“Пецярбург у мініяцюры” замест Гомеля. Турцэнтр прапануе імперскі погляд на гісторыю горада

Вежа на карціне А. Ідзкоўскага (1835 г.) яшчэ не мае гадзінніка Крыніца: Вікіпедыя

Гомельскі турыстычны інфармацыйны цэнтр запрашае жыхароў і гасцей горада на бясплатную пешую экскурсію “Спадчына Гомельскай зямлі”. Яна пройдзе 25 верасня а 16:00 — напярэдадні Сусветнага дня турызму.

Скрыншот з праграмы турцэнтра

У праграме — гісторыя сучасных вуліц Савецкай, Білецкага і Пушкіна, гомельскія тракціры ХІХ стагоддзя і неафіцыйныя раёны горада. Але адзін з заяўленых пунктаў асабліва паказальны: экскурсанты мусяць даведацца, “чаму Гомель называюць «Санкт-Пецярбургам у мініяцюры»”. Гомель з яго тысячагадовай гісторыяй, Сожам, радзімічамі, Вялікім княствам Літоўскім, рачным гандлем і ўласнай гарадской традыцыяй прапануюць успрымаць як паменшаную копію былой імперскай сталіцы. Нібыта горад не мае дастаткова сваёй адметнасці — і таму яго трэба абавязкова параўнаць з Пецярбургам, каб зрабіць цікавым для турыста.

Раней “Штодзень” разам з гісторыкам Львом Вінаградаўскім разбіраў падобныя міфы пра Румянцавых і Паскевічаў. Гомель быў значным цэнтрам Пасожжа задоўга да іх, а ў ХІХ стагоддзі рос не дзякуючы адной княжацкай сям’і, а праз выгаднае геаграфічнае становішча, чыгунку, індустрыялізацыю, гандаль і працу саміх гараджан. “Пасля Паскевіча” не значыць “у выніку дзейнасці Паскевіча”, падкрэсліваў гісторык.

Цэнтр, які спачатку існаваў “на паперы”

Дзяржаўную ўстанову “Турыстычны інфармацыйны цэнтр горада Гомеля” адкрылі 1 снежня 2023 года. Тады “Штодзень” звяртаў увагу: сам па сабе інфацэнтр — патрэбная для горада інстытуцыя. Турыстычны інфацэнтр у нармальных умовах мог бы прасоўваць Гомель як самадастатковы беларускі горад: распавядаць пра яго гісторыю, цікавыя месцы, мясцовыя легенды, архітэктуру і людзей, дапамагаць ствараць сучасныя маршруты для гасцей. Але замест гэтага структура, якая мусіла б вучыць бачыць адметнасць Гомеля, пакуль дапамагае насаджаць каланіяльнае ўспрыманне: нібыта горад цікавы толькі як “Пецярбург у мініяцюры” і праз сувязі з расійскай імперыяй. У Гомеля дастаткова ўласнай гісторыі, каб не быць чыёйсьці копіяй.

 

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
Гісторык раскрытыкаваў каланіяльны праект
Разбіраем міфы пра Паскевічаў
У Гомелі на паперы з’явіўся турыстычны інфармацыйны цэнтр

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя