. Нягледзячы на тое, што кожны дзень у нас ёсць нейкія прысуды і ў нас арыштоўваюць усё новых і новых людзей, гэта хіба адзін з такіх выпадкаў, калі людзей асудзілі за творчасць, далі тэрмін за іх песні! Не за тое, што яны нібыта выходзілі і штосьці там рабілі ці заклікалі да ўяўных беспарадкаў. Тут яўна людзей асудзілі за творчасць. Гэта фактычна творчая цэнзура, прычым музыкам далі шалёныя тэрміны за гэтыя песні. Акрамя таго, людзі ведаюць, што ёсць моцная праблема са здароўем у бубнача. Таму вельмі пільная ўвага грамадства была да судовага працэсу і выраку. Гэтым можна патлумачыць моцны водгук на гэты збор і тое, што такая сума была сабраная. Вельмі актыўна данацілі на музыкаў беларусы з усяго свету. Я ўсцешаны тым, што слова “салідарнасць” па-ранейшаму для людзей нешта значыць, у такой крытычнай сітуацыі беларусы арганізоўваюцца і дапамагаюць адзін аднаму.

Андрэй Стрыжак. Фота: акаўнт героя матэрыяла ў Фэйсбук

Наколькі вылучаецца вынік збору сродкаў для TOR BAND, калі параўнаць з сярэднімі паказнікамі?

Калі глядзець па лічбах, сярэдні збор, які збіраецца на старонцы BySOL, – у межах 3 тысяч еўра. Гэта калі мы не гаворым пра нейкіх больш-менш знакамітых людзей, як, напрыклад, пра Ігара Случака і Аліну Нагорную, якія сабралі 6 тысяч на падтрымку сваёй гісторыі. Таму можна рабіць адпаведныя высновы. Пры сярэдняй падтрымцы ў 2-3 тысячы, максімум у 6 тысяч, на музыкаў беларусы заданацілі больш за 14 тысяч! Пры тым, што суму  мы сабралі дастаткова хутка. TOR BAND – адзін з сімвалаў 2020 года, іх песні сталі гімнамі пратэсту. Гэтым тлумачыццца і жорсткі пераслед, і вынік падтрымкі.

Аўтараў пратэстовых хітоў затрымалі ў кастрычніку 2022 года. У студзені 2023 года стала вядома, што гурт Tor Band прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, і ў дачыненні да яго ўдзельнікаў была заведзеная крымінальная справа. 31 кастрычніка 2023 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў удзельнікаў групы да тэрмінаў ад 7,5 да 9 гадоў калоніі. Таксама кожнаму музыку прысудзілі штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). За час знаходжання ў СІЗА бубнач Яўген Бурло атрымаў 3 групу інваліднасці. Ён мае патрэбу ў аперацыі на тазасцегнавым суставе. У музыкаў таксама канфіскавалі тэхніку і музычныя інструменты.

Штодзень 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png