Афіцыйная назва працы ў Дзмітрыя – кур’ер па заборы біялагічнага матэрыялу. Сябры называць яго жартам буслікам. Насамрэч ён перавозіць эмбрыёнаў для тых сем’яў, якія вырашыліся пайсці на працэдуру экстракарпаральнага апладнення, каб займець доўгачаканых дзяцей. “Штодзень” паразмаўляў з перавозчыкам эмбрыёнаў пра ягоную прафесію.
Штодзень: Ці цікавая ў цябе праца?
Дзмітрый: Праца вельмі цікавая, бо ты вандруеш па розных краінах, сустракаешся з новымі людзьмі. Гэта пастаянны рух, пералёты. Сёння я знаходжуся ў адной краіне, заўтра – у іншай.
Штодзень: Ці ёсць страх, што нешта здарыцца з такім каштоўных грузам? Якія ўвогуле існуюць правілы перавозак эмбрыёнаў?
Дзмітрый: Заўжды прысутнічае нейкая рызыка. Але груз перавозіцца ў спецыялізаваных ёмістасцях, якія важаць прыкладна кілаграмаў 10. Самі эмбрыёны, зразумела, няцяжкія, важаць адмысловыя ёмістасці. Ёсць адмысловыя правілы перавозкі. Напрыклад, кантэйнер мусіць быць заўжды ў вертыкальным становішчы, яго нельга куляць, размахвацца ім. У ёмістасці знаходзяцца азот. Аднак перад палётам яго ў клініцы зліваюць, бо ў самалёт з азотам нельга. У ёмістасці застаюцца пары азоту. Гэтых пароў хапае прыкладна на трое сутак, бо накрыўка ў ёмістасці, дзе перавозяцца эмбрыёны, – шчыльная. Потым груз прывозіш і яго запраўляюць зноў у клініцы. Ёмістасць у багаж не здаецца, бярэцца з сабой як ручная паклажа.
Штодзень: Ці думаў калі-небудзь, што ў цябе будзе такая праца?
Дзмітрый: Ніколі не думаў. Я нават не ведаў, што ёсць такая праца на свеце. Афіцыйна мая работа называецца кур’ер па заборы біялагічнага матэрыялу.
Штодзень: Ці цяжка праходзіць мяжу, калі вязеш эмбрыёны?
Дзмітрый: Няцяжка. З сабой у мяне суправаджальныя дакументы, аналізы з клінік, даверанасць ад людзей, што я магу перавозіць іх біялагічны матэрыял.
Штодзень: А якая рэакцыя сяброў і знаёмых, калі чуюць, кім ты працуеш?
Дзмітрый: Буслікам, які прыносіць дзяцей, мяне называюць. Яшчэ здараецца, што ахова ў метро жартуе. Пытаюць: “Гэта вы свае аналізы везяце ў такім чамадане? Гы-гы-гы”.
Штодзень: Ці адчуваеш нейкую місію, калі перавозіш такі важны груз?
Дзмітрый: Канешне, бо я нясу радасць людзям (смяецца). Папаўняю, можна сказаць, грамадства новымі людзьмі.
Штодзень: Ці падабаецца табе быць кур’ерам эмбрыёнаў?
Дзмітрый: Праца мне падабаецца, але я разумею, што з цягам часу давядзецца шукаць штосьці больш зямное і перспектыўнае.