Сляпухін пра Дзмітрыя Гарэльку, які памёр у выгнанні: «Добры, чулы, сумленны, адкрыты – гэта ўсё, напэўна, пра Дзіму»

by ZB

Актывіст з Гомеля, палітычны ўцякач Дзмітрый Гарэлька раптоўна памёр у Варшаве. Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у родным горадзе, быў асуджаны і стаў адным з першых, супраць каго спрацавала дзяржаўная прапаганда: яго спрабавалі ачарніць і прадставіць крымінальнікам. «Штодзень» паразмаўляў з ягоным сябрам Валерам Сляпухіным, які ўзяў на сябе камунікацыю з польскімі ўладамі, каб адправіць цела Дзмітрыя дадому, і стасункі з ягонымі бацькамі.


– Распавядзі пра Дзіму, што ты пра яго ведаеш? Чаму ён быў вымушаны быў з’ехаць у Польшчу?

– Так сталася, што першы раз я яго пабачыў на маршы ў Гомелі. Але не ведаў, ні хто ён, ні чым займаўся. Крыху пазней, калі ўжо сустрэліся з ім у Варшаве, ён распавёў пра сябе, што быў дальнабойшчыкам, у Гомелі хадзіў на акцыі, быў пакараны і быў вымушаны з’ехаць праз пагрозу з боку сілавікоў.

Тут, у Варшаве, Дзіма заўсёды прымаў удзел у самых розных мерапрыемствах. У яго быў файны голас, і ён амаль заўсёды спяваў з хорам, які выступаў на акцыях.

Добры, чулы, сумленны, адкрыты – гэта ўсё, напэўна, пра Дзіму. Ён насамрэч, верыў у перамены, у тое, што ён робіць правільна, і справядлівасць ёсць.

 

– Што вядома пра ягоную смерць?

– Ускрыццё ўжо было, але вынікаў яго пакуль няма. Ёсць версія, што прычынай мог стаць тромб, які адарваўся, але гэта толькі версія.

 

– Як адбываецца камунікацыя з уладамі ў Польшчы па пытаннях выдачы цела?

– Ёсць паліцыя, якая дае заключэнне пра факт смерці. Гэтае заключэнне з подпісам пракуратуры яны перадаюць у пасольства Беларусі, такім чынам, паведамляюць бацькам. Павінна быць ускрыццё, робяцца даведкі, паліцыя прымае даведкі, перадае ў пракуратуру. І пракуратура ўжо дае дазвол, каб можна было забраць цела.

У моргу выпісваюць даведку пра смерць, і яна з’яўляецца падставай для вывазу цела і атрымання дакументаў для гэтага. З гэтай даведкай трэба звяртацца і ў банк, і ў ZUS, каб забраць рэшткі сродкаў і дапамогу. І таксама варта звярнуцца ў страхавую кампанію, калі чалавек быў застрахаваны.

Але мы сутыкнуліся з сітуацыяй, што дакументы паліцыяй яшчэ не аформленыя і не перададзеныя ў пракуратуру. З чым гэта звязана, сказаць складана.

 

– Якая трэба дапамога?

– Зараз трэба дапамога ў рэпатрыяцыі цела на радзіму. Каб бацькі маглі развітацца, і Дзіма быў пахаваны на сваёй зямлі. Для гэтага трэба сабраць грошы, якія пакрыюць гэтыя выдаткі. Гэта амаль дзве тысячы еўра.

Мы запусцілі збор на BYSOL. Асобны збор я адкрыў на сябе, ягоныя бацькі мне гэта даверылі. Спадзяюся, што збяром неабходную суму, але, на жаль, пакуль што збор ідзе марудна. На сёння грошаў недастаткова, каб закрыць выдаткі.

 

PL97124010401978001109860344 Valeriy Slepuhin

PayPal: belpolukr@gmail.com @slepv

Па нумары Blik 724468595

Акрамя гэтых рэквізітаў, сродкі на пахаванне Змітра можна пералічыць праз дабрачынны збор на BySOL (перавод з беларускіх і расейскіх банкаўскіх картак небяспечны!).

 

– Чаму важна дапамагаць у такой сітуацыі?

– Мы тут адныя. Мы ў чужой краіне, у эміграцыі. І калі не падтрымліваць адзін аднаго застанёмся сам насам без Радзімы, без сяброў і без магчымасці як што развітацца бацькам. Гэта вельмі складана, балюча. У кожнага павінна быць магчымасць, каб з ім развіталіся.

– Дзе можна будзе развітацца з Дзімам у Варшаве?

– Дакладнага часу і месца пакуль няма, бо не закончаныя працэдуры з уладамі. Але можна будзе памаліцца за яго ў касцёле на плошчы Трох крыжоў у Варшаве, у гэтую нядзелю, 4 жніўня, а 18.00. А пахаваюць яго дома, у Гомелі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png