Архіўная знаходка, якая мяняе погляд на гісторыю беларускай пошты

Гомельскі гісторык выявіў у кракаўскім архіве капэрту з выявай аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў Гродна канца XVIII ст.

by ZB

Кожны, хто працуе ў архівах і бібліятэках у пошуках гістарычных дакументаў, ведае, што паралельна са знаходкамі па сваёй асноўнай навуковай тэме заўжды трапляецца мноства цікавых дробных фактаў па абсалютна розных і незвязаных паміж сабой падзеях, але нечым прыцягальных і запамінальных. Такія мілыя для даследчыцкай душы гістарычныя дробязі, якія ў сваю навуковую працу не ўставіш, але і праігнараваць неяк шкада, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу Мова Гомель.

Некалькі тыдняў таму, працуючы ў гістарычных архівах Кракава ў пошуках дакументаў па гісторыі і архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі, найперш Гомельшчыны, мне трапіўся такі цікавы “артэфакт” у архіве Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ўменняў (Archiwum Polskiej Akademii Nauk i Polskiej Akademii Umiejętności; PAU i PAN).

Гэта прыватны ліст, які быў напісаны 14 кастрычніка 1778 г. у Гродна нейкім шляхціцам панам А. Шукевічам і адпраўлены ў Вільню да пана Юзафа Машэўскага, канюшага смаленскага. Артэфакт дастаткова банальны для канца XVIII ст., у змесце ліста нічога цікавага для маіх навуковых тэмаў не выявілася (збольшага там абмяркоўваліся справы лакальнага палітычнага характару), але ўвагу прыцягнуў круглы штэмпель з выявай кароны, паштовага рога і надпісам “Grodno”, які быў змешчаны на вуглу капэрты.


Трэба ўлічыць, што звыклыя для нас штэмпелі з датамі, якімі і сёння на пошце прыпячатваюцца маркі на нашых лістах (гасяцца, каб паўторна не выкарыстоўваліся), шырока распаўсюдзіліся толькі пасля з’яўлення саміх паштовых марак. Гэта значыцца, пасля 1840 г. для Вялікабрытаніі (дата з’яўлення першай паштовай маркі “Чорны пені”) і пасля 1857 г. для Расейскай імперыі, у склад якой у сярэдзіне XIX ст. уваходзіла і Беларусь.

А вось да з’яўлення наклейваемых паштовых марак выкарыстоўваліся іншыя спосабы пазначэння аплаты паштовых паслуг, якія пазнейшыя даследчыкі так і назвалі – “дамарачныя знакі паштовай аплаты”. Да іх адносіліся розныя знакі, у тым ліку спецыяльныя пячаткі, якія наносіліся на капэрты альбо на самі адмыслова складзеныя лісты паведамленняў. У выяўленым у архіве PAU i PAN выпадку мы маем справу з капэртай, у якую ўкладваўся ліст з тэкстам паведамлення, а вугал самой капэрты прапячатаныя такім штэмпелем.

Тут варта адзначыць, што ўвогуле першыя паштовыя штэмпелі з’явіліся ў Англіі ў 1661 г. і вядомы даследчыкам, як “штэмпелі Бішопа”, названыя ад імя іх стваральніка. У далейшым, у сувязі з удасканальваннем паштовай службы Вялікабрытаніі, мяняліся і ўдасканальваліся і выкарыстоўваемыя ёю паштовыя штэмпелі. Даследчык С. Прыгара ў сваёй працы “Русская почта в империи, в Турции, в Китае и почта в Царстве Польском”, выдадзенай у 1941 г. паведамляе, што ў суседняй адносна Рэчы Паспалітай Расейскай імперыі першыя паштовыя штэмпелі былі ўведзены пры рэформе Паштовага ведамства ў 1782 г., іншыя даследчыкі называюць трохі ранейшую дату – 1767 г.

З’яўленне выяўленага гродзенскага штэмпеля павязана з падзеямі часоў праўлення караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764-1795 гг.). У Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., пасля першага падзелу краіны ў 1772 г., актыўна пачалі праводзіцца разнастайныя рэформы, накіраваныя на аздараўленне эканамічнага і палітычнага жыцця краіны – уводзіліся агульнадзяржаўныя меры вагі, даўжыні і аб’ёму, адзінае мыта, паляпшаліся старыя і пракладваліся новыя гандлёвыя шляхі, у тым ліку, напрыклад, пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты, судаходныя Агінскі і Каралеўскі каналы, што злучалі рэкі басейнаў Дняпра і Нёмана, а адпаведна Чорнае і Балтыйскае мора, а таксама шмат іншых. Рэфармаванню падлягала таксама і сістэма паштовай службы Рэчы Паспалітай, адной з праяваў чаго і стаў выяўлены ў кракаўскім архіве штэмпель на капэрце, які з’яўляецца элементам упарадкавання і стандартызацыі дзяржаўнай сістэмы аплаты за паштовыя паслугі.

Знешне выява выглядае як тыповы і звыклы для нас паштовы штэмпель, толькі без даты, але з назвай горада, каралеўскай каронай як пазнакай дзяржаўнай службы і трубой-рогам як сімвалам пошты. Але трэба ўлічваць, што дадзены ліст быў адпраўлены з Гродна ў кастрычніку 1778 г. і гэта, мяркуючы па ўсім, выява аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў не толькі для Гродна, але і для ўсёй Беларусі.

На жаль, не атрымалася высветліць, ці быў падобны штэмпель апублікаваны раней у працах даследчыкаў гісторыі пошты на беларускіх землях, але ў любым выпадку дадзеная знаходка можа быць карыснай для беларускіх і гродзенскіх даследчыкаў, якія займаюцца даследаваннем адпаведнай тэматыкі.

 

Штодзень

Узята з Мова Гомель

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png