Парася – на стале, а хрэн – на яйку: Вялікдзень на Гомельшчыне

by homieldays

Не толькі чырвонае яйка, але абавязкова і хрэн! Мужчыны ў “галіхве” білі яйкі, а жанчыны – карагодзілі. А яшчэ на свята – абавязкова з абноўкамі. Дазнаемся пра народныя традыцыі Гомельшчыны ў велікодны перыяд.

ЧЫРВОНАЯ СУБОТА І… ПАРАСЯ

На Гомельшчыне апошняя перад Вялікаднем субота называецца Краснай, і непасрэдна прысвячаецца прыгатаванню галоўных велікодных атрыбутаў – фарбаванню яек, выпяканню пірагоў, гатаванню парасяці.

Асвячонае парася было нязменным атрыбутам велікоднага застолля. У рот парасяці ўкладалі яйка.

А вось стравы з рыбы і птушкі не гатаваліся. “У нас к Паске не гатоўляць ні рыбы, ні курэй. Вот за то, што певень заспяваў, не ядзяць”, – распавядала жыхарка вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна Ксенія Купрацэвіч 1909 года нараджэння.

Фота: heritage.gov.by

 

Яшчэ па ўсёй тэрыторыі Усходняга Палесся ў Красную суботу мянялі ўбранне прыдарожных крыжоў. Старыя ручнікі і фартушкі палілі, адпаведна крыж упрыгожвалі новым. У вёсках Лельчыцкага раёна мяняюць “адзенне” каменных крыжоў. У Баравым і Данілевічах іх завуць “каменнымі дзевачкамі”.

ВЯЛІКДЗЕНЬ І… ХРЭН

На Вялікдзень трэба было абавязкова прысутнічаць на Усяночнай у храме. Ды яшчэ быць бадзёрым, не спаць.

Хто на Усяночную ўсю ноч прастаіць у царкве, таму Гасподзь пашле здароўя, і дабра на ўвесь год, і ўдачы.

У народзе верылі, што ў велікодны перыяд можна пазбавіцца ад страшных хвароб. На Гомельшчыне раілі адразаць каўтун менавіта ў Красную суботу або ў велікодную ноч. А вось з мужыком спаць у велікодную ноч нельга! Іначай прыйдуць беды ў сямейнае жыццё і адбудзецца збой у жаночым арганізме.

Фота: facebook.com/vetkamuseum

 

На Гомельшчыне ў тых раёнах, дзе амаль адсутнічаюць традыцыйныя вогнішчы на Купалле, палілі велікодныя вогнішчы. Дзеля ладу ў хаце прыносілі дадому асвячоны на Вялікдзень агонь, то бок прыносілі з царквы запаленыя свечкі. Пасля святочнай службы ўся сям’я сядала за стол, разгаўляліся чырвоным яйцом і асвячонай вадой, маліліся і сядалі за стол есці.

На Гомельшчыне абавязковай велікоднай стравай быў ХРЭН.

Хрэн трэба было з’есці, каб летам не сустрэцца з вужом або гадзюкаю.

У шэрагу раёнаў, да прыкладу, Жыткавіцкім, Нараўлянскім, Кармянскім, старыя жыхары расказвалі, што на Вялікдзень, яшчэ перад сняданнем, ішлі на могілкі, неслі асвячоныя яйкі і пасху, а часам на магілу ў чарачку віна або гарэлкі налівалі. Таксама на могілкі хадзілі ў і іншыя дні велікоднага тыдня, асабліва ў чацвер – Наўскі Вялікдзень або Мяртвых Вяліканне (сустракаюцца і іншыя назвы гэтага дня).

ВАЛАЧОНАЕ І АБНОЎКІ

Занесці валачонае – значыць занесці падарункі. На свята прынятыя ўзаемныя наведванні і віншаванні кумоў і хрэснікаў, бабкі і яе ўнукаў. У складзе валачобнага – традыцыйна яйкі і булка. І важна: хадзілі менавіта не да крэўных сваякоў, а да тых, якія спрычыніліся да хросту, з якімі меліся духоўныя сувязі.

Яшчэ на Вялікдзень была традыцыя атрымаць нешта новае з адзення. Новае сукенка, або туфлі, або ўсё новае для дзяцей. Карацей, абноўкі!

 ЗАБАВЫ І КАРАГОДЫ. ВАЛАЧОБНІЦТВА

 На другі дзень Вялікадня традыцыйна пачыналіся розныя велікодныя забавы. Найперш – качанне і біццё яек, што было заняткам выключна мужчынскім.

 “Раньша, ой гулялі ў біткі, выходзілі на вуліцу, асобенно мужчыны, надзявалі свае сапагі хромавыя, гальхве, рубашкі вышываныя, з паясамі, шапкі – і ідуць гуляць у біткі”, – узгадвала жыхарка вёскі Новая Пуць Брагінскага раёна Анастасія Раманавец, 1932 года нараджэння.

 Яшчэ звычайна гушкаліся на арэлях.

ethno.by

 

Валачобніцтва – неад’емны элемент традыцыйнага беларускага святкавання Вялікадня. Этнографы пішуць, што ў мясцінах з нацыянальна неаднародным жыхарствам беларусаў можна было пазнаць якраз-такі з валачобніцтва. Гурт мужчынаў-валачобнікаў хадзіў ад вёскі да вёскі – спяваў песні, славячы гаспадароў, жадаючы ім спору ва ўсім. У гурце быў пачынальнік-запявала, яму дапамагалі падхватнічкі, і быў механоша, які насіў валачобнае.

Нашы продкі верылі, што прыход валачобнікаў спрыяў багатаму ўраджаю і дабрабыту. Валачобнікам абавязкова давалі падарункі.

Бо як не дасі яечка − здохне авечка, а не дасі грошы − заядуць вошы.

Але на Гомельшчыне валачобніцтва было характэрнае для поўначы рэгіёну, Кармянскага і Рагачоўскага раёнаў. Затое велікодныя традыцыі Усходняга Палесся вылучаюцца багаццем карагодаў, якія пачыналі вадзіць толькі ў другой палове дня. І калі біццё яек – гэта мужчынскі занятак, то карагоды – жаночы. У Буда-Кашалёўскім раёне да Вялікадня прымяркоўваецца карагод “Ваджэнне стралы”. У Гомельскім раёне абрад насіў назву “Сула”. Што цікава, на другі дзень Вялікадня пераважалі карагоды сямейна-любоўнай тэматыкі.

І куды без хрэна! Вадзілі “Хрэна” на другі дзень Паскі.

Ох, хрэн, ты мой хрэн

Яравой, садавой!

Ці не я цібе садзіў,

Ці ні я паліваў?

Садзіў цібе вот,

Паліваў Селівон.

Селівонава жана

Пры дарозе жыла,

Дзеўкам косы часала,

Прыгаварывала:

– Расці, расці, каса,

Да чырвона паяса.

Як ехалі баяры,

Да дзяўчонку паўстрячалі,

Тая дзяўчонка панаравілася.

– Я румяна, румяна,

Я бяляна, бяляна!

І ўхвацілі, павязлі за сабою.

Варта паслухаць, як гучыць аўтэнтычнае выкананне. Да прыкладу, паслухаем запіс, зроблены ў вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Песня “Хадзіла галота” адносіцца да велікодных карагодных. Песню выконвае фальклорна-этнаграфічны гурт “Журавінка.

Ходзіла галота да кругом балота,

Дый крачэ, дый кра(чэ)у-уу!

Ходзіла Манька дый кругом Іванка,

Дый плачэ, дый пла(чэ)у-уу!

Вёска Іванава Слабада здаўна славілася багаццем фальклорнай спадчыны, яшчэ ў 1980-я гады ў вёсцы было шмат носьбітаў спеўных традыцый.

І на развітанне гэта ж самая песня, але ўжо ў пераасэнсаванні рок-гурта Re1ikt (песня ўвайшла ў альбом “Лекавыя травы”).

 

Мова Гомель адмыслова для Штодзень.

Выкарыстаныя матэрыялы: Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т.6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе; Юрась Бушлякоў “Жывая мова”, 2013.

Асобная падзяка даследчыцы, этнографу Ірыне Мазюк за дапамогу.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png